Вы тут

Цiхан Кiсялёў: моцны арэшак «зборачнага цэха» СССР


Пасля таго, як 4 кастрычнiка 1980 года ў аўтамабiльнай катастрофе загiнуў Пётр Машэраў, папулярны i аўтарытэтны ў народзе кiраўнiк рэспублiкi, вышэйшае савецкае кiраўнiцтва нядоўга думала над тым, хто будзе яго пераемнiкам: ужо праз некалькi дзён у Мiнск з пасады намеснiка Старшынi Савета Мiнiстраў СССР вяртаецца Цiхан Якаўлевiч Кiсялёў. Асоба, не менш, чым Машэраў, вядомая ў Беларусi. 19 гадоў да таго ён узначальваў рэспублiканскi Саўмiн, а апошнiя два гады — быў намеснiкам Аляксея Мiкалаевiча Касыгiна, кiраўнiка савецкага ўрада.

Так склаўся iх лёс, што на працягу многiх дзесяцiгоддзяў Машэраў i Кiсялёў iшлi поруч па службовай лесвiцы, цi, лепш сказаць, — след у след, быццам адцяняючы адзiн аднаго. I вось 16 кастрычнiка 1980 года Цiхан Якаўлевiч займае найвышэйшую партыйную пасаду ў БССР: на пленуме ЦК КПБ яго выбiраюць першым сакратаром рэспублiканскай партыйнай арганiзацыi.


З жонкай Нінай Фёдараўнай Лапіцкай, 1953.

Палiтыка, падобная на спорт

Ён — аднагодак нашай газеты: 12 жнiўня наступнага, 2017 года, Цiхану Якаўлевiчу споўнiлася б 100 гадоў. У Беларусi, сапраўды, добра памятаюць Машэрава, Мазурава, Панамарэнку, а Кiсялёў для сучаснiкаў чамусьцi застаецца ў ценi. Папярэднiя яго юбiлейныя даты прамiльгнулi неяк незаўважна. Хоць за многiя гады працы на пасадзе Старшынi Савета Мiнiстраў БССР i на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ Цiхан Кiсялёў зрабiў для рэспублiкi нiчуць не менш, чым яго вядомыя папярэднiкi.

Нарадзiўся ён у вёсцы Агародня-Кузьмiнiцкая (цяпер Добрушскi раён Гомельскай вобласцi) у стараверскай сялянскай сям’i. Бацька памёр рана, калi Цiхану было толькi два гады. Скончыў Рэчыцкае педагагiчнае вучылiшча, завочна — Гомельскi педагагiчны iнстытут. З 1936 года — на педагагiчнай рабоце ў школах Ельскага раёна Гомельскай вобласцi. Выкладаў беларускую мову i лiтаратуру. Калi пачалася вайна, настаўнiка ў армiю не прызвалi па стане здароўя, i ён з сям’ёй быў эвакуяваны ў Сталiнградскую вобласць, ва Урупiнскi раён. Там, у самай глыбiнцы Расii, Цiхан Якаўлевiч у гады лiхалецця тры гады працаваў настаўнiкам, дырэктарам мясцовых сельскiх школ. Маладому дырэктару трэба было думаць не толькi пра вучэбны i выхаваўчы працэсы, але i аб тым, як i чым пракармiць галодных мясцовых i эвакуяваных дзетак. Прасiць грошай — гэта не выйсце, таму рашэнне школай, самастойна, зарабiць на хлеб прыйшло само сабой. Кiсялёў выбiў у мясцовым калгасе кавалак зямлi, i ўсё лета разам з вучнямi працавалi на прышкольным участку. Восенню з’явiўся першы ўраджай — капуста, буракi i бульба. Потым сабралi насенне сланечнiка i адвезлi на завод. Усю зiму дзецi ў школе Кiсялёва былi сытымi: бульбу пяклi на сланечнiкавым алеi...

