Вы тут

Аднойчы ў Брукліне...


«Кажуць, у Нью-Ёрку так шмат ірландцаў, што там можна адчуваць сябе як дома». А дом для маладой Эліс Лэйсі, якая з невялічкага ірландскага гарадка пераехала ў Амерыку, «адгукаецца» нясцерпнай тугою і ныючымі ўспамінамі. Чалавек, які можа знайсці свой дом у любой кропцы планеты, і даніна ірландскаму (і іншым народам) насельніцтву Амерыкі ўвасобіліся ў мілым, няспешным фільме «Бруклін» рэжысёра Джона Краўлі.


Сёлета карціна трапіла адразу ў некалькі намінацый прэміі Оскар — «Найлепшы фільм», «Найлепшы адаптаваны сцэнарый», а актрыса Сірша Ронан, што сыграла галоўнага персанажа, можа атрымаць статуэтку за «Найлепшую жаночую ролю».

Ігру Сіршы Ронан, якую вы можаце памятаць па ўдзеле ў карцінах «Адкупленне» Джо Райта або «Гатэль Гранд Будапешт» Уэса Андэрсана, адзначыць сапраўды варта. Яе гераіня пакідае ў Ірландыі любімых маці і старэйшую сястру, каб уладкавацца на працу ў нью-ёркскую краму. Жыць ёй даводзіцца ў пансіянаце з гаспадыняй і яшчэ некалькімі дзяўчатамі. Эліс і без выбітнага вонкава выгляду не можа не падабацца. Сірша Ронан стварыла вобраз стрыманай, кемлівай, надзейнай, разумнай простай дзяўчыны з гумарам, якая пры ўсім гэтым, на шчасце, не з'яўляецца ханжой.

Для Эліс Нью-Ёрк — не месца для ўвасаблення думак пра свабоду і амерыканскую мару, а толькі лагічная альтэрнатыва роднаму гораду, дзе няма працы і магчымасцяў. На многае яна не прэтэндуе, не марыць стаць знакамітай альбо багатай, не плануе паспяхова выйсці замуж, не думае пра бляск сафітаў і тысячы ружаў. Яе невялікія запатрабаванні «перавандравалі» ў новае жыццё. Менавіта таму яна лёгка жартуе, што многае з крамы, у якой працуе, не можа сабе дазволіць, і прызнаецца, што хмарачосы — не самае цікавае ў Амерыцы.

Хутка Нью-Ёрк становіцца для Эліс і родным горадам, і жыццём. Не апошнюю ролю ў гэтым сыграў італьянец Тоні (Эмары Коэн), просты сантэхнік, якога дзяўчына сустрэла на ірландскіх танцах.

Калі Эліс на некалькі тыдняў прыязджае дадому, наступае самы важны для фільма драматургічны момант — ваганне Эліс паміж радзімай і далёкім Нью-Ёркам. Шаблоны не працуюць. Гэтым разам менавіта ірландскі гарадок прапануе ёй сур'ёзную працу і багатага мужа Джыма Фарэла (Донал Глісан), а Нью-Ёрк — месца ў краме і простага італьянца Тоні...

Карціна «Бруклін» абарочваецца прыемна вялікай і арганічнай колькасцю «водгулляў» — пытання суадносінаў настальгіі і касмапалітызму, лёсавызначальнага выбару, вобразу часу, у рэшце рэшт пераможнага кахання.

Героі карціны сцвярджаюць — выключнасць у прастаце. Кожная гісторыя — нават вылучаная з тысяч быццам аднатыпных гісторый тых, напрыклад, хто трымае шлях у Амерыку ў пошуках лепшага жыцця, — насамрэч цэлы сусвет. Па меншай меры цэлы цікавы фільм.

«Бруклін» будзе ісці ў мінскім пракаце да 17 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.