Вы тут

Асаблівы падарунак на дзень народзінаў атрымала Маргарыта Галіноўская


— Наш Стасік усе літары забыўся. Другі клас, а ён чытаць не можа, — пачала пра надзённае шматдзетная маці. — Ездзілі сёння ў цэнтр карэкцыйнага развіцця на дыягностыку. Але ж там сказалі: кемлівы хлопчык, нагоніць усё, калі не будзе ленавацца.

— А ён у вас даўно? — удакладняю я.

— Чатыры месяцы жыў, а потым яго цыганы забралі. Маці Стаса — беларуска — пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Бацька-цыган памёр. Цётка над ім апеку аформіла, але ж захварэла, і хлопчык зноў да нас вярнуўся. Вось зараз «змагаемся», а ён жа спрытны такі і на язык востры. Усяго 7 гадоў, а размаўляе, як дарослы.


«Наша мама — жанчына года».

Гэта не толькі любоў...

Маргарыта Юр'еўна — маці-выхавальніца Жодзінскага дзіцячага дома сямейнага тыпу — запрасіла мяне ў госці. Двухпавярховы катэдж, па-сучаснаму адноўлены ганак. Праходжу праз вітальню. Ого! Колькі абутку!

Быў час абеду. Дзеці якраз вярнуліся са школы. На кухні — мітусня. Той самы Стасік, пра якога ішла гаворка, ахвотна еў суп, пры гэтым гучна расказваў пра свае дзённыя прыгоды. Яна і Таня мылі посуд. Вольга — родная дачка Маргарыты і Юрыя — замешвала цеста, каб прыгатаваць нешта салодкае... Маргарыта правяла мяне па доме. Вялікая гасцёўня, сталовая, дзе адзначаюць святы. На другім паверсе трэнажорная зала, бібліятэка. Зазірнулі ў пакоі дзяцей. Пра кожнага маці расказвае з любоўю.

— Паша — наш старэйшы, яму 22 гады. Ужо працуе. Яму прапанавалі інтэрнат, але ж адмовіўся, кажа, што дома лепш.

Даню — 16. Трапіў да нас 9 гадоў таму з Жодзінскага дзіцячага дома. Пры сустрэчы запытаўся ў мужа, якая ў таго машына. Выйшаў, па колах нагой пастукаў. «Спадабалася! — кажа. — Паехалі!» Цяпер прафесійна займаецца боксам і футболам, выступае ў зборнай камандзе «Тарпеда». Паступіў у вучылішча на зваршчыка, як тата. Сёлета мы яго ўсынавілі. Хочам, каб ён больш упэўнена сябе адчуваў.

Таня ў нас ужо 5 гадоў, зараз ёй 12. А Яна прыйшла разам з сястрой Дзіянай, дзяўчынкам было 8 і 12 гадоў адпаведна. У Жодзіне жыве іх бабуля, і яны часта ездзяць да яе ў госці, дапамагаюць па гаспадарцы. Дзіяна — здольная, скончыла школу з высокім балам, паступіла ў БНТУ на інжынерна-будаўнічы факультэт. Прыязджае дадому на выхадныя, дапамагае з іншымі дзецьмі.

Герману зараз 10. У гэтага непаседы да нас было яшчэ тры сям'і. Але тыя доўга не вытрымлівалі, бо хлопец занадта рухавы. Займаецца грэбляй, падабаецца яму ездзіць на рыбалку з Юрам.

І самы маленькі — Ванечка. Яму хутка 4. Трапіў да нас 5 месяцаў таму. Яшчэ смактаў соску і амаль не размаўляў. Зараз шчабеча ўжо! Звычайна такіх малых не ўбачыш у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, бо да 6 гадоў іх могуць усынавіць. Вось і мы вырашылі ўсынавіць Ванечку. Да таго ж ён так да мужа падобны: сам беленькі, вочкі блакітныя.

Яна, ма­ма Мар­га­ры­та, Ста­сік і Та­ня.

