Вы тут

Час зарабляць добрыя грошы


Створаны будаўнічы холдынг, з дапамогай якога нашым прадпрыемствам стане прасцей выходзіць на буйныя праекты за мяжой.

А ўвогуле міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Чорны ўпэўнены, што сёлета будаўнічая галіна павінна сур'ёзна наладзіць далейшую дыверсіфікацыю тавараў і паслуг на знешнія рынкі, а для жыхароў краіны — узводзіць жыллё з мінімальнай «накруткай».


Дзясяткі прадпрыемстваў — у адной звязцы

«Літаральна на днях мы зарэгістравалі холдынг, у які ўвайшлі 18 нашых прадпрыемстваў з агульнай колькасцю супрацоўнікаў каля 35 тысяч чалавек», — сказаў міністр. Новая структура атрымала назву «Белбудцэнтр». Холдынг створаны менавіта для развіцця экспарту будаўнічых паслуг. Кіраўніцтва галіны не збіраецца перападпарадкоўваць прадпрыемствы, бо яны застаюцца юрыдычнымі асобамі, працягваюць весці сваю эканамічную дзейнасць і ўнутры краіны і працуюць самастойна. Але дывідэнды, якія налічваюцца на працягу года, будуць ісці ў агульны фонд і назапашвацца на рахунках, каб мець эканамічныя гарантыі пры выхадзе на буйныя экспартныя праекты. Анатоль Чорны нагадаў, што сёння пры ўдзеле ў тэндарах трэба даць альбо банкаўскія гарантыі, альбо заклады (ад 5 да 10% ад кошту аб'екта).

А гэта пытанне складанае. Сёння не ў кожнага прадпрыемства ёсць магчымасць атрымаць банкаўскую гарантыю, да таго ж шэраг з іх мае вялікую дэбіторскую запазычанасць. Самастойна выходзіць на знешнія рынкі з такім эканамічным багажом праблематычна. «А цяпер у холдынгу будзе свой бюджэт, і ён зможа гэтыя грошы выкарыстоўваць як гарантыю, а значыць, удзельнічаць і перамагаць у тэндарах», — лічыць міністр.

Аптымізавалі штат

Анатоль Чорны праінфармаваў, што зніжэнне на 20% інвестыцый, што прыцягваюцца ў цэлым у эканоміку, адбіліся і на дзейнасці будаўнічага комплексу. Таму летась прадпрыемствы галіны былі недазагружаныя і займаліся пошукам працы.

У такіх умовах трымаць «раздзьмуты» штат стала недазваляльнай раскошай. А ў выніку было вырашана стабілізаваць колькасць работнікаў будаўнічага комплексу. Калі ў пачатку 2014 года ён налічваў 200 тысяч чалавек, то летась было ўжо 198 тысяч. «Практычна з такой колькасцю мы і завяршылі мінулы год. Намі была дасягнута пэўная раўнавага, праведзена рэструктурызацыя прадпрыемстваў. Давялося правесці аптымізацыю па некаторых спецыяльнасцях», — сказаў Анатоль Чорны.

Знізіць сабекошт дапамогуць торф і... смецце

Міністр адзначыў, што яшчэ пару гадоў таму цэмент і шкло былі галаўным болем галіны, але за апошні час сітуацыя тут значна палепшылася.

Напрыклад, у 2013 годзе сабекошт беларускага цэменту складаў 80 долараў за тону (у эквіваленце), а ў апошні месяц 2015-га — ужо 41,9 долара.

Плануецца, што сёлета да красавіка ў Беларусі атрымаецца знізіць сабекошт цэменту да 35 долараў.

Значнага зніжэння затрат удалося дасягнуць за кошт працы з пастаўшчыкамі сыравіны:

— Шляхам перамоў мы дабіліся зніжэння кошту сыравіны. У мінулыя гады цэментныя заводы закуплялі вугаль па кошце каля 100 долараў за тону. Калі мы выйшлі на прамых пастаўшчыкоў, цана знізілася ўдвая, а гэта дало зніжэнне сабекошту цэменту, — сказаў Анатоль Чорны.

