Вы тут

У майстэрні мастака дзіцячай кнігі


Маленькі пакойчык нагадвае пячору з цудамі: у шафе кнігі, з паліцы выглядвае гіпсавая галава, а спакуса памацаць садавіну ў невялічкім кошыку (сапраўдная ці не?) становіцца неадольнай. Сярод усяго гэтага — лінейкі, стос папер з табліцамі і павелічальнае шкло. Для кніжнага графіка яны такія ж важныя, як аловак і фарбы.


— Для мяне кожная новая кніга пачынаецца з таго, што выдавецтва задае фармат і агаворвае пэўную колькасць ілюстрацый, — мастак кнігі і адначасова выкладчыца Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка Галіна ХІНКА-ЯНУШКЕВІЧ расказвае, як з'яўляюцца дзіцячыя «чытанкі-маляванкі». — Я перачытваю тэкст, раблю пазнакі, дзе і якую ілюстрацыю трэба паставіць. Потым на аркушы чарчу будучы памер малюнка, своеасаблівую «рамку».

— Вашай рукой зроблены ілюстрацыі больш чым да сотні кніжак...

— Каб не засумаваць і не страціць нейкую вастрыню, стараюся кожную аздабляць у новай тэхніцы. Часцей за ўсё працую з дзіцячымі вершамі, але, здараецца, трапляе і дарослая паэзія. Бывае і проза. Стараюся адчуць кожны твор, тады аўтар сам падштурхне сваім стылем да пэўных эксперыментаў, ад гэтага і будзе залежаць выгляд кнігі пасля выхаду з друку. А яшчэ, вядома, уплываюць пажаданні выдавецтва і саміх пісьменнікаў, паэтаў.

— Як пад адной вокладкай ужываюцца мастак і аўтар тэксту?

— Мастак прыдумляе (і часта!) тое, пра што ў вершы не было сказана. Вядома, трэба маляваць па сюжэце, але заўсёды хочацца дадаць сваё. Атрымліваецца, што паэт і мастак уступаюць у сутворчасць. Напрыклад, на літару «П» у чытанцы для дзяцей аўтар прапануе слова «пяро». А ёсць жа яшчэ і «пень», «пэндзаль», «пчолы». Чаму б не падштурхнуць дзіцячую свядомасць, не намаляваць чалавечка ў паласатым Пчаліным світары, з Пэндзлем у руках, які стаіць побач з Пнём, а недзе побач лётаюць яшчэ і Птушкі? Атрымліваецца такі вельмі прыдатны да разваг ланцужок, які дзіця можа прадоўжыць.

— Як яшчэ можна спалучаць карыснае і прыгожае?

— Можна зрабіць «камп'ютарную» паперу з палосачкамі ці ромбікамі, а потым выразаць патрэбную форму, наклеіць і дамаляваць астатняе акварэллю. Нашы дзеці жывуць ужо ў крышачку іншым свеце, звычайны малюнак алоўкам ім будзе не такі цікавы. Калі вакол электроніка, кліпы, рэклама, трэба падладжвацца пад дзіцячы свет. Безумоўна, можна намаляваць аблокі, як з фотаздымка. Дзіця паглядзіць, магчыма, скажа: «Гэта прыгожа». А вось калі гэтыя аблокі маюць камп'ютарную тэкстуру, з дамаляванымі дажджынкамі, але пры гэтым цалкам пазнавальныя — тут ужо ў малых павінна спрацаваць фантазія. Дзіця зразумее, што і яно можа стварыць нешта падобнае, паспрабуе і... хто ведае, як зменіцца яго светапогляд?

Дзіцячая кніга павінна быць насычана колерам. Я б нават сказала, што не баюся яе перанасыціць, бо першыя кнігі запамінаюцца на ўсё жыццё. Адсюль і павага да дэталяў: ад валошкавых вачэй у сонейка да чарвяка ў яблыку і зярнятак у сланечніку. Асабліва важныя элементы — рукі і вочы — прамалёўваю з павелічальным шклом. Вядома, ёсць розныя стылі, але мне хочацца, каб гэта былі не проста вочы, а позірк, не проста рукі, а жэсты.

