Вы тут

Аб'яўлены конкурс «Мы — будучыня літаратуры»


Гэтая падзея стала адным з асноўных акцэнтаў семінара маладых літаратараў Беларусі і Расіі, што прайшоў учора ў межах ІІ Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час: пераемнасць у літаратуры». Арганізатары і ініцыятары конкурсу — Міністэрства інфармацыі краіны, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура».


Прыняць удзел у гэтым творчым спаборніцтве могуць аўтары ва ўзросце да 30 гадоў.

Празаічныя тэксты, невялікія па аб'ёме, напісаныя ў жанрах апавядання, нарыса, навелы, эсэ на беларускай ці рускай мовах, будуць прымацца на конкурс з 1 сакавіка да 30 кастрычніка 2016 года (палажэнне аб ім хутка з'явіцца ў друку).

Дзясятку пераможцаў, чые творы пабачаць свет на старонках адмысловага зборніка ці літаратурна-мастацкай перыёдыкі, экспертны савет назаве роўна праз год — падчас наступнай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Думаецца, што конкурс «Мы — будучыня літаратуры», а таксама ўдзел у семінары літаратараў — выдатная магчымасць для маладых творцаў заявіць пра сябе, пазнаёміцца з калегамі і атрымаць парады ад вопытных пісьменнікаў. Гаворачы пра мэты новага конкурсу, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар ЛУЦКІ падкрэсліў, што малады ўзрост — яшчэ не падстава для сціпласці і не перашкода на шляху да шырокага прызнання. Як прыклад — творчы лёс пісьменніка Міхаіла Шолахава, які першыя тамы сваёй знакамітай эпапеі «Ціхі Дон» апублікаваў ужо ў 23 гады. І хоць сёння папулярнасць мастацкай літаратуры невялікая, гэта не змяншае ролі пісьменніка ў гісторыі. Варта працаваць так, каб да слова творцы прыслухоўвалася грамадства, а на выдатных раманах і аповесцях выхоўваліся новыя пакаленні.

Пра важнасць працы з маладымі аўтарамі распавёў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Дарэчы, летась сябрамі саюза сталі 11 маладых творцаў, і на думку Мікалая Іванавіча, саюзу сёння варта арыентавацца менавіта на іх творчыя здабыткі, перабудоўвацца з улікам новага мыслення і актуальных тэндэнцый у літаратуры. Гэтыя аўтары ўжо маюць мноства публікацый, праводзяць сустрэчы з чытачамі, іх творы выдаюцца і ў адмысловай кніжнай серыі «Мая першая кніга».

А самім маладым аўтарам, цікава, патрэбна ўдзельнічаць у семінары літаратараў і творчым конкурсе? На думку ўдзельніцы семінара, празаіка Алены Тулушавай з Расіі, супраца са старэйшымі калегамі, абмеркаванне з імі твораў — адзін з самых перспектыўных спосабаў заявіць пра сябе, «дастукацца» да чытача праз публікацыі ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы. У гэтым маладым расійскім аўтарам сёння дапамагае вопытны празаік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў. Пачаткоўцам вельмі цяжка знайсці сваю аўдыторыю і пры гэтым не стаць выхаванцам публікі, не схіліцца да белетрыстыкі нізкага гатунку. Публікацыя ў інтэрнэце, дзе і так змешчана мноства тэкстаў рознага ўзроўню, — не выйсце, а вялікая папулярнасць сацыяльных сетак, дзе людзі пішуць па некалькі радкоў амаль кожны дзень, не спрыяе крышталізацыі таленту: даводзіцца рабіць выбар на карысць факта, а не прыгожых апісанняў, вобразнасці, як мяркуе Алена.

Так, конкурсу для маладых літаратараў «Мы — будучыня літаратуры» дадзены старт. Пройдзе год — і чытачы даведаюцца прынамсі пра дзясятку новых таленавітых аўтараў, а самі творцы пабачаць сваіх калег, побач з якімі ім працаваць у літаратуры не адно дзесяцігоддзе — сачыць за поспехамі і спаборнічаць.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Маладыя пісьменнікі: шлях да чытача

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.