Вы тут

Прафілактыка правапарушэнняў у дачыненні да вясковых пенсіянераў


З нарастаннем працэсаў, якія нярэдка называюць выміраннем малых вёсак, абазначылася яшчэ адна негатыўная тэндэнцыя. Усё часцей крыўдзяць старых. Іх падманваюць, абкрадваюць, рабуюць, здараецца — забіваюць. Найлягчэй злачынцам дзейнічаць у невялікіх населеных пунктах, дзе застаецца зусім не шмат людзей. Здараюцца беды і ў вялікіх сёлах, дзе ахвярамі зламыснікаў становяцца таксама састарэлыя людзі.


Не так даўно ў дом да 77-гадовага жыхара вёскі Талмачава Столінскага раёна пастукаліся дзве жанчыны. Назваліся медыцынскімі работнікамі. Дзядуля не вельмі хацеў адчыняць, бо быў праінструктаваны роднымі. Але ж візіцёркі настойвалі, гаварылі пра пагрозу эпідэміі грыпу і неабходнасць усеагульнага абследавання і прафілактыкі.

Стары чалавек паддаўся на ўгаворы і адчыніў. Няпрошаныя госці ўзяліся за «абследаванне». Потым сказалі, што пенсіянеру паказаны масаж. Да справы прыступіла «масажыстка». За гэтымі махлярскімі маніпуляцыямі гаспадар не заўважыў, што ў дом паціху пранікла яшчэ адна дама, якая правяла сапраўдны вобыск. Потым госці развіталіся і пайшлі. Дзядуля не адразу заўважыў, што прапала 5 мільёнаў рублёў.

Сын, які прыйшоў наведаць бацьку, пасля яго расказу пра «медыкаў» праверыў рэчы, прадукты. Усё аказалася на месцы. Грошы былі прыхаваныя далей. І тут высветлілася, што махляркі знайшлі схованку. Белы халат — гэта ўжо своеасаблівы «почырк» прайдзісветаў, якія тут жывуць альбо проста наязджаюць на Століншчыну. У снежні падобны сцэнарый быў разыграны ў Рубелі, дзе ў пенсіянера таксама ўкралі грошы.

Махляры працуюць разнастайна і выкарыстоўваюць любую нагоду, каб стварыць падобную на праўду легенду. Як ужо гаварылася, могуць сыграць на эпідэміі сезонных захворванняў. Летась — аб гэтым пісалі — прайшла серыя крадзяжоў пасля аб'яўлення дэнамінацыі.

У Баранавічах і раёне знайшліся ахвотныя «памяняць грошы» пенсіянерам: у даверлівых старых забіралі зберажэнні, абяцалі прывезці новыя купюры назаўтра альбо праз дзень.

У такіх выпадках, нагадваюць праваахоўнікі, дапаможа толькі пільнасць. Зноў і зноў трэба расказваць пенсіянерам, як небяспечна бывае пускаць у дом незнаёмцаў. Ім нельга адчыняць дзверы, яшчэ лепш — прыгразіць выклікам міліцыі, і нязваныя госці паспяшаюцца сысці далей ад рашуча настроенага гаспадара.

Горш з мясцовымі п'яніцамі, бамжамі, якія нярэдка становяцца патэнцыяльнымі рабаўнікамі альбо нават забойцамі. Старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Брэсцкага абласнога УУС Валерый БУКАЧ расказаў, як летась да пенсіянеркі з Лунінца зайшоў хуліган і пагрозамі, а таксама сілай літаральна выбіў 800 тысяч рублёў, якія на той час знаходзіліся дома. У вёсцы Туры Столінскага раёна такое выбіванне скончылася трагічна, 72-гадовая жанчына загінула. У Кажан-Гарадку Лунінецкага раёна крыху менш за год таму, не атрымаўшы грошай адразу, сын асудзіў састарэлую маці на пакутніцкую смерць: абліў гаручай сумессю і падпаліў... На вялікі жаль, пералік злачынстваў можна доўжыць. Калі ў 2014 годзе ў Брэсцкай вобласці ў дачыненні да пажылых грамадзян было здзейснена 1243 правапарушэнні, то летась іх колькасць павялічылася на дзве сотні.

