Вы тут

«Інтэграл» паправіў здароўе


Сёння «Інтэграл» — адно з тых прадпрыемстваў, якое апраўдала дзяржаўны грашовы ўклад на мадэрнізацыю вытворчасці. Так лічыць Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, які сустрэўся з працоўным калектывам кампаніі, а таксама падзяліўся поглядам на тое, як мусіць развівацца беларуская вытворчасць, ці варта падтрымліваць стратныя гаспадаркі, і даў свой прагноз, калі ажыве сусветная эканоміка.


Вынікі дапамогі

«Мы бачым, што мадэрнізацыя дала свае вынікі. Прадпрыемства цалкам разлічылася па крэдыце, які быў яму прадастаўлены, а таксама павялічыла аб'ём вытворчасці і выручкі», — кажа ён. Так, аб'ём вытворчасці «Інтэграла» за мінулы год перавысіў паўтара трыльёна беларускіх рублёў, а аб'ём экспарту склаў 83,5 мільёна долараў. Прадпрыемства працуе на знешнія рынкі, не толькі на Расійскую Федэрацыю, але і на Паўднёвую Карэю ды шэраг іншых краін з развітымі тэхналогіямі.

Міхаіл Мясніковіч упэўнены, што дзяржаўная падтрымка ў гэтым выпадку цалкам апраўдалася: «Дзяржава дала «Інтэгралу» магчымасць атрымаць крэдыт у памеры 30 мільёнаў еўра. Гадавы аб'ём выручкі ў два разы большы за яго! Адзінае, былі трохі зменшаны працэнты па крэдыце, бо так склалася фінансавая сістэма, што крэдыты цяпер досыць дарагія, і трэба было дапамагчы прадпрыемству абслужыць яго, з чым яно паспяхова справілася. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што мадэрнізацыяй і тэхнічным пераўзбраеннем трэба займацца пастаянна».

Міхаіл Мясніковіч асобна спыніўся на Дырэктыве №3 «Аб прыярытэтных кірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы», якая, перш за ўсё, скіравана на эканомію, і асабліва — энерганосьбітаў. Нягледзячы на пастаяннае зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, усё ж трэба дабівацца таго, каб энергаспажыванне было ніжэйшым. Але гэты падыход павінен быць апраўданым і разумным.

— 70% беларускага імпарту — гэта прамежкавыя тавары, якія мы набываем, каб пасля апрацаваць і стварыць канчатковую прадукцыю, — патлумачыў спікер. — А з гэтага палова — прамыя энерганосьбіты. Мы набываем у Расійскай Федэрацыі каля 23 мільёнаў тон нафты за год, менш паловы ідзе на ўнутраны рынак у выглядзе нафтапрадуктаў, астатняе экспартуем і на тым зарабляем. Мы можам, вядома, адмовіцца ад 23 мільёнаў тон нафты, а набываць 12, каб знізіць энергаёмістасць, але гэта паўплывае на аб'ём экспартнай выручкі. Бо ў тым ліку за кошт гэтага маем цвёрдую валюту.

Памылкі і здабыткі мадэрнізацыі

Кажучы пра маштабы праведзенай у краіне мадэрнізацыі, старшыня Савета Рэспублікі прывёў прыклад сітуацыі з цэментнымі заводамі. Сёння іх тры, хоць хапіла б і двух. Калі прымаліся рашэнні аб мадэрнізацыі і, фактычна, новым будаўніцтве трох заводаў, тады панаваў моцны дэфіцыт цэменту. Магутнасці двух ледзь хапала, каб забяспечыць патрэбу ўнутранага рынку. А трэці, планавалася, будзе вырабляць прадукцыю на экспарт. У сувязі з падзеннем коштаў на энерганосьбіты эканомікі ўсіх дзяржаў сціснуліся, аб'ёмы спажывання сыравінных рэсурсаў значна знізіліся, патрэба ў працы трэцяга завода знікла.

Але гэта часовая з'ява, упэўнены спікер. «Па даручэнні Прэзідэнта я курырую працу Беларускага аўтамабільнага завода, і праз продаж кар'ернай тэхнікі мы можам упэўніцца, што ўсё ж такі сусветная эканоміка ўжо ажывае», — заявіў Міхаіл Мясніковіч і дадаў, што нядаўна БелАЗ выйграў тэндар і рыхтуецца заключыць кантракт на пастаўку сарака 110-тонных самазвалаў у Інданезію, якая здабывае вугаль і руды металаў.

