Вы тут

«Беларусь 5» пакажа папулярныя сусветныя спартыўныя спаборніцтвы


Ужо 20 лютага ў «Раўбічах» распачнецца этап Кубка свету па фрыстайле, які, як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, абавязкова будзе паказаны на тэлеэкранах. Тым, хто не здолее патрапіць на трыбуны, будзе каго падтрымаць і перад тэлевізарам. Напрыклад, таго ж Максіма Гусціка, які перамагаў у акрабатыцы на адным з заключных этапаў 2015 года.


Буйныя вясновыя трансляцыі спартыўны канал распачне паказам чэмпіянату свету па біятлоне, які з 3 па 13 сакавіка пройдзе ў нарвежскім Халменколене. У красавіку «Чыжоўка-Арэна» прыме чэмпіянат свету сярод 18-гадовых хакеістаў у Дывізіёне І. А ў маі ў Санкт-Пецярбургу — планетарнае хакейнае першынство. Паядынкі абодвух турніраў пакажуць па Беларускім тэлебачанні. «Мы збіраемся паказаць усе матчы з удзелам нашай зборнай і плэй-оф у поўным аб'ёме, — кажа Аляксандр Казюкевіч, кіраўнік канала «Беларусь 5». — Плануем, што гульні зборнай Беларусі будуць ісці на галоўным тэлеканале краіны. На другім сфарміруем пакет з паядынкамі расійскай зборнай, што традыцыйна выклікаюць у нашых гледачоў вялікі інтарэс. А на «Беларусь 5» пакажуць астатнія сустрэчы. На мой погляд, мы не маем права не паказаць матч, напрыклад, Канада—ЗША. Безумоўна, у Маскве і Санкт-Пецярбургу будзе працаваць наша група. Таму трэба чакаць у тым ліку эксклюзіў».

Гэтае лета — цуд для футбольных гурманаў. З 10 чэрвеня па 10 ліпеня ў Францыі пройдзе чэмпіянат Еўропы, і «Беларусь 5» пастараецца паказаць усе матчы першынства, агляды. У студыю будуць запрашаць экспертаў. Што цікава, да кантынентальнага турніру на канале ўжо пачалі рыхтавацца. У эфір выйшаў першы з дванаццаці 26-хвілінных дзённікаў «Па дарозе да EURO».

Ну а ў жніўні, з 5-га па 21-га, у Рыа-дэ-Жанейра адбудуцца галоўныя спартыўныя старты года — Алімпійскія гульні, на якіх разыграюць рэкордную колькасць камплектаў узнагарод — 306 медалёў. «Беларусь 5» будзе асвятляць Алімпіяду ў поўным аб'ёме. «Гледачы ўбачаць начныя трансляцыі ў прамым эфіры, — кажа Аляксандр Казюкевіч. — А затым днём у паўторы, калі ў Бразіліі будзе ноч. За выключэннем рэдкіх другіх трансляцый — усё-такі ў жніўні настане пара вырашальных матчаў кваліфікацыі футбольных еўракубкаў. Мяркую, у гэтым выпадку таксама будуць задзейнічаны іншыя каналы нашай кампаніі. Вяшчанне Гульняў кожны дзень будзе пачынацца з 15:00 і працягнецца да шасці гадзін раніцы».

taras@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад фрыстайла да футбола

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».