Вы тут

На вуліцы Вялікая Грамадзянская ў Магілёве чакаюцца істотныя змены


На вуліцы Вялікая Грамадзянская ў Магілёве чакаюцца істотныя змены. Там плануюць аднавіць Свята-Пакроўскую царкву, рэстаўраваць і музеефікаваць знойдзеныя падмуркі званіцы. Акрамя таго з'явіцца некалькі новых будынкаў, прылеглая тэрыторыя вуліцы будзе добраўпарадкавана. Магіляўчане могуць выказваць свае меркаванні адносна новага праекта падчас грамадскага абмеркавання, якое праходзіць да 26 лютага ў холе Магілёўскага райвыканкама. Праз свае заўвагі і прапановы можна паўплываць на канчатковае рашэнне — якім быць храму?..


Кла­січ­ны ва­ры­янт за­вяр­шэн­ня бу­ду­чай Свя­та-Па­кроў­скай царк­вы.

Па заказе Свята-Мікольскага жаночага манастыра эскізную прапанову праекта выконвалі спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (дарэчы, гэтая распрацоўка стала лаўрэатам ХІ рэспубліканскага конкурсу на лепшы архітэктурны праект у намінацыі «рэстаўрацыя»). Іх прапанова зробленая на падставе комплексных навуковых даследаванняў і прадугледжвае аднаўленне царквы ў традыцыях магілёўскай архітэктурнай школы ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў, калі яна была пабудаваная, — так званага магілёўскага барока.

Далейшую працу выконвалі ў «Магілёўграмадзянпраекце», дзе зрабілі архітэктурны праект. Аднак іх распрацоўка прадугледжвае аднаўленне царквы ў тым выглядзе, які яна атрымала пасля перабудовы 1863—1866 гадоў, калі некаторыя арыгінальныя рысы стылю ў выніку праведзеных прац аказаліся страчанымі.

У чым жа істотная розніца двух праектаў?.. Першая прапанова прадугледжвае шаломападобнае завяршэнне царквы. Другі ж варыянт прапануе выканаць завяршэнне царквы ў класічным стылі — у выглядзе цыбулін.

Пра вартасці адметнай архітэктурнай школы, якая была на Магілёўшчыне, распавёў старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон АСТАПОВІЧ:

— Аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы ў стылістыцы магілёўскай рэгіянальнай школы барока — гэта не толькі адраджэнне страчанага архітэктурнага аб'екта, але і вяртанне культурнай з'явы, традыцыі архітэктуры, генэзіс якой можна прасачыць яшчэ з эпохі Рэнесансу, з пачатку ХVІ стагоддзя. Гэта праява еўрапейскага дойлідства, якое прыйшло да нас з Любліншчыны, а далей праз Вільню, Мінск на падняпроўскія землі, дзе ў Магілёве трансфармавалася пад уплывам мясцовых культурных традыцый і нарадзіла ўнікальны стыль, які пазней распаўсюдзіўся далёка за межы Беларусі.

За­вяр­шэн­не царк­вы ў тра­ды­цыі ма­гі­лёў­ска­га ба­ро­ка.

Варта дадаць, што менавіта з магілёўскага барока ў ХVІІІ стагоддзі выйшла знакамітае ўкраінскае мазепінскае барока. Яго лепшыя прыклады можна ўбачыць у канструкцыі сабораў у Чарнігаве, Палтаве, Кіеве. Справа ў тым, што тэрыторыя Левабярэжнай Украіны панесла страты ў Паўночнай вайне. Менавіта магілёўскія арцелі майстроў пачалі актыўна запрашаць туды для рэканструкцыі храмаў і пабудовы новых. Такім чынам магілёўская школа прыйшла на Украіну.

Ці будзе абраны праект аднаўлення царквы ў традыцыйным для гэтай мясцовасці стылі, залежыць у тым ліку ад грамадскага абмеркавання. Да ўвагі будуць прымацца прапановы, абгрунтаваныя заканадаўчымі актамі ці тэхнічнымі нормамі. Пасля іх разгледзяць на абласной экспертызе, у якую ўваходзяць архітэктары, канструктары, спецыялісты па стандартызацыі. Яны прааналізуюць прапановы, што паступяць падчас грамадскага абмеркавання, і калі знойдуць іх слушнымі, могуць іх падтрымаць. Дарэчы, у нашай краіне дастаткова прыкладаў, калі пасля грамадскага абмеркавання лёс некаторых будынкаў істотна змяняўся: яны ўвогуле не ўзводзіліся або планы па іх пабудове істотна карэкціраваліся.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Магілёўскае барока ці класіцызм?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».