Вы тут

Каб мы так жылі!..


Нездарма людзі кажуць: «Мой дом, мая — крэпасць». Не моцныя замкі на дзвярах перш за ўсё маюцца тут на ўвазе, а ўтульнасць, парадак і чысціня. Не толькі ў кватэрах, але і ў месцах агульнага карыстання.

Да нядаўняга часу жыхары дома 26а, што на вуліцы Гагарына ў Жодзіне, адчувалі сябе не вельмі камфортна. Уваходныя дзверы амаль разламаныя, у пад'езд мог свабодна зайсці чужы чалавек. У тым ліку асобы без пэўнага месца жыхарства. У выніку — размаляваныя, пашарпаныя сцены і кабіна ліфта, непрыемныя пахі...


Стар­шая па пад'­ез­дзе Ан­та­ні­на На­доль­ская.

— Усё, хопіць так жыць, — сказала старшая па пад'ездзе, жыхарка адной з кватэр Антаніна Надольская.

І ў літаральным сэнсе пайшла па кватэрах. Напачатку сабралі грошы на ўстаноўку дамафона і дзвюх відэакамер. У пад'ездзе стала ціха — жыльцы ўздыхнулі спакойна.

Але Антаніна Мікалаеўна, чалавек актыўны і нераўнадушны, на гэтым не спынілася:

— Давайце скінемся яшчэ і на рамонт пад'езда. Дому ж амаль 40 гадоў!

На той час кошт пытання быў — 600 тыс. рублёў з кожнай кватэры. Здавалася б, не такія ўжо і значныя выдаткі. Але ў пад'ездзе жывуць у тым ліку і людзі з невялікім дастаткам, шмат пенсіянераў.

Многія спасылаліся на тое, што кожны месяц плацяць за тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт: няхай, маўляў, камунальнікі і наводзяць парадак. Даводзілася кожнага, хто не згаджаўся, угаворваць, пераконваць.

— Няўжо вам не надакучыла жыць у брудзе, няўжо не хочацца прыгажосці, утульнасці? А хто ж іх створыць, як не мы самі? — зноў і зноў звярталася Антаніна Мікалаеўна да ўладальнікаў кватэр.

Як кажуць, і кропля камень точыць... Тым больш што і камунальнікі пайшлі насустрач жыльцам: уключылі суму ў жыроўку з растэрміноўкай плацяжу на 6 месяцаў.

Неабходныя матэрыялы і фарбу куплялі на свой выбар, па сваім гусце. Ну, а работнікі і спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі па дамове займаліся рамонтам пад наглядам старшай па пад'ездзе. Пафарбавалі сцены, столь, паклалі плітку, замянілі электраправодку.

Але адна справа зрабіць рамонт, іншая — падтрымліваць штодзённы парадак і чысціню. «Ці не так?» — звяртаюся да Антаніны Мікалаеўны.

— Прыбіральшчыца прыходзіць не так часта — па графіку. Цяпер, відаць, адмовімся ад яе паслуг. Жыльцы і самі ў стане вымыць свае лесвічныя пляцоўкі. Гэта танней абыдзецца, — адказвае яна.

Сапраўды, пад'езд не толькі блішчыць чысцінёй. На кожным паверсе — карціны, жывыя кветкі.

— Сваю пляцоўку ўпрыгожваюць самі ўладальнікі кватэр, а іх на адным паверсе — 4. Збіраюцца разам і вырашаюць, што купіць у залежнасці ад магчымасцяў і густаў, — перахоплівае мой погляд Антаніна Надольская.

Тыя, хто не згаджаўся паўдзельнічаць у рамонце долевым спосабам, цяпер задаволены канчатковым вынікам.

— Супраць каманды яны бяссільныя, вымушаны падпарадкавацца агульнаму рашэнню, — лічыць мая суразмоўца. — У перспектыве плануем перарабіць ганак пры ўваходзе ў пад'езд, добраўпарадкаваць дваровую тэрыторыю, зрабіць дзіцячыя пляцоўкі, расшырыць дарогу, уладкаваць стаянку для транспарту, тратуарныя дарожкі.

— Зноў за ўласныя сродкі? — пацікавілася ў Антаніны Мікалаеўны.

— Пакуль думаем. Калі мэр горада і дырэктар ЖКГ часткова дапамогуць, то будзем ім вельмі ўдзячны.

— Ды і жыхары іншых пад'ездаў павінны далучыцца да ўладкавання тэрыторыі пры доме. Яна ж агульная для ўсіх, тут яны пакідаюць свае машыны, тут гуляюць іх дзеці... Спрабавала з імі гутарыць, але палова не пагаджаецца. Маўляў, дорага, — такі вынік папярэдняй работы. Але ўсё ж спадзяюся, што намечанае зробім.

Як тут не згадаць словы Маленькага прынца з аднайменнай аповесці французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы: «Ёсць такое цвёрдае правіла. Устаў раніцой, памыўся, прывёў сябе ў парадак — і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету». Сапраўды, хто калі не мы самі, навядзе парадак у сваёй кватэры, доме, пад'ездзе, падворку, у сваім горадзе.

Іван ДРОЗД, дырэктар аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі г. Жодзіна:

— У многіх жыхароў пакуль пераважае спажывецкі прынцып: нехта павінен адрамантаваць ім пад'езд, кватэру: мясцовыя ўлады, камунальнікі. Мы імкнёмся знайсці ўзаемаразуменне з кожным жыхаром, «пераламаць» свядомасць: за парадак там, дзе жывеш, павінен адказваць сам. І зрухі ёсць. У гэтым годзе адрамантавалі 117 пад'ездаў за кошт усіх крыніц фінансавання, у тым ліку і з долевым удзелам саміх жыхароў.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Святланы НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.