Зазіраем і ў пакойчык Вольгі — роднай дачкі Галіноўскіх. Яна вучыцца на 5-м курсе БДУ на дызайнера. У дзяўчыны шмат захапленняў: шые, лепіць — і прыцягвае да гэтых заняткаў усіх дзяцей. Вольга працуе ў маладзёжным цэнтры, займаецца з дзецьмі танцамі.

Усяго за 9 гадоў Маргарыта і Юрый сталі другімі бацькамі для 25 дзяцей.

— Адна з нашых выхаванак ужо скончыла ўніверсітэт, выйшла замуж, жыве ў Мінску. Другая таксама нядаўна знайшла сваё шчасце, нарадзіла дзіця. Жыве ў Жодзіне, ад нас недалёка, часта прыходзіць. Іншыя таксама не забываюць, наведваюць, тэлефануюць. З дзвюма дочкамі, якія зараз жывуць у Італіі, гутарым па скайпе.

Выхаванне — гэта не толькі любоў і ўвага, але і пэўная свабода, як лічыць Маргарыта.

— Бо немагчыма вырасціць паўнацэннага чалавека, калі заўсёды яго абмяжоўваць. Галоўнае — своечасова накіроўваць малое. Бацькам жа лягчэй накрычаць, чым загадзя растлумачыць.

Маргарыта не мае педагагічнай адукацыі, але, здаецца, на падсвядомым узроўні адчувае, чаго прагне дзіцячая душа.

— Успомніце, якія самі былі ў дзяцінстве! Да многіх рэчаў я стаўлюся лёгка. Калі выходжу на вуліцу гуляць, апранаю дзіця, каб яно магло вымурзацца хоць па вушы. Адзенне памыецца, нічога страшнага. Кошкі, сабакі, іншыя жывёлы — без іх не можа ніводнае дзіця. Галоўнае — потым рукі вымыць і ніякіх праблем.

«Вазьміце дзесяць!»

Летась Маргарыта Галіноўская атрымала званне «Жанчына года» ў намінацыі «За дасягненні ў выхаванні дзяцей». Прызнаецца, што сама не любіць узнагарод, але ж дзеці да столі скакалі, калі яна вярнулася дадому з перамогай, з гонарам расказвалі пра гэта ў школе.

А пачалося ўсё выпадкова. Нарадзіўшы дачку, Галіноўскія марылі яшчэ пра адно дзіця, але ж не здарылася. І тады ўсур'ёз задумаліся пра ўсынаўленне. Звярнуліся да спецыялістаў па ахове дзяцінства. «А чаму ж толькі аднаго? Вазьміце дзесяць!» — прапанавалі ім. Маргарыта спачатку разгубілася. Але ўсё абдумала і сама ўжо звярнулася да мужа з адпаведнай прапановай.

— Мы людзі адкрытыя, таварыскія. У нашым доме часта бывала шумна і шматлюдна: наведваліся сябры дачкі, прыходзілі суседскія дзеці, гасцявалі сваякі. Да таго ж мы з Юрам ужо 22 гады разам, як адно цэлае лічы. Таму ідэя вялікай сям'і ў нас хутка перарасла ў цвёрды намер.

Галіноўскія прайшлі тэсціраванне, камісію і праз паўгода ім далі дазвол. На дзень нараджэння Маргарыта атрымала асаблівы падарунак.

— Крочу я з корпуса ў корпус, — успамінае жанчына, — даведкі падпісваць, а мяне наш кіраўнік кліча: «Маргарыта Юр'еўна, віншую!» Я падзякавала. У мяне ж у гэты дзень — народзіны. А яна мне: «Збірайцеся, паедзем дакументы афармляць». Аказваецца, гэта мяне з тым віншавалі, што нас з мужам як бацькоў-выхавальнікаў зацвердзілі. Вось дык супадзенне!

Дачка Вольга таксама вельмі ўзрадавалася такой навіне. «Ура! Цэлы піянерскі лагер, і ўсе дома! Нават гуляць хадзіць не трэба!». Дзяўчына па натуры чалавек кампанейскі, з любым лёгка знойдзе агульную мову. З адной з дзяўчынак так пасябравалі, што жылі ў адным пакоі, кантактуюць і цяпер.