Вярнуўшыся ў 1944-м у вызваленую Беларусь, Цiхан Кiсялёў пачаў партыйную кар’еру. Яго ўзыходжанне да вяршынi ўлады было iмклiвым. У 1948 годзе ён трапляе ў апарат ЦК партыi, а ўжо праз чатыры гады едзе ў Брэст на пасаду першага сакратара абкама КПБ. Затым яго абiраюць сакратаром, другiм сакратаром ЦК КПБ, а ў 1959-м Цiхан Кiсялёў займае пасаду Старшынi Савета Мiнiстраў БССР.

Побач быў Пётр Машэраў, якi таксама прайшоў няпростыя прыступкi службовай лесвiцы i на Брэстчыне, i ў апараце ЦК. У 1965 годзе тагачаснага беларускага лiдара Кiрылу Трафiмавiча Мазурава «забралi» ў Маскву 1-м намеснiкам Старшынi саюзнага Саўмiна, i на бюро ЦК КПБ паўстала пытанне аб новым «партыйным важаку». З разрывам у адзiн голас перамог другi сакратар ЦК Пётр Машэраў. I Цiхан Якаўлевiч заставаўся на «народнагаспадарчым пасту» яшчэ больш за дзесяць гадоў.

Пасада кiраўнiка рэспублiканскага ўрада вымагала быць заўсёды ў ценi партыйнага лiдара. I ў гэтым палiтыка падобная на спорт. Можна бегчы ўсю дыстанцыю першым, але на фiнiшы апынуцца другiм цi трэцiм, долi секунды прайграўшы на апошнiх метрах. Воляй лёсу Цiхан Якаўлевiч у далейшым, праўда, узначалiў БССР, але адбылося гэта пасля трагiчных падзей i не ў самы зручны для яго момант, паказаўшы, наколькi прывiднай можа быць перамога, якая дасталася вельмi позна...

З калегамі-настаўнікамі Рэмезаўскай сярэдняй школы, 1940.

Аб першых гадах яго партыйнай дзейнасцi вядома няшмат. Бiяграфiчныя даведнiкi i слоўнiкi скупа паведамляюць, што Цiхан Якаўлевiч, напрыклад, «умела кiраваў развiццём народнай гаспадаркi Брэсцкай вобласцi, i неўзабаве вобласць па многiх паказчыках выйшла ў лiк перадавых у рэспублiцы».

Акрамя таго, i пра гэта таксама мала вядома, Цiхан Якаўлевiч заваяваў папулярнасць у народзе як абаронца беларускай мовы. Чэрвеньскi (1953 года) пленум ЦК КПБ быў першым у гiсторыi Кампартыi Беларусi пленумам, у якiм даклад (М.В. Зiмянiна, якога з Масквы вылучылi на пасаду 1-га сакратара ЦК КПБ замест Мiкалая Патолiчава) чытаўся на беларускай мове. Тады па iнiцыятыве Берыi было прынята рашэнне ўзмацнiць кiраўнiцтва саюзных рэспублiк менавiта мясцовымi кадрамi.

Выступаючы ў спрэчках па гэтым дакладзе, першы сакратар Брэсцкага абкама партыi Ц.Я. Кiсялёў сказаў (захоўваем стыль): «У Брэсцкай вобласцi з 13 раённых газет Толькi 4 выходзяць на беларускай мове, 9 да апошнiх дзён выдавалiся на рускай... Можна доўга i многа гаварыць аб прычынах, якiя прывялi да гэтага. Вядома, калi б у ЦК, Савеце Мiнiстраў БССР справаводства было на беларускай мове, то і ў абкомах, аблвыканкомах, райкомах яно не змагло б iнакш весцiся. Калi б Мiнiстэрства асветы не накiроўвала на працу ў якасцi загадчыкаў аблана, рана таварышоў, якiя зусiм не ведаюць беларускай мовы, у сваю чаргу органы народнай асветы не назначылi б дырэктарамi i завучамi школ людзей, якiя не ведаюць беларускай мовы. Калi б мiнiстр асветы перад настаўнiкамi выступаў на роднай мове, то тады i настаўнiкi выступалi б перад насельнiцтвам на беларускай мове. А ў нас жа на беларускай мове выступаюць толькi на сесiях Вярхоўнага Савета БССР I на пасяджэннях Саюза пiсьменнiкаў пры абмеркаваннi твораў беларускiх пiсьменнiкаў. Далей. Калi б дзецi кiруючых работнiкаў-беларусаў вучылiся ў беларускiх школах, то, трэба думаць, што рабочыя i служачыя беларусы не ставiлi б так пытанне — «прымайце маiх дзяцей толькi ў рускую школу»...

