Вы тут

Заўтра адкрыецца XXIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


Амаль 300 экспанентаў з 29 краін, дзве сотні мерапрыемстваў, мноства сустрэч з ужо любімымі пісьменнікамі, новыя знаёмствы і нават чаяпіцці са свежай выпечкай — гэта далёка не ўсе цікавосткі, што чакаюць наведвальнікаў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Ганаровым госцем выстаўкі сёлета будзе Рэспубліка Арменія.


Дарэчы, уваход у адміністратыўны павільён па адрасе пр-т Пераможцаў, 14, дзе разгорнецца шырокая экспазіцыя, у дні кірмашу традыцыйна бясплатны. Тут можна будзе і набыць кнігі па выдавецкай цане.

— Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — важны складнік гуманітарнай, сацыяльнай дзейнасці ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва, — зазначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. — Адметна, што менавіта наша мерапрыемства адкрывае міжнародны выставачны каляндар, але разам з тым яно падводзіць вынікі працы айчыннай кнігавыдавецкай галіны за папярэдні год.

Так, Лілія Ананіч распавяла, што 2015 год для нацыянальнага кнігавыдання быў знакавым: рэалізавана многа важных праектаў. Летась у нашай краіне было выдадзена 10203 назвы кніг. Нягледзячы на тэндэнцыю зніжэння цікавасці да кнігі і чытання, у Беларусі колькасць найменняў выдадзеных кніг у параўнанні з 2014 годам знізілася толькі прыкладна на 10 працэнтаў, а сукупны тыраж паменшыўся на 30 працэнтаў. Цікава, што беларускамоўная кніга становіцца больш прадстаўнічай: агульны тыраж кніг на роднай мове летась павялічыўся на 17 працэнтаў.

Адным з самых чаканых мерапрыемстваў, што традыцыйна праводзяцца ў межах Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, з'яўляецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». І ўжо сёння мы ведаем назвы кніг, якія прафесійнае журы назвала найпрыгажэйшымі і найцікавейшымі з ліку выдадзеных летась. Так, у намінацыі «Літ-фармат», дзе прадстаўляюцца літаратурна-мастацкія выданні, перамогу атрымала кніга Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Крэўскага замка: Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім» (Выдавецкі дом «Звязда»). Найлепшым у намінацыі «Залатыя скрыжалі» (даведкавыя і энцыклапедычныя выданні) названы альбом Сяргея Сергачова «Народнае дойлідства Беларусі», што выйшаў у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». У намінацыі «Эўрыка», дзе адзначаюцца навуковыя і навукова-папулярныя выданні, перамагла кніга Аляксандра Вялічкі «Фалерыстыка Беларусі» (выдавецтва «Беларусь»). У намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» (кнігі для дзяцей і падлеткаў) найярчэйшым праектам мінулага года названа серыя кніг выдавецтва «Аверсэв», дзе ў сучаснай, гульнявой форме прадстаўляюцца ўсімі любімыя казкі «Курачка Раба», «Рэпка», «Калабок» і іншыя.

Альбом фотакарэспандэнта «Звязды» Анатоля Клешчука «Карагод беларускіх абрадаў» (выдавецтва «Беларусь») атрымаў перамогу ў намінацыі «Фотапогляд», а найлепшай кнігай па выяўленчым мастацтве названы альбом «Аляксандр Кішчанка. Летапісец ХХ ст.» (выдавецтва «Чатыры чвэрці»). У намінацыі «Падручнік новага стагоддзя» перамог дапаможнік для вучняў трэцяга класа «Кітайская мова», што выйшаў у выдавецтве «Вышэйшая школа». Найлепшым выданнем у намінацыі «Духоўнасць» названы фотаальбом «Дзіўная сімфонія», выдадзены Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыром.

Прызам у спецыяльнай намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» ў Год культуры будзе ўзнагароджана выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» — за вялікі энцыклапедычны праект «Культура Беларусі». У спецыяльнай намінацыі «Перамога» (да 70-годдзя Вялікай Перамогі) найлепшым названы альбом «Запавет нашчадкам» — сумесны праект выдавецтва «Бяловагруп» і паліграфкамбіната імя Якуба Коласа. «Сямейны альбом Усходняга партнёрства» — праект выдавецтва «Рыфтур» — стаў пераможцам у спецыяльнай намінацыі «Садружнасць», а ў намінацыі «У люстэрку часу», дзе адзначаюцца кнігі, выдадзеныя па заказе, перамагла кніга «Брэсцкі чыгуначны вакзал: Паміж Захадам і Усходам» брэсцкага выдавецтва «Паліграфіка».

У персанальнай намінацыі «Майстэрства» найлепшым ілюстратарам кнігі 2015 года названы Юрый Якавенка, найлепшымі дызайнерамі — Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў, а найлепшым фотамастаком — Анатоль Кляшчук.

Найвышэйшая ўзнагарода 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыумф» прысуджана праекту «Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі...», рэалізаванаму ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» да 75-годдзя знакамітага Песняра.

Вось ужо другі раз у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу пройдзе Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі краіны, Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвам «Мастацкая літаратура», Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Удзел у мерапрыемстве, якое ўжо сёння распачынае сваю працу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, бяруць прадстаўнікі пятнаццаці краін свету. Сёлета яго асноўнай тэмай стала пераемнасць пакаленняў у літаратуры, таму адной з цэнтральных падзей сімпозіуму стане семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі. Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч падкрэслівае:

— Такія значныя міжнародныя імпрэзы сведчаць пра тое, што наша літаратура развіваецца, яна цікавая іншым краінам. У гэтым і заключаецца галоўная задача пісьменніцкіх сустрэч. Акрамя практычнага складніка, цікавасць выклікаюць і дыскусіі, дзе пісьменнікі выкладаюць свае грамадскія, сацыяльна-палітычныя пазіцыі, распавядаюць пра сваё стаўленне да развіцця палітычных падзей у свеце. Менавіта на такі абмен думкамі і меркаваннямі скіраваны Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час».

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Кніга як мастацтва

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».