Та­та­вы па­моч­ні­кі.

Цэлы дзень, як «энерджайзер»

Дзень у шматдзетнай маці пачынаецца а 6 гадзіне раніцы. Гатуе сняданак, накрывае на стол. Правярае, ці ўсе дзеці належна апрануліся. Завозіць Ванечку ў дзіцячы садок. Цяпер можна вярнуцца да хатніх спраў.

Маргарыта заўсёды гатуе сама, паўфабрыкаты амаль не выкарыстоўвае. Што датычыцца пакупак, то менш чым з дзвюма сумкамі з ежай з крамы не выходзіць. Усё неабходнае для школы купляюць оптам у Мінску.

Дарэчы, гэта «кропля ў моры» ўсіх спраў Маргарыты. Але расказвала яна мне пра іх так бадзёра, нават «са смакам». Зусім не падобная на змучаную клопатамі маці.

— Працу маці-выхавальніцы лёгкай не назавеш, — паспрабавала я падтрымаць жанчыну і пачула нечаканы адказ:

— Я так не лічу, — смяецца Маргарыта. — Хутчэй гэта лад жыцця. Калі чалавек любіць тое, чым займаецца, гэта яму не ў цяжар. Нават Даня неяк здзівіўся, што я ніколі не пажалілася. З раніцы ўстала і цэлы дзень, як «энерджайзер». А я і не ведаю, адкуль тыя сілы бяруцца. Іншая справа сілы душэўныя. Нам псіхолагі кажуць: «Не пражывайце іх жыццё!» А хіба ж гэта магчыма? Да таго ж амаль у кожнага дзіцяці праблемы са здароўем. Былі ў нас і «цяжкія» падлеткі. Звычайна яны не трапляюць нават у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, але мы і з такімі спраўляліся.

Сярод выхаванцаў Маргарыты і Юрыя няма поўных сірот, звычайна гэта дзеці пры жывых бацьках. Адны з іх нават не згадваюць пра сваіх дачок ці сыноў, іншыя становяцца на шлях выпраўлення. Так, за ўвесь час у сем'і вярнуліся 6 дзяцей!

— Нашы дзверы заўсёды адчынены. Мы не перашкаджаем стасункам з біялагічнымі бацькамі, калі гэта на карысць дзіцяці. Але ж арганізуем такія сустрэчы ў прысутнасці псіхолагаў.

Усё ў гэтай сям'і, як у звычайнай. Адразу заўважна, як дзеці цягнуцца да маці: абняць, папесціцца, расказаць пра свае перажыванні. Круцяцца побач з бацькам, каб нешта растлумачыў, параіў.

Летні сезон сям'я Галіноўскіх па традыцыі адкрывае шашлыкамі. Выязджаюць на возера з палаткамі, ходзяць у грыбы. І працуюць разам. Дзяўчынкі прыбіраюць на кухні, гатуюць, корпаюцца з Маргарытай у агародзе. Хлопцы дапамагаюць бацьку ў гаражы рамантаваць трактар ці машыну. Дарэчы, Юрый працуе на Беларускім аўтамабільным заводзе. Часта выязджае ў камандзіроўкі за мяжу. Заўсёды прывозіць адтуль падарункі. Галіноўскія лічаць, што дзеці павінны бачыць поўную мадэль сям'і, таму Юрый ніколі не быў вызваленым бацькам-выхавальнікам, часам працаваў нават на дзвюх работах.

Перад ад'ездам мы сядзелі на кухні, пілі гарбату з бісквітным рулетам. Побач круціліся каты: і чорныя, і белыя, і рыжыя. Дарэчы, у кожнага з дзяцей тут ёсць свой пухнаты любімец. Стасік, Таня і Яна папрасіліся пайсці пагуляць, пацалавалі Маргарыту і пабеглі на двор. Хутка бацька Юра прывёз маленькага Ванечку з дзіцячага садка. Той кінуўся да маці і ўжо не адпускаў яе ні на хвіліну...

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.