Вы тут

Выбар маёй сям'і — гэта беларуская какава


Не раз даводзілася чуць ад людзей, якія прыязджаюць у Беларусь, хвалебныя водгукі пра нашы тавары. Напрыклад, госці адзначаюць, што беларускія прадукты больш смачныя, якасныя, натуральныя. А чаму мы маўчым пра тое, што нам падабаецца? Як не абурыцца такой сціпласці? Давайце выпраўляцца.


Пачну з сябе. Выбар маёй сям'і — гэта беларуская какава.

Як журналісту мне давялося пабываць на нашай кандытарскай фабрыцы, дзе пачула, што какава-парашок, які тут вырабляецца, сапраўды натуральны на 99,98%, (у саставе часткова абястлушчаная прэсаваннем какава цёртая). І яшчэ адзін плюсік: не змяшчае цукру. Пазней па тэлевізары ў якойсьці з расійскіх перадач убачыла, што спажыўцы з розных марак парашку выбралі менавіта беларускі. І я вырашыла замяніць «несквікі», якія так любяць мае дзеці, на айчынную какаву.

Паспрабавала зварыць у турцы: на дно насыпала цукар, пару лыжак какавы, заліла кіпнем. Выключыла, як толькі з'явіліся першыя бурбалкі... Пах быў, як у напою з дзяцінства, і смак таксама. Какава добра растае, без камякоў. Кожны раз, калі раблю гэты напой, дзеці радасна бягуць на кухню, бо чуюць водар шакаладных цукерак.

Але нават калі какава-парашок не варыць, а проста заліць гарачым малаком (ці напалову кіпнем, напалову малаком), атрымліваецца смачны напой з шакаладным водарам. Хочаце разнастайнасці — паспрабуйце дабавіць карыцы.

Какава-парашок можна выкарыстоўваць для прыгатавання шакаладнай глазуры, дабаўляць у цеста для бліноў ці ў запяканкі. Любіце пячэнне — паспрабуйце зрабіць шакаладную начынку (какаву змяшаць з цукрам). Калі вы робіце шакаладны пірог, дзе па рэцэптуры дадаецца распушчаная плітка шакаладу, замяніце яе на 1-2 сталовыя лыжкі какавы. Смак атрымаецца такі ж самы. А вось рэцэпт шакаладных кексаў, прыгатаванне якіх можна даверыць нават дзіцяці. Так, мой сын гатуе гэтыя ласункі хвілін за 20.

Трэба змяшаць 4 сталовыя лыжкі мукі, 4 сталовыя лыжкі цукру, 2 сталовыя лыжкі какава-парашку. Дадаць 2 узбітыя яйкі, 2 сталовыя лыжкі растопленага масла і 1/4 чайнай лыжкі соды. Выпякаць у духоўцы каля 10 хвілін.

А яшчэ з такога парашку можна паспрабаваць зрабіць цукеркі: у растопленае сметанковае масла дадаць цукар і какаву (можна ўсыпаць кунжут, какосавую стружку, здробненае пячэнне і арэхі), каб атрымалася густая маса. Яе разліць па формах і паставіць на некалькі гадзін у халадзільнік.

Какава парадуе прыгажунь. З яго робяць маскі для твару, якія падыходзяць для скуры любога тыпу, асвяжаюць, сілкуюць.Трэба толькі 1 чайную лыжку парашку разбавіць гарачай вадой ці малаком. Таксама можна рабіць маскі для валасоў і шакаладныя абгортванні для цела.

А якія прадукты выбіраеце вы і чаму аддаяце перавагу айчынным вытворцам? Чым частуеце гасцей і на якія беларускія ласункі «палююць» у крамах вашы замежныя сябры? Можа, падзеліцеся рэцэптамі страў, якія гатуеце з беларускіх прадуктаў?

Загаловак у газеце: Какава

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.