Вы тут

...І тчэ забыўшыся рука


Соф'я Аляксееўна Юркевіч жыве ў вёсцы Вулька-Целяханская Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пайшоў ёй 87-ы год. Але і ў такім шаноўным узросце жанчына шчыруе за ткацкім станком, трымае карову, садзіць агарод, на веласіпедзе ездзіць у ягады...

— Без работы я не магу, — прызнаецца бабуля.


Калі пачалася Вялікая Айчынная, Соф'і Аляксееўне было толькі 12.

Жанчыне цяжка ўспамінаць ваенныя ды пасляваенныя гады, замужжа, будоўлю сваёй хаты. З мужам Мікалаем, які таксама родам з Вулькі-Целяханскай, яны выхавалі шасцёра дзяцей: Славу, Юру, Валодзю, Васіля, Таню і Мікалая. Яго, на вялікі жаль, не стала ў 35 гадоў, і для маці гэтая страта дагэтуль застаецца незагойнаю ранай, ад якой яна ратуецца работай.

— Свякроў наша — натура творчая. Без справы ні хвіліны не сядзіць, — расказвае нявестка Галіна, жонка сына Валодзі. — Калі я прыйшла ў гэтую сям'ю, свякроў шмат вязала — і кручком, і пруткамі. Вышывала многа. І ткала. З усіх захапленняў гэта самае любімае. Усім дзецям, унукам, праўнукам яна надарыла столькі сваіх работ, што паліцы ломяцца... Дапамагае нам усім, не забывае пра дні нараджэння — віншуе.

Унукаў у Соф'і Аляксееўны 9, праўнукаў — 11. Калі ў хату стукалася вяселле, то шчодры пасаг ручной работы атрымліваў кожны.

У хаце ў майстрыхі ёсць так званая руская печ, у якой гаспадыня пячэ бліны, пірагі ды іншыя прысмакі на хатнім малацэ. Яна і нас кінулася частаваць сваім свежым печывам, з ахвотай расказвала рэцэпты, але ж з асаблівай пяшчотай гаварыла пра ткацтва. Не танны, дарэчы, занятак: толькі на ніткі бабуля штомесяц аддае каля мільёна рублёў.

Ткаць Соф'ю Аляксееўну навучыла яе матуля Наталля Пятроўна. Праўда, станок, які дастаўся у спадчыну, з часам стаў падводзіць. Тады жанчына папрасіла зрабіць ёй новы, а мясцовы майстар прапанаваў ёй прывезці гатовы — ад сваёй бабулі. З тае пары кросны ў хаце і «прапісаліся».

— Сяду за іх — усе ліхія думкі знікаюць, усе хваробы праходзяць, — кажа майстрыха. — Час не ідзе, а ляціць... Хоць і галавой думаць трэба, каб не збіцца з узорам.

Жанчына расказвае і паказвае, як засноўваецца палатно, якую ролю выконвае ніт, пруткі, бёрда, як прасоўваецца чаўнок, каб атрымліваўся каляровы ўзор...

Прызнаюся, колькі ні сачыла за спрытнымі рукамі майстрыхі, не магла зразумець, як можна ўтрымліваць у галаве ўсе тонкасці гэтага складанага працэсу...

А ў суседнім пакоі, між іншым, швейная машынка.

Але і гэта яшчэ не ўсё.

— Я ж на веласіпедзе ў лес езджу: у грыбы, у журавіны, чарніцы. Нічога, бывае, не набяру, калі не грыбны ці не ягадны год, але ж хоць пагляджу...

Як расказваюць сыны і нявесткі, Соф'я Аляксееўна што надумала — тое і зробіць, за ёй не ўгонішся. Але ж пры гэтым яна імкнецца нікога не пакрыўдзіць, не ствараць іншым клопату, не назаляць. Сена для каровы нарыхтоўваюць сыны з дзецьмі, а даглядае кароўку яна сама.

Нявестак сваіх Соф'я Аляксееўна хваліць, унукаў ды праўнукаў — таксама. Адно яе засмучае — ніхто не праяўляе цікавасці да яе любімага ткацтва. Кажуць — не модны занятак.

А можа, не «дараслі» мы да яго.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.