Вы тут

Маладзечна перадалі эстафету культурнай сталіцы 2016 года


Урачыстая цырымонія перадачы эстафеты добрых спраў ад Года моладзі Году культуры ўчора адбылася ў Палацы культуры горада Маладзечна. Кінематаграфісты і тэатралы, бібліятэкары і музейшчыкі, рэстаўратары і архітэктары сабраліся тут, каб павіншаваць маладзечанцаў з такой адметнай місіяй.


У гэты ж дзень адбылася і выязная калегія Міністэрства культуры Беларусі. Падчас яе намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава адзначыла, што рашэнне аб'явіць сёлетні год Годам культуры — знакавая падзея для ўсёй галіны. Гэта давер, які важна апраўдаць. Але тое, як пройдзе гэты год, залежыць і ад іншых ведамстваў, і ад усяго насельніцтва, таму што культуру можна разглядаць у розных аспектах. «Сэнс Года культуры больш шырокі і заключаецца не толькі ў правядзенні культурных мерапрыемстваў, творчых праектаў, — адзначыла Наталля Качанава. — Гэта датычыцца і культуры паводзін, і адносін адно да аднаго, і іншых бакоў жыцця».

Віцэ-прэм'ер звярнула ўвагу і на важнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў у гэтай галіне, на тое, каб маладыя спецыялісты былі зацікаўлены ў працягненні кантрактаў на месцах размеркавання, каб не гублялася пераемнасць з найлепшымі старэйшымі майстрамі сваёй справы. Для гэтага як у рэгіёнах, так і ў сталіцы трэба ствараць адпаведныя ўмовы.

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў звярнуў увагу на цэлы шэраг праблем, якія ёсць у галіне і якія трэба пастарацца вырашыць сёлета. Так, разглядаючы працу музеяў, ён адзначыў, што ім неабходна актывізаваць выставачную дзейнасць. Міністр звярнуў увагу і на адсутнасць дастатковых фондасховішчаў. Але дадаў, што ў гэтым годзе плануецца набыць рэстаўрацыйнае і фондавае абсталяванне і правесці рэстаўрацыю музейных прадметаў.

Барыс Святлоў адзначыў, што летась скарацілася колькасць наведвальнікаў тэатраў. Гэтая праблема, на яго думку, выклікана недастаткова гнуткай рэпертуарнай палітыкай.

Выклікае незадаволенасць у кіраўніка галіны культуры і тое, як працуе нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». «Яны не могуць вызначыцца са сваімі ідэйна-мастацкімі прыярытэтамі, — лічыць Барыс Святлоў. — Многія супрацоўнікі прытрымліваюцца старых поглядаў і зацікаўлены толькі ў тым, каб засвоіць грошы». Таму перад «Беларусьфільмам» пастаўлена задача: у першай палове 2016 года выйсці на бясстратную дзейнасць.

Увогуле, страты пэўнай колькасці чытачоў, гледачоў, слухачоў — гэта, падкрэсліў міністр, пралік на месцах, у кожным канкрэтным выпадку. Нельга дапускаць такія пралікі пры выкананні праграмы «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады.

На думку міністра, у сучасным грамадстве, перанасычаным інфармацыяй, рознымі, часам супрацьлеглымі поглядамі, не хапае цэнзуры, якая існавала ў савецкі час. Хто б мог выконваць яе функцыю сёння? З такой задачай справіліся б прадстаўнікі творчых саюзаў, лічыць ён.

nina@zviazda.by

Фота БЕЛТА.

Загаловак у газеце: Давер, які важна апраўдаць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.