Вы тут

Наперад у Вялікае Княства Літоўскае


Ксенія Шталенкова. Адваротны бок люстра. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — 382 с.

Яны сустрэліся ў Вільнюсе. Пятнаццацігадовая школьніца Барбара, ці проста Бася, і сямнаццацігадовы Міхал. Першыя нясмелыя позіркі, чырвань шчок, пяшчотныя поціскі рукі і пацалункі... Здаецца, ну што незвычайнага можа быць у гісторыі пра першае каханне? А калі я скажу, што Міхал жыве ў Вільні XVІ стагоддзя і служыць у Мікалая Радзівіла Чорнага, а Бася — жыхарка нашага часу? І што спаткаліся яны дзякуючы незвычайнаму люстру, якое, калі настае патрэбны момант і на небе з'яўляецца Поўня, здольнае перамяшчаць людзей у часе. Раман з такім сюжэтам, безумоўна, выкліча цікавасць.


З першай часткай рамана «Адваротны бок люстра» маладая пісьменніца Ксенія Шталенкова дэбютавала ў 2012 годзе, і вось перад намі — выданне, якое змяшчае ўсе тры часткі твора і распавядае пра новыя прыгоды Басі і Міхала. Адметны не толькі яго сюжэт. Справа ў тым, што дэбютная кніга Ксеніі выйшла, калі аўтарцы было ўсяго дваццаць гадоў, а напісаны раман яшчэ раней, калі дзяўчыне было 16. Таму перад намі — кніга для падлеткаў, створаная самім жа падлеткам. Гэта проста ўнікальны выпадак для беларускай літаратуры, дзе найчасцей пачынаюць з вершаў.

Некаторым чытачам гэтая гісторыя можа падацца крыху наіўнай, летуценнай і нават нуднай. Надта шмат дэталяў, падрабязнасцяў, разважанняў. Але ўспомніце сябе ў школьныя гады. Ці не быў для вас знакавым нават міжвольны погляд, незнарок кінутае слова? Ці не хацелася знайсці сябра, які будзе родным і блізкім толькі для вас, які ўсё зразумее і дапаможа? Ці не марылі пра неверагодныя прыгоды і смелыя вандроўкі? І «Адваротны бок люстра» — менавіта такая гісторыя. Тут летуценні ярчэйшыя, чым рэчаіснасць, а прыгоды намнога больш прывабныя, чым звыклы лад жыцця.

Цікава, што галоўныя героі кнігі «Адваротны бок люстра» — не ідэальныя, не «прычасаныя», не падкрэслена паслухмяныя (а часта менавіта такімі іх ствараюць пісьменнікі для ўзмацнення выхаваўчага эфекту кнігі). Бася можа грукнуць дзвярыма і адмовіцца вячэраць з бацькамі. У яе пакоі непрыбрана, а таямніцы мінуўшчыны вабяць дзяўчынку намнога мацней, чым заняткі ў школе. Міхал — таксама досыць свавольны юнак, ён занадта самаўпэўнены і ўпарты, кідаецца ў бойку, нават калі ведае, што гэта небяспечна. Ды і адносіны паміж героямі не ванільна-ідэальныя. Тут прысутнічаюць рэўнасць і эгаістычнае стаўленне да каханага чалавека, але, натуральна, яны саступаюць у параўнанні з цеплынёй і шчырасцю, пяшчотай і яркасцю першага моцнага пачуцця. Карацей, усё, як у жыцці.

Асаблівай увагі заслугоўвае і сюжэт твора Ксеніі Шталенковай, класічны для сусветнай літаратуры і кіно. Герояў, якія трапляюць у чужы для сябе час, крытыкі ўжо паспелі жартаўліва ахрысціць «трапленцамі». Але ў беларускай літаратуры гісторыі пра «трапленцаў» ды падарожжы ў часе чамусьці пакуль не прыжыліся. Напэўна, справа ў тым, што айчынныя аўтары яшчэ не асэнсавалі мінуўшчыну ў класічнай прозе, не распавялі пра самыя славутыя падзеі гісторыі, не намалявалі партрэтаў гістарычных дзеячаў. Тым больш яркім выглядае эксперымент маладой пісьменніцы, яе спроба паказаць, як адчувае сябе сучасная дзяўчына, трапіўшы ў 1550 год. І наадварот, ці камфортна хлопцу з павольнага XVІ стагоддзя ў нашым імклівым часе.

Важна таксама, што гісторыя першага кахання Басі і Міхала не падаецца адарванай ад знакавых гістарычных падзей. Разам з героямі кнігі чытач падарожнічае з Вільні ў Кракаў, прысутнічае на каранацыі Барбары Радзівіл. Мы назіраем за інтрыгамі і палітычным закуліссем ВКЛ таго часу. Разам з Басяй і Міхалам уцякаем са сталіцы Каралеўства Польскага, спрабуем выратавацца ад пагоні і пазбегнуць абвінавачвання ў вядзьмарстве. Думаю, не перабольшу, адзначыўшы, што «Адваротны бок люстра» — выдатная аснова для сцэнарыя прыгодніцкага фільма ці хаця б тэатральнай пастаноўкі.

Спадзяюся, што гэты раман у трох частках — толькі пачатак вялікага творчага шляху Ксеніі. Маладая аўтарка ўмее распавядаць гісторыі, яна цярплівая і працавітая (а гэта так важна, калі гаворка ідзе пра напісанне твораў буйных літаратурных жанраў), таму ў яе ўсё атрымаецца.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.