Абсалютную большасць у названых лічбах складаюць крадзяжы. Крадуць бульбу і агародніну, веласіпеды, хатнія рэчы, ну і найчасцей — грошы. Як ужо гаварылася, паменшыць размах злачыннасці ў дачыненні да старых можна толькі тлумачальнай работай, на мове супрацоўнікаў міліцыі — прафілактыкай. Валерый Букач падрабязна расказвае пра дзейнасць рабочых груп у ходзе выканання комплексу мерапрыемстваў пад назвай «Увага! Узрост». Цягам мінулага года ў кожным раёне была створаная рабочая група з ліку прадстаўнікоў райаддзелаў міліцыі, МНС, часта туды ўваходзяць супрацоўнікі сацыяльнай службы, абавязкова — мясцовых сельвыканкамаў. У кожным з раёнаў прыкладна за два тыдні група наведвае большасць населеных пунктаў, дзе службовыя асобы сустракаюцца з пажылымі людзьмі. Найперш пенсіянерам тлумачаць правілы паводзінаў пры паяўленні незнаёмых людзей, расказваюць, што дом трэба трымаць на замку, калі знаходзішся ўнутры і калі выходзіш нават на непрацяглы час.

Паводле слоў Валерыя Валер'евіча, у гэтай сітуацыі важна менавіта ахапіць найбольшую колькасць грамадзян:

— Распытваем у пажылых, што непакоіць найбольш, хто крыўдзіць альбо вызначаецца асацыяльнымі паводзінамі. Бывае, адзінокія пенсіянеры расказваюць, што суседа-п'яніцу яны літаральна пабойваюцца, бо праз дзень спрабуе пазычыць грошы. І спробы з часам становяцца ўсё больш навязлівымі. Здаралася, што пасля названых сустрэч некаторых парушальнікаў грамадскага спакою даводзілася ізаляваць. Іх накіроўвалі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У дачыненні да іншых узмацнялі прафілактычную работу ўчастковыя.

На гэты год у райаддзелах таксама складзены графік рэйдаў рабочых груп. І ў шэрагу раёнаў яны прыступілі да работы. Даводзіцца пагадзіцца з інспектарам, што галоўнай заслонай супраць падобных злачынстваў бачыцца пільнасць саміх пажылых людзей.

Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Брэсцкага УУС Сяргей ДУЧЭНКА падкрэсліў, што міліцыя цяпер выкарыстоўвае любую магчымасць, каб лішні раз напомніць пенсіянерам пра бяспеку. Ну вось, напрыклад, праводзілі ў студзені ў Пружанах абласны семінар па ахове гандлёвых аб'ектаў спажывецкай кааперацыі. Там было многа работнікаў сельскага гандлю. Акрамя асноўных пытанняў парадку дня, міліцыянеры зрабілі акцэнт і на асветніцкай рабоце. Прасілі прадаўцоў, загадчыкаў крам заўсёды напамінаць пакупнікам аб неабходнасці клапаціцца пра грошы і маёмасць. Бывалі выпадкі, калі кралі веласіпеды, якія людзі пакідалі каля крамы. Здараецца, паставіць пенсіянер свой веласіпед пры сцяне магазіна, а сам пасля пакупкі прадуктаў зойдзе на пошту, ФАП, яшчэ куды. Вяртаецца — а двухколавай машыны няма. Калі ж прадавец напомніць наведвальнікам пра падобныя выпадкі, то гаворка зойдзе і пра махлярствы, падманы. Глядзіш, і праведзена мінімальная тлумачальная работа. Сельская крама ж сёння — найбольш папулярнае грамадскае месца.

* * *

Аб тым, што трэба ўсімі сіламі і сродкамі абараніць сталых людзей ад злачынных намераў, гаварылася на калегіі МУС па выніках працы органаў унутраных спраў за 2015 год з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Надта часта нашы пажылыя выглядаюць безабароннымі перад любым злачынным элементам. Некалькі гадоў таму давялося пачуць ад сельскай бабулі з Баранавіцкага раёна, сусед якой адбываў другі тэрмін пакарання, літаральна наступнае: «Хоць бы я памерла, пакуль ён прыйдзе з турмы». Відавочна, што жыць з пастаянным страхам у душы вельмі цяжка. Прымусіць пенсіянераў дзень і ноч сядзець пад замком таксама нерэальна, яны і так пакутуюць ад недахопу зносін. Значыць, трэба большую ўвагу звярнуць на грамадзян, якія ўяўляюць сабой пагрозу для спакою састарэлых.

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто стукае ў дзверы?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.