Таксама ў працэсе падпісання кантракт на пастаўку 70 «БелАЗаў» у Кузбас, што ў Расіі. «Ужо ў студзені гэтага года мы маем кантракты больш чым на сто цяжкаважных кар'ерных машын. А раз з'явіўся попыт на самазвалы, значыць, павялічваецца здабыча вугалю і руды, а ўслед за гэтым вырастуць і аб'ёмы вытворчасці металу і іншых тавараў. Таму можна прагназаваць ажыўленне эканомікі ў найбліжэйшы час», — упэўнены ён.

Спікер даў прагноз і датычна цэн на нафту, якія ў апошні час «пацягнулі» сусветную эканоміку ўніз. На яго думку, цэны такімі нізкімі будуць нядоўга. «Хоць такія магчымасці ёсць у нафтаздабыўных дзяржаў, якія могуць працаваць на нізкіх цэнах — Саудаўскай Аравіі, Ірана, шэрагу іншых краін Персідскага заліва, дзе сабекошт здабычы вельмі нізкі. Што тычыцца кантынентальных дзяржаў або здабычы на шэльфе, то там сабекошт не 30 долараў, а значна вышэйшы. Я думаю, што ў найбліжэйшы час нафтаздабыўныя дзяржавы будуць больш уважліва глядзець на аб'ёмы здабычы, каб у пэўнай ступені праз іх уздзейнічаць на цэнавы фактар», — лічыць сенатар.

Ці трэба падтрымліваць стратныя прадпрыемствы?

Па словах парламентарыя, сёння беларуская эканоміка ў асноўным прадстаўлена буйнатаварнай вытворчасцю, і «ніхто і ніколі не будзе закрываць або драбіць вялікія прадпрыемствы». «Яны сёння канкурэнтаздольныя і могуць за кошт эфекту маштабу канкурыраваць на знешніх рынках. І, вядома ж, дзяржава павінна ствараць камфортныя ўмовы для таго, каб яны развіваліся», — лічыць старшыня верхняй палаты беларускага парламента.

Пры гэтым эканоміка Беларусі мусіць прырастаць новымі навукаёмістымі прадпрыемствамі, якія не вельмі матэрыяла- і энергаёмістыя, але даюць высокую дабаўленую вартасць. У якасці прыкладу спікер прывёў стварэнне лекаў, біяпрэпаратаў, мікраэлектронікі. У той жа час ён прызнае, што ёсць прадпрыемствы, неактуальныя сёння на рынку, і ўтрымліваць іх за кошт тых, што эфектыўна працуюць, сэнсу няма.

«Таму з банкруцтва, эканамічнай неплацежаздольнасці не трэба рабіць трагедыі. Усюды ў свеце ідзе гэты працэс: тое, што аджыло — сыходзіць. Тыя прадпрыемствы, якія выконвалі прымітыўныя аперацыі або жылі за кошт першаснай перапрацоўкі мінеральнай сыравіны — тут яшчэ трэба паглядзець, ці варта іх падтрымліваць. Таму што яны не маюць вялікай перспектывы. Яе маюць тыя, дзе высокая ўдзельная вага дабаўленай вартасці», — сцвярджае Міхаіл Мясніковіч.

З іншага боку, варта падтрымаць тых, хто ўласнымі сіламі стварае вытворчасці. Для падтрымкі такіх ініцыятыў у канцы 2015-га і быў прыняты закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

— Гэты закон не рэйтынгавы, яго прынялі не таму, што ў свеце цяпер робіцца шмат у частцы супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага сектара. Гэта сапраўды заканадаўча замацаваны ўдзел прыватніка ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. І нельга глядзець на яго як на злодзея. Прыватнік таксама працуе ў рамках прававога поля, і сёння часам нават больш эфектыўны за дзяржаўныя прадпрыемствы, — кажа старшыня Савета Рэспублікі.

Прыкладам разумнага выкарыстання магчымасцяў закона і прыцягнення замежнага капіталу можа быць стварэнне індыйскіх прадпрыемстваў у Беларусі. «Сёння мы актыўна працуем з індыйскімі кампаніямі, каб залучыць іх у Беларусь для стварэння вытворчасцяў лекаў. Індыя мае добрыя поспехі як па вытворчасці субстанцый, так і па вытворчасці гатовых лекавых формаў», — расказаў спікер. Па яго словах, у наступныя 2-3 гады ў Беларусі будуць пабудаваны як мінімум тры заводы такога кшталту з удзелам індыйскага капіталу. І толькі ў адным будзе доля беларускай дзяржавы, а ў астатніх — беларуска-індыйскі прыватны капітал.

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».