Вы тут

Вайна — гэта жахліва


У медыцыне існуе паняцце фантомнай канечнасці. Пасля ампутацыі чалавек не адчувае страты. Яму падаецца, што рука ці нага па-ранейшаму пры ім. Страчаная канечнасць нават баліць фантомным болем. А калі страціць не руку, а чалавека, які быў часткай цябе? Усё тое ж самае. Проста будзеш не цягнуць за кубкам фантомную руку, а казаць фантомнаму чалавеку: «Саша, вынесі смецце...»


«Саша, вынесі смецце» — п'еса аднаго з самых вядомых сучасных украінскіх драматургаў Наталлі Варажбіт. Палкоўнік украінскай арміі, начальнік кафедры Вайсковай акадэміі, а для жонкі і падчаркі проста Саша, раптоўна памірае ад сардэчнага прыступу на падлозе ў ванным пакоі. Жонка Каця і цяжарная падчарка Аксана рыхтуюць памінкі, праз год ставяць помнік на магіле, вучацца жыць без Сашы. Аднак яго фантом увесь час разам з імі. Напачатку — збольшага адмоўны. Каця з крыўдай за тое, што засталася адна, прыгадвае не лепшыя моманты сямейнага жыцця: піў, усё сама, нічога добрага не бачыла. Праз год боль страты крыху прытупляецца і вобраз Сашы кананізіруецца — такі ўжо быў харошы: і Аксанку за сваю лічыў, і сапраўдны мужык, і жылі за ім як за каменнай сцяной. Нарэшце Саша прыходзіць да сваякоў з таго свету і абвяшчае пра сваё рашэнне вярнуцца, каб прыняць удзел у шостай мабілізацыі. На тым свеце шмат афіцэраў, якія імкнуцца прыняць удзел у ваенных дзеяннях, аднак патрабуецца дазвол родных. Але Каця і Аксана рашуча адмаўляюцца ад такога ўваскрасення. Невыноснасць думкі, што Сашу могуць забіць на вайне, куды жахлівей, чым радасць ад яго вяртання...

Антываенную п'есу Наталлі Варажбіт паставіў у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры рэжысёр больш вядомы шырокай публіцы як драматург — Дзмітрый Багаслаўскі. Адсюль, пэўна, і асаблівая ўвага да тэксту, у якім Н. Варажбіт спалучае містычную фабулу з простымі жыццёвымі дыялогамі. У пэўныя моманты акцёры забываюцца на побытавае маўленне і пачынаюць бясконца паўтараць свае рэплікі, сакралізуючы тэкст, падкрэсліваючы містычнасць таго, што адбываецца.

Адзін з ключавых момантаў рэжысёрскага рашэння — выбар прасторы. Гэты тэатральны сезон увогуле дазваляе спадзявацца, што даўняя мара тэатральнай супольнасці пра асваенне новых камерных ці нетэатральных пляцовак паціху пачынае спраўджвацца. Адкрылася камерная сцэна ў Купалаўскім, абжыты сутарэнні Маладзёжкі. Так, каб паглядзець «Саша, вынесі смецце» 40 гледачам даводзіцца спускацца ў падвал. Спектакль пачынаецца яшчэ ў момант праходу ўздоўж светлых сцен ды серабрыстых трубаў. Такія сабе 40 Арфеяў, што спускаюцца ў царства мёртвых...

Сцэнічная пляцоўка паўстае перад гледачамі ў аўтэнтычным выглядзе — тэхнічныя канструкцыі, планіроўка захаваныя. Адзінае, без чаго не абысціся, — тэатральнае святло. Дарэчы, святло ў спектаклі выконвае функцыю своеасаблівай мяжы ці яе адсутнасці. Так, дзверы ў той свет ззяюць блакітным. Уваходзіць і выходзіць з іх толькі Саша. Цвердапаліўны кацёл, у якім з'яўляецца неабходнасць з-за магчымых наступстваў ваенных дзеянняў, увасабляецца чырвонымі водбліскамі акурат на гледачах, уключае залу ў дзеянне, стварае атмасферу трывогі і ілюзію катла ваеннага. У памяці ўсплывае музейны муляж, панарама з танкамі і салдацікамі, а потым кадры з сучасных навінаў...

Па баках сцэны — шэсць тэлевізараў. На іх экранах часам з'яўляюцца рэмаркі, што яшчэ раз падкрэслівае асаблівую ўвагу рэжысёра да тэксту. У адной са сцэн на экранах візуалізуюцца фрэскі з зямнога жыцця Сашы (гэта ўласна і завяршае кананізацыю яго вобраза). Большую ж частку дзеяння на экранах — тэлевізійны шум. Прывітанне з мінулага, бо дзе ж ты яго ўжо сёння пабачыш па тэлевізары, той шум? Спроба перамясціць гледача ў стан калі ён ноччу прачынаецца каля такога экрана? Прыкмета невядомага, трывожнага, безчасовага?

Гэта спектакль простых і эфектных рашэнняў (сцэнаграфія Вольгі Грыцаевай; касцюмы Вікторыі Ця-Сен). Помнік на магіле Сашы паўстае з кавалка цеста, які Каця раскатала на памінальныя піражкі. Прасціну цеста вешаюць на аўтэнтычную металічную канструкцыю па левым баку сцэны. Каця робіць у цэнтры круглую дзірачку... Напачатку такое рашэнне падаецца крыху нязграбным, але праз колькі хвілін цеста выцягваецца — і побач з лампадкай і штучнымі кветкамі паўстае вядомая кожнаму мадэль помніка са скошаным краем і авальным медальёнам унутры.

Акцёры ідуць услед за рэжысёрам у пошуках новай шчырасці ва ўвасабленні сучаснага тэксту. Яны фіксуюць паўсядзённасць, найперш у маўленні. Найлепш для вобразаў, створаных акцёрскім ансамблем (Аляксандр Пашкевіч, Наталля Анішчанка і Любоў Пукіта), падыдзе слова шараговасць. Але ў найлепшым сэнсе, сінонім якога — пазнавальнасць. Падаецца, што за дзвярамі кожнай другой кватэры знойдзецца такая ж сям'я.

Акцёры і рэжысёр дэкларуюць тое, што напісаў драматург. У п'есе «Саша, вынесі смецце» Наталля Варажбіт не займае ніякіх палітычных пазіцый. Яна пераносіць ваенны канфлікт у плоскасць гендарных адносін, звяртаючыся да архетыпаў: мужчынскага абавязку ісці на вайну і жадання жанчыны гэтага не дапусціць. П'еса Варажбіт — выразнае антываеннае выказванне. Драматург падкрэслівае, што вайна, абсалютна любая вайна — гэта жахліва. Настолькі, што мёртвыя прагнуць вярнуцца адтуль, адкуль ніхто не вяртаецца. Настолькі, што калі прапанаваць жанчыне вярнуць каханага з таго свету, дзеля таго, каб адправіць яго на вайну, яна адмовіцца...

...Шлях большасці гледачоў, што выходзяць з Маладзёжнага тэатра, пралягае акурат каля Вайсковых могілак. Вайсковых... За агароджай відаць помнікі са скошаным краем і медальёны-фотаздымкі. Мне здаецца, фінал спектакля адбываецца менавіта тут, калі гледачы ідуць пасля прагляду ўздоўж шэрагаў помнікаў...

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.