Праз тры гады Ц.Я. Кiсялёў — ужо сакратар ЦК КПБ. З лiпеня 1956 года ён працуе другiм сакратаром Цэнтральнага Камiтэта Камунiстычнай партыi Беларусi. Менавiта па яго iнiцыятыве, падтрыманай Кiрылам Мазуравым 2 красавiка 1957 года, была прынята пастанова ЦК КПБ «Аб становiшчы i мерах паляпшэння выкладання беларускай i рускай мовы i лiтаратуры ў школах рэспублiкi», якая прадугледжвала развiццё беларускай нацыянальнай школы, мовы, лiтаратуры i культуры. Можа быць, шмат у чым дзякуючы гэтаму, 60-я—70-я гады папоўнiлi беларускую лiтаратуру цэлым шэрагам новых iмёнаў, папулярнасць якiх адчуваецца i сёння.

Мала каму вядома, што з iмем Кiсялёва звязана i рэабiлiтацыя ахвяр масавых палiтычных рэпрэсiй 30-х — пачатку 50-х гадоў. Менавiта ён у якасцi другога сакратара ЦК КПБ узначалiў Камiсiю па рэабiлiтацыi, якую стварыў Цэнтральны Камiтэт КПБ. Толькi ў 1954—1956 гадах у нашай рэспублiцы было рэабiлiтавана больш за 17 тысяч чалавек.

Візіт прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі в'етнам Хо Шы Міна ў БССР, 1959.

«Каб нават Масква зайздросцiла»

У красавiку 1959 года Цiхан Якаўлевiч быў вылучаны на адказную пасаду старшынi Савета Мiнiстраў Беларусi i працаваў на ёй да 1978 года. Першымi сакратарамi ЦК у гэты час, нагадаем, былi К.Т. Мазураў i П.М. Машэраў. З iмёнамi гэтых трох людзей звязаны значныя поспехi БССР у эканамiчным i культурным развiццi. Але нiхто — нi да Цiхана Кiсялёва, нi пасля яго — не быў кiраўнiком урада Беларусi такi працяглы час. Чатыры пяцiгодкi, чатыры пяцiгадовыя планы. Хрушчова змянiў Брэжнеў, «адлiгу» — застой, а Кiсялёў працаваў — 60-я—70-я. Гэта гады, калi Беларусь стала «зборачным цэхам СССР». У рэспублiцы быў наладжваны выпуск найноўшых мадэляў трактароў, грузавiкоў, тэлевiзараў, халадзiльнiкаў, будавалiся нафтахiмiчныя заводы, а сельская гаспадарка выходзiла на аб’ёмы, якiя дазвалялi забяспечваць i Маскву, i Ленiнград. У Саюзе толькi БССР ды РСФСР тады не датавалiся з саюзнага бюджэту. Ды i хуткасць, з якой у тыя гады беларуская эканомiка падымалася ўгару, уражвае. Таму ад урада рэспублiкi патрабавалася фiлiграннае майстэрства ў кiраваннi ўсiмi галiнамi, у iх «завязваннi» ў адзiны эканамiчны вузел. Клопатам дзяржаўнай важнасцi былi забеспячэнне новабудоўляў будматэрыяламi, вызначэнне планаў выпуску шын i хлеба, распрацоўка стратэгii прамысловага росту з «абавязковым уводам новых магутнасцяў». I ўсё гэта не само па сабе, а ў саюзных маштабах, што прадугледжвала ўзгадненне ў маскоўскiх кабiнетах кожнага кроку i кожнай лiчбы, а часцей за ўсё не проста ўзгадненне, а адстойванне сваiх пазiцый, iнакш «цэнтр» можа забраць усё, аж да апошняй цаглiнкi.

