Вы тут

XXІІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш


Сапраўднае літаратурнае свята ў гэтыя дні завітала ў сталіцу. Найбуйнейшы кніжны форум — Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — 23 раз сустракае гасцей з блізкага і далёкага замежжа.

Сёлета ў наведвальнікаў з'явілася магчымасць пагартаць, а таксама набыць кніжную прадукцыю з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Італіі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Швецыі, Швейцарыі, Эквадора — кнігавыдаўцы з 29 краін свету прыбылі ў Беларусь з высокай місіяй гуманітарнага супрацоўніцтва ў сферы культуры і кнігавыдання, а таксама ўмацавання сяброўскіх і партнёрскіх адносін паміж нашымі народамі.


Прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі агучыў падчас цырымоніі адкрыцця намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ.

— Кніга не толькі з'яўляецца крыніцай ведаў, а і нясе ў сабе магутны гуманітарны пачатак супрацоўніцтва, — адзначыла на ўрачыстым адкрыцці выставы-кірмашу міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — У гэтыя дні ў нашай краіне не толькі прадстаўлены найлепшыя дасягненні айчыннага і замежнага кнігавыдання. На пляцоўцы Міжнароднага сімпозіума літаратараў, у фармаце семінара маладых пісьменнікаў ідзе зацікаўленая размова аб пераемнасці ў літаратуры, аб магутным стваральніцкім патэнцыяле слова пісьменніка і кнізе як носьбіце гэтага слова. Вельмі хацелася б, каб гэтая традыцыя — кожны люты збірацца ў Беларусі падчас міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу — стала лагічным працягам той гуманітарнай прасторы, якая размясцілася ў нашай краіне на пляцоўцы міру і стварэння.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ заявіў, што ў Беларусі кнігавыданне заўсёды будзе знаходзіцца ў полі зроку дзяржавы. «Цяперашняя выстава дэманструе высокую цікавасць да кнігі, — упэўнены старшыня Савета Рэспублікі. — Гэта пацвярджае і ўдзел у мерапрыемстве трох дзясяткаў краін».

 

Як падкрэсліў старшыня Камітэта па друку і ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі ўрада Санкт-Пецярбурга Сяргей СЕРАЗЛЕЕЎ, літаратура заўсёды з'яўлялася асновай усіх узаемаадносін, і вельмі важна, што яна — той інтэлектуальны прадукт, які і цяпер выхоўвае найлепшыя якасці ў падрастаючага пакалення. «Мы сустракаемся з калегамі з розных краін, але тут сціраюцца ўсе межы, якія існуюць на карце свету, — лічыць Сяргей Серазлееў. — Дзякуючы выставе, мы атрымліваем самае галоўнае — магчымасць зносін кнігавыдаўца з чытачом».

Па словах першага намесніка старшыні Выканаўчага камітэта — Выканаўчага сакратара СНД Уладзіміра ГАРКУНА, можна толькі радавацца таму, што ўжо каторы раз мы маем магчымасць сустракацца падчас кніжнага форуму, бачыць літаратурныя дасягненні сваіх калег і казаць аб тым, што кніга заўсёды будзе запатрабавана сярод чытачоў.

Кожны год па традыцыі выбіраецца ганаровы госць кніжнай выставы. Сёлета гэтага пачэснага звання ўдастоілася Арменія, якая ўдзельнічае ў кніжным кірмашы ўжо дзясяты год.

— Супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдавецтва, літаратурнага перакладу і кнігаабмену з'яўляецца адным з галоўных складнікаў армяна-беларускага культурнага супрацоўніцтва, — расказаў намеснік міністра культуры Арменіі Артур ПАГАСЯН. — Пастаянны кнігаабмен, які ажыццяўляецца паміж дзвюма бібліятэкамі, садзейнічае папаўненню фондаў. Вядзецца пастаянная работа па перакладзе твораў беларускіх і армянскіх аўтараў. Нам вельмі прыемна, што развіццё армяна-беларускіх сувязяў адзначана асаблівай увагай.

Яркім пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца ўзнагароджванне ў мінулым годзе старшыні Саюза пісьменнікаў Арменіі Эдварда Мілітаняна ордэнам Францыска Скарыны. Спадар Эдвард, які, дарэчы, з'яўляецца і членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паказаў кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў апошні час у Арменіі. У павільёне прадстаўлена 200 найменняў кніг — гэта мастацкая, гісторыка-культурная, навукова-папулярная, дзіцячая і перакладная літаратура, а таксама выдадзеныя ў апошнія два гады кнігі аб генацыдзе армян як на армянскай, так і на іншых мовах. Таксама тут можна ўбачыць першую армянскую Біблію, надрукаваную яшчэ ў 1668 годзе ў Амстэрдаме. Выданне ўключана ў спіс знамянальных дат і памятных падзей ЮНЕСКА.

Шырокая культурная праграма — больш чым 200 праектаў, сустрэч, прэзентацый, семінараў і «круглых сталоў» — традыцыйна аб'яднала аматараў літаратурнай творчасці. Ужо ў першы дзень выставы адбыліся сустрэчы з вядомымі беларускімі і замежнымі пісьменнікамі. Прадстаўляючы свае кніжныя дасягненні, літаратары сучаснасці з задавальненнем дзяліліся сакрэтамі творчага майстэрства і гісторыяй напісання канкрэтных твораў.

На думку старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая ЧАРГІНЦА, перад пісьменнікамі стаіць вялікай важнасці задача — дамагчыся таго, каб на змену дыктату сілы прыйшоў дыктат слова, і тады людзі будуць лепш чуць адзін аднаго, якой бы прафесіяй яны не займаліся.

Ужо адразу пасля адкрыцця на выставе-кірмашы завіравала сапраўднае свята кнігі. На розных пляцоўках адбыліся прэзентацыі буйных праектаў апошняга часу. Удзельнікамі канцэрта-прэзентацыі выдавецкага праекта «Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), удастоенага найвышэйшай узнагароды 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», сталі Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Міхаіл Фінберг і іншыя выбітныя дзеячы мастацтва. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікала прэзентацыя кнігі лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч «Жыць і помніць», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Адбыліся мерапрыемствы і для самых маленькіх чытачоў. Школьнікі не толькі пазнаёміліся з кніжнай прадукцыяй, а і паўдзельнічалі ў гульнях-віктарынах.

Несумненна, міжнародны кніжны форум стаў знакавай падзеяй, якая адкрыла выставачны каляндар гэтага года, аб'яўленага ў нашай краіне Годам культуры. Акунуцца ў гэты кніжны вернісаж — прычым абсалютна бясплатна — можна па 14 лютага ўключна. Адміністрацыйны будынак па адрасе праспект Пераможцаў, 14 чакае сваіх наведвальнікаў, а кнігі — сваіх чытачоў.

У пятніцу на стэндзе Выдавецкага дома "Звязда" пастаянны калумніст выдання "СБ. Беларусь сегодня", радыёвядучая Таццяна Сулімава прэзентавала сваю кнігу-блог "Паслухайце што". 

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА, Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Кніжны вернісаж


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».