Вы тут

Раім схадзіць


Юбілей «Калыханкі», шчырыя «Прызнанні» і філасофія старажытнага Егіпта ў палотнах Анатоля Кузняцова – чытайце афішу «Звязды» на выхадныя дні.


Выстава «Калыханке - 35»

Наведвальнікі музея змогуць убачыць казачных сяброў першых гледачоў «Калыханкі» – сабачку Цяву, ваўка Вову, ката Марціна, дзяўчынку Васілінку і хлопчыка Васілька. Любімымі многімі пакаленнямі застаюцца Буслік, сімвал Беларусі, знакаміты Дзед Барадзед, медзведзяня Топа, лісічка Яна і Сплюшык. І гэта далёка не поўны спіс лялькавых герояў, на якіх вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Акрамя лялек, у экспазіцыі можна будзе ўбачыць рэдкія архіўныя фатаграфіі, цікавыя кадры са здымачнай пляцоўкі, калекцыю касцюмаў вядучых. Падчас выставы будзе паказаны відэафільм пра гісторыю «Калыханкі».

Выстава арганізавана Белтэлерадыёкампаніяй і каналам «Беларусь 3». 


Цыркавая праграма «Акадэмія клоунаў»

З 30 студзеня «Белдзяржцырк» прадстаўляе новую цыркавую праграму «Акадэмія клоунаў».

Лепшыя студэнты Акадэміі – гэта не толькі артысты, але і дрэсіраваныя жывёлы: забаўныя тхоры, мядзведзі-спартсмены, пацешныя папугаі, цудоўныя коні – фрызы і выдатнік Акадэміі – слон-цырульнік.


Опера «Іяланта»

Казка Генрыка Герца «Дачка караля Рэнэ» заваявала Пятра Чайкоўскага сваёй лірычнасцю і арыгінальнасцю і стала адным з самых светлых твораў кампазітара. Аднак, не менш чым кранальны сюжэт, кампазітара захапіла і сімволіка п’есы.

У аснове сюжэту – гісторыя юнай Іяланты, дачкі караля. Яна пазбаўлена зроку, але нават не здагадваецца пра гэта і жыве ў сваім уласным свеце. У фінале Іяланта знаходзіць здольнасць бачыць, але, галоўнае, як вядома, бачыш не вачыма.


Інтэрактыўны праект «Прызнанні»

6 лютага а 16-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя і адкрыццё інтэрактыўнага праекта «Прызнанні». Экспанатамі выставы стануць выказванні наведвальнікаў. Праект заснаваны на ўзаемадзеянні, дзе гледачы выконваюць сцэнар мастачкі і робяцца яе суаўтарамі.

Аўтар выставы – Кэндзі Чанг, вядомая сваім інтэрактыўным праектам «Перад тым, як я памру…», які быў паказаны больш чым у 70 краінах свету.

Упершыню выстава «Прызнанні» была прадстаўлена ў 2012 годзе ў Лас-Вегасе. Беларусь жа стане першай з еўрапейскіх краін, якая прыме гэты праект. Сутнасць выставы ў тым, што наведвальнікі ананімна пішуць свае прызнанні на шыльдачках у закрытых кабінах, пасля чаго яны робяцца экспанатамі. «Творам будуць думкі, якія заўжды з вамі, але вы саромеецеся вымавіць іх уголас, або наадварот хочаце зрабіць так, каб іх пачуў кожны», – расказвае пра сваю ідэю Кэндзі Чанг.


Выстава «Фота-малюнкі»

 

«Фота-малюнкі» – выстава маладога мастака з Баранавічаў Яўгена Ціхановіча, якога неаднаразова прызнаваў лепшым модны часопіс Vogue (Italia). І сапраўды: тэхніка, у якой ён стварае свае карціны, – унікальная. Работы спалучаюць у сабе фатаграфіі Яўгена і яго ілюстрацыі, зробленыя ўручную. Фатограф шчодра раскідвае па паперы фарбы, плямы чарніла, дазваляе сабе свабодна гуляцца з колерам на фотаздымку. Тое, што атрымліваецца ў канцы, сапраўды можа здзівіць любога.


Выстава «Даліна фараонаў»

Мастацкая галерэя «Дом карцін» прадстаўляе творчасць беларускага жывапісца Анатоля Кузняцова. Па выніках 2015 года за шматгадовую творчую працу ён быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Менавіта да гэтай падзеі і прымеркавана адкрыццё персанальнай выставы майстра.

Жывапісны егіпецкі цыкл з аднайменнай назвай «Даліна фараонаў» створаны пад уражаннем ад рэальнага наведвання аўтарам старажытнаегіпецкай Даліны цароў. У палотнах Анатоля не ўбачыць знаёмых архітэктурных абрысаў. Замест іх – філасофскія ідэі старажытных культур, зварот да вытокаў чалавечай мудрасці і вечных каштоўнасцяў.


Выстава «Пахі жыцця»

«Пахі жыцця» – новы інтэрактыўны праект галерэі «Дом карцін», створаны разам з парфумернай майстэрняй Улада Ракунова. Тут кожны не толькі адчуе і распазнае той ці іншы пах, але і ўбачыць яго ў наглядным прадстаўленні – на фатаграфіях і інсталяцыях. А паглыбіцца ў чароўны свет пахаў дапаможа і спецыяльна падабраная музыка.

Акрамя звыклых нам пахаў, стваральнікі экспазіцыі абяцаюць парфумерныя захапленні царскай сям’і Раманавых, калекцыю флаконаў духоў за апошнія 250 гадоў, а таксама водары, створаныя для яркіх персон сучаснасці, сярод якіх Уладзімір Пуцін, Мірэй Мацьё, Ларыса Рубальская.

На выставе працуе мабільны парфумерны бар, дзе кожнаму жадаючаму дапамогуць стварыць свой індывідуальны водар.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.