Гаспадарчая праца далёкая ад лозунгавай летуценнасцi, якой з лiшкам было ў тыя гады, i мела на мэце дакладны разлiк i выверанасць дзеянняў. Нягледзячы на iдэалагiчны складнiк савецкай эпохi з яе ўжо высмеянымi лозунгамi i павышанымi абавязацельствамi да ўсенародных свят, прамысловыя прадпрыемствы i сельская гаспадарка функцыянавалi, як падагнаныя шасцяронкi. Былы мiнiстр фiнансаў БССР Баляслаў Шацiла ўспамiнае: «Памятаю, запрасiў мяне да сябе Кiсялёў. Гляджу — твару на iм няма, нервова ходзiць па кабiнеце з кута ў кут. Асцярожна пытаюся, што здарылася, i чую ў адказ: «Патрэбны грошы на будаўнiцтва Кургана Славы. У ЦК я сказаў, што грошай няма, а мне адказалi: павiнен знайсцi». Прыблiзна гэтак жа будаваўся i шпiталь iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны. Гэта была iдэя Машэрава — разумная i высакародная, але для яе ўвасаблення ў рэспублiканскi бюджэт не было закладзена нi капейкi».

Пры Цiхане Кiсялёве пачыналася падрыхтоўка да ўзвядзення Беларускага металургiчнага завода ў Жлобiне. З яго iмем звязаны ўвод у эксплуатацыю Сляпянскай воднай сiстэмы, Салiгорскай фабрыкi па пашыве вырабаў са штучнага футра, Мазырскага прадпрыемства па вытворчасцi харчовай солi, завяршэнне будаўнiцтва газаправода Орша — Магiлёў (90 км), Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, птушкафабрыкi «Дружба», стварэнне рэспублiканскага выдавецтва «Юнацтва», пачатак работы ў Мiнску тэатра-студыi кiнаакцёра, правядзенне ў Мiнску Мiжнароднай навуковай канферэнцыi «Славянскiя культуры i сусветны культурны працэс», будаўнiцтва Мiнскага метрапалiтэна...

Пракладвалiся дарогi, раслi спартыўныя комплексы, развiвалася навука.

Ц.Я. Кісялёў суправаджае 1-га сакратара ЦК КПСС М.С. Хрушчова ў ПНР, 1959.

«Гэта была асоба маштабная, неардынарная, — пiсаў у сваiх мемуарах вядомы беларускi публiцыст Аляксандр Сiмураў. — Разумны, дасведчаны, стрыманы. Заўсёды ведаў, што рабiць i як рабiць. Словам, валодаў усiмi якасцямi буйнога дзяржаўнага дзеяча. У мяне склалася ўражанне, што ў хiтраспляценнях нашага жыцця не iснавала праблемы, якая была б не па зубах Цiхану Якаўлевiчу. Яго здольнасцi i асабiстыя якасцi як кiраўнiка, вымушанага дзейнiчаць у жорсткiх партыйных шорах, ва ўмовах пастаяннага суб’ектыўнага цiску вышэйшага партыйнага кiраўнiцтва, высока цанiў Старшыня Савета Мiнiстраў СССР Аляксей Мiкалаевiч Касыгiн. Мабыць, ён разумеў Кiсялёва як нiхто iншы — сам жыў i працаваў у iдэнтычнай абстаноўцы, толькi маштабам яна была буйнейшай i, натуральна, непараўнальна больш складанай».

Мiжволi тут задаешся пытаннем: як жа яму, гуманiтарыю па адукацыi, удавалася пранiкаць углыб самых складаных эканамiчных праблем, дабiвацца iх вырашэння? Характэрна, што адным з першых актаў Цiхана Кiсялёва на пасадзе кiраўнiка ўрада было ўпарадкаванне работы з лiстамi грамадзян. Па яго iнiцыятыве ранейшая «Прыёмная Савета Мiнiстраў БССР» стала называцца «Прыёмная па скаргах i пiсьмах працоўных». Гаворка iшла не проста пра замену шыльды, а аб iншым змесце працы. Цiхан Якаўлевiч даў ўстаноўку: прымаць грамадзян павiнны ўсе члены ўрада. Кiраўнiк урада зацвярджаў расклад на месяц. Ён выконваўся няўхiльна. Замены дапускалiся ў выключных выпадках.

