Вы тут

Абстаноўка з нелегальнай міграцыяй — пад кантролем


Насычаная мігрантамі Еўропа паспрабавала працягнуць руку дапамогі, але гэты жэст дабрыні неўзабаве паставіў еўрапейскіх чыноўнікаў у тупік, а нядаўнія масавыя напады на жанчын Германіі толькі больш абвастрылі абстаноўку. Беларусь, як і многія краіны постсавецкай прасторы, гэтая праблема моцна не закранула, аднак апошнія падзеі ў свеце прымушаюць быць напагатове.


— Вы бачыце, што сёння адбываецца ў Еўропе? Некаторыя краіны праз заканадаўчыя меры пачынаюць выціскаць бежанцаў са сваіх тэрыторый, — у Мінску падчас пасяджэння па пытаннях барацьбы з незаконнай міграцыяй Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы звярнуўся да журналістаў Мікалай Бардзюжа, генеральны сакратар АДКБ. — І мы не выключаем, што праз пэўны час патокі гэтых мігрантаў могуць апынуцца ля нашых граніц. Мы павінны быць да гэтага гатовыя.

Мікалай Бардзюжа таксама сказаў, што заканадаўства ў краінах АДКБ будзе мяняцца ў залежнасці ад абстаноўкі. Праўда, пад інтарэсы мігрантаў яно падстройвацца не будзе.

А як з гэтым у нас? Жан Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі, неяк заўважыў, што ў нашай краіне дзейнічае перадавое заканадаўства ў сферы вымушанай міграцыі, але яго таксама можна ўдасканальваць. І некаторыя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца. Так, неўзабаве ў парламенце будуць разглядаць закон, які дазволіць больш дэтальна, глыбока працаваць з замежнікамі.

Сітуацыю, звязаную з незаконнай міграцыяй у нашай краіне, Мікалай Мельчанка, намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, пракаментаваў наступным чынам.

— Абстаноўка з нелегальнай міграцыяй застаецца пад кантролем. Яна такой была, ёсць і будзе. На Беларусь ускладаецца двайная адказнасць: мы мяжуем з краінамі Еўрасаюза, з'яўляемся бар'ерам на шляху незаконных мігрантаў. Рызыка прысутнічае, але мы да яе падрыхтаваныя.

Мікалай Мельчанка таксама адзначыў, што ў агульнай карціне доля сірыйскіх мігрантаў невялічкая, значнай ролі не адыгрывае. Гэта пераважна людзі, якія адаптаваныя да нашых умоў жыцця.

Людзей, безумоўна, хвалюе і тое, каб пад выглядам мірных жыхароў у нашу краіну не патрапілі байцы «Ісламскай дзяржавы», якія ваююць у Сірыі. Аднак, як запэўнілі нас у Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, вядомыя байцы знаходзяцца на кантролі ў нашым КДБ, у памежнікаў. Усе ведамствы паміж сабой узаемадзейнічаюць. І ў Беларусі не выявілі шмат падобных фактыў. Агулам атрымалі некалькі чалавек, што знаходзіліся ў вышуку ў Расіі.

Што да пасяджэння, яго ўдзельнікі абмеркавалі некалькі сумесных аперацый па барацьбе з нелегаламі, а таксама стварэнне сістэмы рэгулярнага абмену інфармацыяй па міграцыйнай абстаноўцы ў краінах АДКБ. Увядзенне падобнай сістэмы мусіць павысіць эфектыўнасць прагназавання рызык і пагроз, звязаных з магчымым павелічэннем бежанцаў.

taras@zviazda.by

Лічбы. Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, з 2014 года павялічылася колькасць затрыманняў арганізаваных груп нелегальных мігрантаў, якія выкарыстоўваюць нашу краіну як транзітную тэрыторыю на шляху ў Еўрасаюз. Пазалетась праваахоўнікі затрымалі 33 нелегалы ў складзе 8 груп. Летась — 21 групу (84 мігранты). Заведзена 81 крымінальная справа. 70 чалавек прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.