Вы тут

Рыхтуемся да Дня святога Валянціна


«Сардэчнае» пячэнне

Яго можна прыгатаваць па любым рэцэпце, які падабаецца, а затым упрыгожыць памадкай, масцікай, цукровай пудрай або джэмам. Можна скарыстацца простым рэцэптам шакаладнага печыва-валянцінак.

Спатрэбіцца: 200 г мяккага масла, 2 яйкі, 3 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі цукру, 4 ст. л. какава-парашку, 0,5 ч. л. разрыхляльніка, 1 ч. л. растваральнай кавы, 1 пакет ванільнага цукру, 0,5 ч. л. солі.

У прасеяную муку дадаем разрыхляльнік, соль і добра змешваем. Умешваем масла з цукрам. Дадаем яйкі, какава і ванільны цукар. Добра вымешваем цеста да аднастайнага стану і адпраўляем яго ў халадзільнік прыкладна на гадзіну. Гатовае цеста раскачваем таўшчынёй 0,5 см і выразаем з яго пячэнькі ў форме сэрца з дапамогай адмысловай формы ці нажа і трафарэта. Выкладваем іх на бляху, высланую паперай для выпякання. Выпякаецца такое пячэнне ў загадзя разагрэтай да 250 ºС духоўцы 9—12 хвілін. Як толькі яго краі стануць злёгку прыўзнятымі — можна вымаць.


Пакуль «сардэчнае» печыва астывае, гатуем крэм для ўпрыгожвання.

Спатрэбіцца: 2 шклянкі цукру, 2 ст. л. размякчанага масла, 3-4 ст. л. малака, 0,25 ч. л. ванільнага цукру, дробка солі, трохі харчовага фарбавальніка чырвонага колеру.

Змешваем усе пералічаныя інгрэдыенты і дадаем у канцы харчовы фарбавальнік, дамагаючыся патрэбнага адцення. З дапамогай кандытарскага шпрыца або шчыльнага пакуначка з адрэзаным ражком упрыгожваем печыва.


Трубачкі для кактэйляў

Спатрэбіцца: самі трубачкі, нажніцы, клей, дзіркакол, каляровая папера чорнага і чырвонага колеру.

Трэба нарэзаць палоскі з каляровай паперы і скласці з іх сэрца. Канцы паперы акуратна склеіць. З дапамогай дзіркакола зрабіць дзве дзірачкі па дыяганалі, праз якія прасунуць трубачку для кактэйляў. Можна зрабіць сімвалічную стралу Амура. Для гэтага з чорнай паперы трэба выразаць пёры і наканечнік стралы і наклеіць на трубачкі, як паказана на фота.


Салодкія мядзведзікі

Спатрэбіцца: паветраны зефір (маршмелоу) вялікага і маленькага памеру, жавальныя цукеркі тыпу Мамбы, белы шакалад або мёд, дэкор для тартоў у выглядзе сэрцайкаў, шакаладная глазура для ўпрыгожвання тартоў, кактэйльныя трубачкі.

Для пачатку падрыхтуем аснову мядзведзікаў — бярэм два вялікія зефіры, адзін паслужыць галавой, другі — тулавам. Шэсць кавалачкаў маленькага зефіру будуць лапкамі і вушкамі. Усе дэталі злучаем з дапамогай растопленага белага шакаладу або мёду. Мядзведзік гатовы, засталося толькі ўпрыгожыць яго. Цукровыя сэрцайкі мацуем на вушкі, лапкі і нос, роцік і вочкі дамалёўваем з дапамогай шакаладнай глазуры для ўпрыгожвання тартоў. Гатовых мядзведзікаў мацуем на кактэйльныя трубачкі.

І апошні штрых — бярэм жавальную цукерку, раскачваем і выразаем з яе сэрцайка. З дапамогай усё таго ж растопленага белага шакаладу мацуем яго ў мішкі на жывоціку.


Крылатыя сэрцайкі

Каб арыгінальна спакаваць падарунак да Дня ўсіх закаханых, спатрэбіцца любая папера двух колераў, пажадана, каб яны кантраставалі адзін з адным, аловак і канцылярскі нож.

Для пачатку неабходна абгарнуць падарунак у адну паперу з падрыхтаваных. У нашым выпадку папера чырвонага колеру. Цяпер бяром бэжавую паперу і малюем на ёй сэрцайкі пры дапамозе трафарэта. Потым акуратна выразаем іх, але толькі з аднаго боку. Пасля таго, як сэрцайкі выразаныя, заварочваем падарунак у бэжавую паперу наверх чырвонай паперы. Затым трэба адхіліць выразаныя бакі сэрцайкаў. Вось падарунак і гатовы!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.