Штомесяц складалася iнфармацыя пра пошту, якую ён чытаў асабiста i па многiх узнятых пытаннях даваў даручэннi. Пiлiп Лаўрэнцьевiч Коханаў, якi ў 1965—1978 гадах быў старшынёй Дзяржплана БССР i намеснiкам старшынi Савета Мiнiстраў БССР, успамiнаў:

«З Цiханам Якаўлевiчам было вельмi цiкава працаваць. Ён захапляў сваёй няўрымслiвасцю, быў пытлiвым, хутка схоплiваў сутнасць, шырока думаў, прагна ўнiкаў у гаспадарчыя праблемы, i нас прымушаў да пастаяннага пошуку. Умеў глыбока аналiзаваць, супастаўляць, аргументаваць i цанiў гэтыя якасцi ў iншых. Памятаецца, у пачатковы перыяд яго дзейнасцi як старшынi Савета Мiнiстраў мы звялi ў брашуру каля ста паказчыкаў, па якiх рэспублiка адставала ад сярэднiх агульнасаюзных. Ён вывучыў iх дасканала, доўга ўтрымлiваў у памяцi, а памяць у яго была выключная. Дык вось, гэтымi лiчбамi ён i карыстаўся кожны раз, калi трэба было абмяркоўваць планы, даваць эканамiчныя абгрунтаваннi просьбаў, з якiмi даводзiлася звяртацца ў саюзныя органы. Чалавек аналiтычнага розуму, Цiхан Якаўлевiч надзвычай паважаў лiчбу, не прыблiзную, вядома, а дакладную, строга ўлiчваў рэальныя магчымасцi. Гэта апраўдвала яго цвёрдасць у прыняццi рашэнняў, дазваляла браць на сябе поўную адказнасць за iх ажыццяўленне...».

Л.І. Брэжнеў уручае Ц.Я. Кісялёву залатую зорку  Героя Сацыялістычнай працы, 1977.

«Моцны арэшак, сапраўдны характар, — кажа пра яго Мiкалай Слюнькоў, якi працаваў першым сакратаром ЦК КПБ ужо пасля Кiсялёва. — Вось як было, напрыклад, з будаўнiцтвам металургiчнага завода ў Жлобiне. У Маскве разлiчылi, што ў СССР трэба пабудаваць 17 такiх аб’ектаў. Кiсялёў марудзiць не стаў, прычым не проста прасiў пачаць з Беларусi, а настойваў на самым сучасным аўстрыйскiм абсталяваннi. Тады я ўжо быў на пасадзе намеснiка старшынi Дзяржплана СССР i шмат у чым дапамог земляку — нам было проста мець зносiны i вырашаць справы».

Мiкалай Аляксандравiч Барысевiч узначальваў Беларускую акадэмiю навук 18 гадоў — з 1969 па 1987 год. Вось што пiсаў ён пра гэты перыяд жыцця рэспублiкi ў сваiх успамiнах:

«Аднойчы я зайшоў у кабiнет Старшынi Саўмiна Кiсялёва, каб папрасiць у яго 1 мiльён долараў ЗША. Грошы з бюджэту патрэбныя былi для закупкi сучаснага навукаёмiстага абсталявання. Трэба адзначыць, у 70-х гадах у СССР недастаткова ўвагi надавалася навуковаму прыборабудаванню. Кiсялёў выслухаў мяне i прапанаваў правесцi ў Мiнску мiжнародную выставу. «Няхай замежнiкi прывязуць да нас свае самыя лепшыя распрацоўкi, мы паглядзiм i выберам такое, каб нават Масква зайздросцiла», — сказаў ён. Панаехала тады гасцей. I на мiльён долараў мы купiлi такую тэхнiку, якой у тыя часы нават у Маскве не было, — гэта велiзарная падтрымка была для айчыннай навукi. Менавiта Кiсялёў прапанаваў у Iнстытуце фiзiкi стварыць грамадскi цэнтр — унiкальнымi спектрометрамi, аптычнымi i магнiтнарэзананснымi прыборамi карысталiся розныя ВНУ, iнстытуты. Людзi навукi дагэтуль удзячныя Кiсялёву: пры яго падтрымцы ў акадэмii заснаваны пяць iнстытутаў — бiяарганiчнай хiмii, электронiкi, ядзернай энергетыкi...»

