Вы тут

Зімовая паводка нашым рэкам толькі на карысць


А вось на лёд лепей не выходзіць.

Сёння на большасці рэк захоўваецца ледастаў і ледастаў з палонкамі, а таўшчыня лёду ў асноўным складае 15—28 см. На вадаёмах жа назіраецца суцэльнае ледзяное покрыва таўшчынёй ад 20—30 см, паведамляе Белгідраметцэнтр. Між іншым, сітуацыя даволі хутка мяняецца, бо ў бліжэйшыя дні разбурэнне ледзянога покрыва на рэках будзе працягвацца, а рост узроўняў вады захаваецца, паведаміла карэспандэнту «Звязды» начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марына Нагібіна.


Спецыяліст лічыць, што цяпер выходзіць на лёд сапраўды небяспечна. На рэках лёд па ўсёй шырыні неаднародны, у асобных месцах таўшчыня яго можа вагацца ад 5 да 20 сантыметраў. Ужо сёння адбываецца змяненне структуры лёду, яго пацямненне, а часам і ўзнікненне расколін. Такі лёд сапраўды няўстойлівы, а ў асобных месцах назіраюцца аб'ёмныя палонкі. Марына Нагібіна ўпэўнена, што падобная гідралагічная сітуацыя працягнецца ў нашай краіне як мінімум да канца усёй першай дэкады лютага.

На рэках адбываецца фарміраванне зімовай паводкі, пры гэтым сутачны рост узроўняў вады складае 1—30 см. Вада выйшла на пойму на Нёмане ў вёсцы Беліца і Віліі каля вёскі Сцешыцы. У наступныя дні разбурэнне ледзянога покрыва на рэках будзе працягвацца, рост узроўню вады захаваецца. Вада выйдзе на пойму на рэках Нараў каля вёскі Нямержа і Свіслач каля вёскі Церабуты.

Увогуле спадарыня Нагібіна лічыць, што выхад вады на пойму з'яўляецца спрыяльнай падзеяй для басейнаў нашых рэк. Справа ў тым, што да гэтага часу (асабліва — летам і восенню) у рэчышчах захоўваліся малыя ўзроўні вады.

А вада на поймах узбагачае глебу, пасля чаго на такіх зямельных участках можна чакаць добрага ўраджаю. Паводле слоў спецыяліста, нават прыватнікі, якія маюць свае надзелы ў межах поймаў, сапраўды рады, калі на іх агароды выходзіць вялікая вада.

Між іншым, сапраўды сур'ёзных падтапленняў населенных пунктаў спецыялісты не чакаюць. «Справа ў тым, што воднасць беларускіх рэк на старце зімовага пацяплення была даволі нізкая, таму пагрозы да масавай і аб'ёмнай паводкі на нашай тэрыторыі няма», — упэўнена Марына Нагібіна. А яшчэ яна лічыць, што паступленне чыстай павадкавай вады ў рэкі і вадасховішчы краіны толькі палепшыць экалагічны стан нашай воднай сістэмы.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.