Вы тут

Раман Тупіца месяц не дажыў да заканчэння афганскай камандзіроўкі


Ён любіў сваю вёску, рэчку, лес і велізарнае блакітнае неба, без якога не ўяўляў жыцця. Па дарозе з выпускнога вечара ён прызнаўся сваёй аднакласніцы: «Ведаеш, Марынка, я буду ваенным лётчыкам». Пасля заканчэння сярэдняй школы Рамана прызвалі ў армію. Раённы ваенкам, даведаўшыся, што юнак марыць стаць лётчыкам, даў накіраванне ў Саратаўскае ваеннае вучылішча лётчыкаў.


Лета 1979 года. На плячах Рамана Тупіцы — лейтэнанцкія пагоны. Наперадзе чакалі вайсковыя часці. Ужо на трэцім годзе службы юнака ўзнагародзілі ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 3-й ступені. Хто з маладых афіцэраў не марыць аб генеральскіх пагонах? Думаў зрабіць кар'еру і Раман. Вось толькі ніхто не здагадваўся, што неўзабаве адбудуцца падзеі, якія перакрэсляць усе яго планы.

Малады пілот трапіў у Афганістан у кастрычніку 1982 года. Экіпажы «вяртушак» выконвалі дэсантаванне спецназа, дастаўку боепрыпасаў, прадуктаў харчавання, вады, ратавалі параненых. У дзень — па 5-6 вылетаў. Сярод аднапалчанаў былі страты. Але яму ўвесь час шанцавала. Першая афганская камандзіроўка цягнулася да лістапада 1983 года. Потым быў адпачынак, які правёў у роднай вёсцы, дзе і сустрэўся з Марынкай. Перад ад'ездам ён папярэдзіў бацькоў, каб рыхтаваліся да вяселля, што доўга не затрымаецца. Але затрымаўся...

У снежні 1985 года капітан Раман Тупіца зноў апынуўся на афганскай зямлі. Ён, камандзір верталёта «Мі-8» у 280-м асобным верталётным палку (Кандагар), як і два гады таму разам са сваім экіпажам дастаўляў дэсантнікаў і спецназаўцаў для перахопу і дагляду караванаў, забяспечваў боепрыпасамі і харчаваннем цяжкадаступныя і горныя раёны, пад абстрэлам душманаў эвакуіраваў параненых з раёна баявых дзеянняў. І ўсё гэта ў саракаградусную спякоту! Адпраўляючыся на заданне раніцай, пілоты вярталіся на базу позна ўвечары, мыліся ў лазні і клаліся спаць. Наступная раніца — і ўсё спачатку.

У Афганістане Раман Тупіца здзейсніў 533 баявыя вылеты. 534-ты стаў для яго апошнім. Ён загінуў 29 чэрвеня 1986 года — усяго месяц не дажыў да канца афганскай камандзіроўкі. Па ўспамінах камэска 280-га палка палкоўніка Домрачава, трагедыя здарылася за 50 кіламетраў ад Кандагара. Экіпаж капітана Тупіцы рабіў пяты за дзень вылет, як верталёт абстралялі. Атрымаўшы пашкоджанні, перасталі дзейнічаць абодва рухавікі. Машына рэзка пачала губляць вышыню. На борце «Мі-8» знаходзіліся дзесяць пасажыраў і тры члены экіпажа. Раман правільна зрэагаваў на сітуацыю: зманеўраваў і ўхіліўся ад лабавога ўдару аб зямлю. Але ў апошні момант вінтакрылая машына зачапілася за бархан і некалькі разоў перакулілася. У раён катастрофы вылецелі два верталёты-пошукавікі. Калі яны вярнуліся, стала вядома, што з 13 чалавек загінуў толькі адзін... Раман Тупіца.

Ён ніколі не ўбачыў ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», якімі быў узнагароджаны пасмяротна. І не мог нават думаць пра тое, што яго імем будзе названа вуліца ў Глуску. Каб аддаць даніну памяці і павагі баявому таварышу, 15 лютага, у дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, як заўсёды, на мясцовых могілках у Побліне, дзе пахаваны Раман Тупіца, збяруцца былыя воіны-афганцы.

Валерый ВАСІЛЕЎСКІ,

Глускі раён

Загаловак у газеце: Улюбёны ў неба

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.