Неяк у 1964-м Кiсялёў прапанаваў Кiрылу Мазураву махнуць за грыбамi сем’ямi. Ад’ехалi кiламетраў 50 ад горада, паглыбiлiся ў лес i раптам выйшлi на адкрытую паляну. Агледзелiся: побач разбураныя студнi, падмуркi, абгарэлыя трубы печаў. «Што тут было?» — пацiкавiлiся грыбнiкi ў старога, якi пасвіў побач кароў. Той распавёў страшную гiсторыю пра вёску Хатынь i яе жыхароў. Усю дарогу дадому Кiсялёў i Мазураў гутарылi пра тое, як бы ўвекавечыць памяць пра людзей, якiя тут жылi i трагiчна загiнулi. У хуткiм часе былi прыцягнуты архiтэктары, скульптары. А калi праект быў гатовы, то кiраўнiцтва, а рэспублiку на той момант ужо ўзначалiў Машэраў, вырашыла, што ў адным мемарыяльным комплексе трэба ўвекавечыць не толькi Хатынь, але i ўсе iншыя спаленыя беларускiя вёскi, якiя не былi адноўлены пасля вайны. Iх было нямала —186 вёсак. I, дзякуючы комплексу ў Хатынi, якi адкрыўся ў 1969 годзе, нi адна з iх не забытая.

З народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём, 1982.

Забываў пра дзень нараджэння

Што можна сказаць пра Кiсялёва як пра чалавека? Па сведчаннях людзей, якiя ведалi яго блiзка, цi проста працавалi побач, гэта была самабытная натура. Ён быў добра эрудыраваны, выдатна ведаў беларускую лiтаратуру, на памяць чытаў многiя урыўкi з твораў Максiма Багдановiча, Янкi Купалы, Якуба Коласа. Дарэчы, да юбiлеяў класiкаў нашай лiтаратуры, у 1982 годзе, ён выступiў у газеце «Правда» з артыкуламi — «Застанецца ўзорам» (да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы) i «Шчодрае сэрца паэта» (да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа). Немалы рэзананс выклiкалi i адказы першага сакратара ЦК КПБ на пытаннi карэспандэнта «Литературной газеты», апублiкаваныя ў красавiку 1982 года пад назвай «Кожны дом гаспадаром славiцца».

Жонка першага сакратара, Нiна Фёдараўна Лапiцкая, успамiнала: «Часам мне здавалася, што Цiхан не ведаў нават даты свайго нараджэння. Напярэдаднi юбiлеяў i выгляду не падаваў, што чакаецца свята, нiчога асаблiвага на гэты дзень не планаваў. Днi нараджэння адзначаў без натоўпу мiнiстраў i чыноўнiкаў. Дома за сталом збiралiся сваякi i блiзкiя сябры сям’i. Дарылi гальштукi, шкарпэткi, адэкалон».

Дарэчы, пазнаёмiлiся Цiхан Якаўлевiч i Нiна Фёдараўна ў 1937-м. Пасля заканчэння педагагiчнага вучылiшча Н. Лапiцкая па размеркаваннi трапiла ў Ельскi раён Гомельскай вобласцi. У жнiўнi павiнна была адбыцца чарговая настаўнiцкая канферэнцыя, але туды яна спазнiлася — затрымалася ў дарозе. А сустрэлiся яны ў Багуцiцкай сямiгодцы, дзе Нiна Фёдараўна мелася працаваць. «Прыгожы, з багатай шавялюрай хлопец, якi выкладаў беларускую мову i лiтаратуру, мне адразу спадабаўся. А як ён стараўся дапамагчы мне, гарадской дзяўчынцы, прывыкнуць да вясковага побыту! Сам знайшоў жыллё: для бяздзетнай пары гаспадароў я стала i дачкой, i кватаранткай, i настаўнiцай», — успамiнала яна шмат пазней.

