Вы тут

Рагнеда Юргель: "Дама з кнігай"


Калі апошнія промні сонца адгарэлі на кляновых вершалінах, яна нетаропка адклала кнігу, якая паспела ўжо надакучыць, і з задавальненнем выпрастала плечы. Пачынаўся вечар. Стаяла тая дзівосная пара, калі восень замірае, прыслухоўваючыся да цішыні, а вакол — глыбокая сінь неба і сонечны колер лісця на паркавых дрэвах. У такі час дзень яшчэ захоўвае летняе цяпло, а ноч папярэджвае раннім холадам пра блізкія дажджы.


Але яна не баялася холаду. Ён ужо даўно паспеў стаць яе заўсёдным і звыклым спадарожнікам. Яна какетліва паправіла мяккі капялюшык з пер'ем за шырокай стужкай, абтрэсла ад выпадковых парушынак доўгую сукенку і паднялася з пазелянелай паркавай лаўкі. Спачатку яе крокі былі павольнымі, нерашучымі, аднак хутка анямелае цела зноў стала паслухмяным і гнуткім.

Пакуль цемра канчаткова не схавала горад, яна рушыла ў глыбіню парку. Цяпер яго дарожкамі праходзілі толькі закаханыя, занадта занятыя, каб заўважаць нешта яшчэ. Толькі прыпознены пенсіянер некалькі імгненняў узіраўся ў самотную дзявочую фігурку ля возера, што быццам баялася падысці бліжэй да вады.

Яна і сапраўды адчувала незразумелы страх перад гэтай люстраной паверхняй. Унутры жыло прадчуванне, што вада ніколі не здолее вытрымаць яе, ды і зямля на дне занадта мяккая і сквапная — праглыне за дзень. Ну, магчыма, за два.

Аднак лебедзі добра ведалі яе слабасць і таму падплывалі да самага берага, прыгожа выгінаючы доўгія шыі.

Ноч падкралася незаўважна, цемру разбілі плямы ліхтароў. Можна было выходзіць у горад, але яна яшчэ нейкі час палюбавалася на спакойнае люстра возера — час прывучыў яе не спяшацца.

Паркавая алея вывела на шырокую вуліцу. Там пакуль рухаліся людзі і аўтамабілі. На яе азіраліся — позіркі былі альбо цікаўнымі, альбо насмешлівымі.

Дзве плошчы, бібліятэку і гарадскую бальніцу яна мінула адразу — цэнтр ніколі не вабіў яе сваёй мітуслівасцю, рэзкімі гукамі, каляровымі агнямі. Іншая справа — ускраіны. Нават гэты правінцыяльны горад рос і змяняўся з неверагоднай хуткасцю. З'яўляліся будынкі са шкла і бетону, болела машын на вуліцах... Яна памятала гэты горад не такім, і вярталася туды, дзе яшчэ стаялі аднапавярховыя дамкі і дрэвы прыветна цягнулі галіны над парканамі.

Яна павольна крочыла адной з такіх ціхіх вулачак, калі рэзкі свет фар і злосны гудок прымусілі яе адскочыць на ўзбочыну. Кіроўца крыкнуў у прыадчыненае акно нешта рэзкае, абразлівае, і яна доўга супакойвала дыханне, намагаючыся зразумець яго словы. За апошнія тры гады яна нядрэнна навучылася перакладаць самыя розныя выказванні. Некаторыя з іх здаваліся смешнымі, некаторыя — бессэнсоўнымі, і яна паспачувала людзям, што кожны дзень вымушаны былі іх казаць і ўхіляцца ад грукатлівых жалезных пачвар.

Наогул, ноч была самая звычайная. Праўда, у адным завулку ёй сустрэлася нецвярозая кампанія, але, пабачыўшы, што далонь незнаёмкі з лёгкасцю пакідае след нават на ліхтарным слупе, прыціхлыя гулякі не асмеліліся яе затрымліваць. Яшчэ на адной вуліцы ёй параілі не бадзяцца пад вокнамі, а за наступным паваротам нагнала жартаўлівае запрашэнне выпіць піўка.

Ноч пераваліла за сярэдзіну, калі за яе спінаю нехта прамовіў:

— Вы не баіцеся хадзіць так позна?

— Не, — яна азірнулася. Хлопец з цікаўнасцю разглядаў яе, паклаўшы рукі на весніцы.

— Вы не заблукалі? Дарэчы, у вас такі незвычайны выгляд...

Яна на імгненне збянтэжылася, але адказ быў даўно прыдуманы і адрэпетаваны:

— Усё добра, я вяртаюся з тэатральнай вечарыны.

Малады чалавек нечакана ўсміхнуўся:

— Ведаеце, вам нават да твару гэты капялюшык са стужкай і доўгая сукенка. Вы нібы з казкі прыйшлі.

А потым была размова ні пра што і пра ўсё. Ён назваў сябе, яна таксама паспешліва адшукала ў памяці адно з жаночых імёнаў, што выпадкова чула на вуліцах. Хлопец не спяшаўся вяртацца ў дом, а яна забылася, што хацела выйсці за горад. Калі з'явілася тонкая шэрая палоска на ўсходзе, ніхто не заўважыў...

Сонца ўжо выпусціла першыя промні, калі наперадзе паказаўся парк. У гэты час горад зусім апусцелы, і таму яна бегла, не разбіраючы дарогі. Ранішні туман усцілаў зямлю, глушыў таропкія крокі. Ёй ніколі не даводзілася так позна затрымлівацца. Вось і нязменная лаўка. Адсырэлая кніга. Яна, не гледзячы, разгарнула шэрыя старонкі, на якіх, зрэшты, не было ніводнага надпісу. Думкі нязвыкла мітусіліся ў галаве: «Цікава, гэты хлопец забудзецца, што сустрэў мяне ноччу? Звычайна яны ўсе забываюць». Новы дзень не дазваляе ёй заставацца ў чалавечай памяці. Шкада: гэты чалавек аказаўся цікавым суразмоўцам, што было рэдкасцю ў яе доўгім жыцці.

Світанне разгаралася, і адначасова набіраў сілу першы восеньскі марозік. Аднак яна не адчувала яго. Іншы, асаблівы холад пачынаў пакрысе скоўваць яе цела, і, калі сонечныя промні вызалацілі парадзелую кляновую вершаліну, яна яшчэ паспела падумаць: «Сёння ў горадзе свята. Абавязкова трэба схадзіць на тую вуліцу... Ён нават кагосьці мне нагадвае... Заўтра... калі... сонца...»

***

У другой палове дня гулянне перамясцілася ў парк. Дзеці бегалі па алеях, збіралі букеты з лісця, кідалі іх у сіняе, звонкае ад павуцінак неба. Дарослыя з асалодай дыхалі прахалодным паветрам, прагульваліся ля возера ці адпачывалі на лаўках.

— Ану, Наташа, сфатаграфуй мяне ля нашай «Дамы з кнігай»! — немалады таўставаты мужчына працягнуў жонцы фотаапарат, а сам са смехам абняў за плечы худзенькую дзяўчыну ў старамодным капелюшы і доўгай сукенцы з карункавымі рукавамі.

Дзяўчына сядзела на краечку лаўкі, крыху схіліўшы галаву, і чытала кнігу. Ёй не было справы да таго, што дзеецца навокал. Бронзавыя скульптуры надзвычай абыякавыя да ўсяго.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.