— Наколькі важная дакладнасць? Здаецца, дзіцячы малюнак, — ён даволі ўмоўны, стылізаваны...

— Ёсць розныя мастакі, і я знаёмая з многімі добрымі графікамі, якія распрацавалі свой стыль. Мне ж падабаецца маляваць «сумленную натуру». Памятаеце, як у Леанарда да Вінчы? Трэба ўбачыць шкілет, а ўжо потым прыдумляць крылы, калі зразумееш, куды яны мацуюцца. Зразумела, не абавязкова для дзіцячай кніжкі змалёўваць зайца з энцыклапедыі. Але трэба ведаць, з чаго «складаецца» той заяц, каб на гэтай аснове прыдумаць персанажа пазнавальнага знешне, але казачнага, блізкага для дзяцей.

— Чаго стараецеся пазбягаць у малюнках?

— Банальнасцяў і паўтораў. Напрыклад, ілюструем рыбалку. Самае простае — намаляваць лінію берага, вось сядзіць хлопчык, вось вуда, там вада... А можна пайсці іншым шляхам і абысціся без усяго названага. Намаляваць кладку, шчупака, ваду і адлюстраванне ў ёй. Атрымліваецца новая кампазіцыя, без стэрэатыпаў, з якімі мы знаёмімся, бадай, з дзіцячага садка. Пазбавіцца ад іх цяжка, але хочацца, каб потым дзеці ведалі, што сонца было не толькі «на ўсходзе, на захадзе і недзе пасярод». Каб яны мыслілі без абавязковай лініі гарызонту. Кніжны графік нясе новаму, сучаснаму пакаленню абсалютна праўдзівую інфармацыю пра навакольны свет з усёй яго дабрынёй, прыгажосцю. Таму часам сядзіш і ламаеш галаву: як намаляваць маладзік (перамалёваны не адзін дзясятак разоў!), каб не паўтарыцца. Да таго ж не псаваць кнігі паўторамі — гэта весела.

— У вас ёсць любімы персанаж ілюстрацый?

— Вельмі люблю сонца. Можна сказаць, што гэта ўжо «мой» элемент у кнігах.

— Вы вучыце дзяцей у гімназіі. Наколькі творчымі атрымліваюцца іх работы? І ці не спрабавалі рабіць малюнкі для выданняў разам?

— Ідэі падказваю. Магу прыблізна назваць тэму і заахвоціць, каб было весела працаваць і каб яны не капіравалі нешта падгледжанае, а прыдумлялі сваё.

Што тычыцца другога пытання... У вучэбнай праграме ёсць такое заданне. Праўда, кнігу, праілюстраваную дзецьмі, рэдка дзе ўбачыш, — гэта звязана з патрабаваннямі выдавецтваў, хоць мне здаецца, што яна магла быць нічым не горшай, чым працы дарослых мастакоў. З іншага боку, дзіцячыя работы можна аформіць у праект, асабліва, калі і аўтар тэкстаў будзе зацікаўлены. Тут важна яшчэ і тое, што дзеці хочуць, каб іх працу бачылі, а не заўсёды гэта магчыма — малюнкі абразаюць, частка з іх не ідзе ў друк — і гэта цалкам нармальная сітуацыя для ілюстратара.

— Вы выкладаеце, пішаце карціны, робіце ілюстрацыі... А што б яшчэ хацелася зрабіць?

— Апошнія гады вяртаецца захапленне маладосці: хочацца пісаць вершы. Не скажу, што гэтым усур'ёз займаюся, але заўсёды бяру з сабой нататнік, бо вельмі шмат прыходзіць цікавых думак у транспарце. Магчыма, гэта шанц паспрабаваць сябе ў новым кірунку творчасці.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Без лініі гарызонту, або У майстэрні мастака дзіцячай кнігі

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.