Спадчына Кісялёва — Беларускі металургічны завод у Жлобіне.

Па словах Нiны Фёдараўны, для сваiх вучняў Цiхан Якаўлевiч ужо тады быў аўтарытэтам. Бо дзецi вельмi адчуваюць любы фальш з боку дарослых, таму шчырасць маладога настаўнiка вярталася яму з лiшкам.

Паляванне, рыбалка, грыбы — усё гэта было так рэдка. «Цiхан з дзяцiнства быў працаголiкам, — распавядала Нiна Фёдараўна. — Бацькi пазбавiўся ў два гады, мацi — у 18. У школьныя гады насiў разам з братамi адну пару ботаў. Такое цяжкае жыццё некаторых робiць слабымi, а ў Цiхана атрымалася наадварот. Праблемы i нягоды зрабiлi яго працавiтым, упартым, дапытлiвым, таварыскiм».

Але бывалi ў Кiсялёва i хвiлiны радасцi, i падарункi. Фiдэль Кастра аднойчы прывёз яму чарапаху. Генерал армii i Герой Савецкага Саюза Iван Траццяк перадаў ваенны бiнокль.

Кiраўнiкi саюзных рэспублiк дарылi стрэльбы (у калекцыi Кiсялёва было дзесяць дубальтовак). Ведалi: Кiсялёў заўзяты паляўнiчы. Птушак з прынцыпу не страляў, ездзiў паляваць на кабаноў. А вось рыбацкае шчасце Кiсялёў шукаў на Нарачы. Некалькi разоў, успамiнае Нiна Фёдараўна, выцягваў шчупакоў кiлаграмаў па пяць.

Дарэчы, нягледзячы на велiзарную занятасць па працы, сям’я ў Цiхана Якаўлевiча нiколi не была на апошнiм месцы. Старшыня Савета Мiнiстраў БССР, першы сакратар ЦК КПБ, намеснiк Старшынi Савета Мiнiстраў СССР, кандыдат у члены Палiтбюро ЦК КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, член Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР... Гэта ўсё — для краiны, а дома — проста муж для жонкi i тата дзвюх дачок. Напрыклад, у Кiсялёва заўсёды хапала часу на сямейны «праект»: кожны тыдзень у кватэры вывешваўся новы нумар насценгазеты «Наша сям’я». Карэспандэнтамi былi ўсе члены сям’i — i дзецi, дочкi Людмiла i Ангелiна, i дарослыя. Тэматыка — таксама даволi шырокая. Кожны мог напiсаць пра тое, што яго ў гэты момант хвалюе: бацькi апiсвалi праказы дачок, ператвараючы займальную гульню ў элемент выхавання, дзяўчынкi таксама маглi выказаць сваю радасць цi нязгоду па любой сямейнай падзеi.

«Не магу сказаць, — распавядала яго дачка Людмiла, што сям’я для бацькi была на другiм месцы, хутчэй яна стаяла на адной планцы з працай. Кожную вольную хвiлiнку, адпачынак, выхадныя ён праводзiў з намi. Дзецi нi разу не чулi грознага: «Тата заняты!».

Так, у Кiсялёва былi свае прынцып: нiколi ён не меў асабiстага аўтамабiля, акрамя службовай «Чайкi», дачу — таксама меў службовую. З партыйнага мiнулага бацькi i мужа — толькi кватэра ў Мiнску для ўсёй сям’i. Такi быў чалавек.

Ён пайшоў з жыцця 11 студзеня 1983 года, у 65 гадоў, ад невылечнай хваробы. Пахаваны Цiхан Якаўлевiч ў Мiнску на Усходнiх могiлках.

Загаловак у газеце: Вышыні школьнага настаўніка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.