Таксама дапамагла актыўная праца над выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Цяпер на кожным з трох беларускіх цэментных заводаў (у Крычаве, Касцюковічах, Краснасельску) зрабілі і дзейнічаюць устаноўкі па спальванні торфу. А гэта дазваляе замяніць 20% імпартнага вугалю ўласнай сыравінай з больш нізкім коштам. Толькі сёлета за кошт замены вугалю цэментныя прадпрыемствы атрымаюць эканомію ў 11 мільёнаў долараў.

Яшчэ адным спосабам эканоміі можа стаць выкарыстанне RDF-паліва, якое магчыма рабіць са смецця. Дарэчы, у краінах Еўропы на цэментных заводах асноўным кампанентам энерганосьбітаў з'яўляецца менавіта такое паліва. А ў нас першыя крокі ў гэтым напрамку зрабілі ў Магілёўскай вобласці. Сёлета ў гэтым рэгіёне плануюць атрымаць пробны варыянт RDF-паліва. У перспектыве можна перавесці ўсе тры заводы на стапрацэнтнае спальванне смецця.

Увогуле па вытворчасці цэменту ў нас нават залішнія магутнасці. Спажываем мы ў краіне не больш за 4 млн тон цэменту, а маем аб'ём вытворчасці толькі сухім спосабам 6,6 млн тон. Сёння заводы ў стане прадаваць цэмент з прыбыткам у Расію. Толькі сёлета туды плануецца экспартаваць каля 1,2 млн тон. Аднак на расійскім рынку нашым вытворцам вельмі складана канкураваць з мясцовымі з-за больш нізкіх цэн на энерганосьбіты. Таму вядзецца актыўная работа па дыверсіфікацыі збыту. Напрыклад, сёлета плануецца прадаць каля 500 тысяч тон на рынкі Еўропы.

Выйшлі на плюс і па шкле

У пачатку 2014 года сабекошт беларускага шкла складаў 2,8 долара за квадратны метр, а прадавалі яго за 1,7 «зялёнага», каб пазбавіцца ад складскіх запасаў. Сёння сабекошт нашага шкла складае ўжо 1,96 долара пры цане на рынку 1,98 долара. Прыбытак невялікі, але добра, што ён з'явіўся.

Значна палепшылася становішча «Гомельшкла», у тым ліку за кошт падаражэння шкла на еўрапейскіх рынках. Цяпер рыхтуюцца да падпісання кантакты на пастаўкі беларускай прадукцыі ў Польшчу і Германію ў аб'ёме 8,5 млн квадратных метраў шкла. Акрамя таго, заключаны кантракты з Украінай на пастаўку 13 млн квадратных метраў шкла, невялікі аб'ём прадукцыі пастаўляецца ў Турцыю і Італію. «Большую частку атрыманага на заводах шкла мы ўжо цяпер прадаём на маржынальныя рынкі і не залежым ад курсу расійскага рубля — тут у нас стабільныя кантракты ў доларах і еўра», — падкрэсліў міністр.

Працягваецца мадэрнізацыя завода. У планах на другое паўгоддзе скончыць наладку і запуск лініі па вытворчасці энергаэфектыўнага шкла. Гэта дазволіць не толькі знайсці новыя рынкі для экспарту, але і адмовіцца ад дарагога імпарту, бо зараз энергаэфектыўнае шкло Беларусь закупляе за мяжой. Новая лінія дасць магчымасць вырабляць на першым этапе каля 4 млн квадратных метраў такога шкла з магчымасцю давядзення аб'ёму да 8 млн квадратных метраў. «Гэта дазволіць выйсці на дадатковыя рынкі, ужо ёсць папярэднія кантракты на пастаўкі энергаэфектыўнага шкла на экспарт», — растлумачыў сітуацыю Анатоль Чорны.

Трэба браць аб'екты «пад ключ»

Далейшая мадэрнізацыя асноўных заводаў і аптымізацыя штату ўсіх праблем галіны не вырашыць. Застаюцца цяжкасці з вырабам цэглы і керамікі. Таксама заводы, якія маюць выгадныя кантракты, сёння паказваюць не лепшыя вынікі фінансавай дзейнасці. У прыватнасці, цэментныя заводы, якія працуюць з рэнтабельнасцю продажаў ад 3% да 8%, лічацца стратнымі.

«Работнікам прадпрыемства цяжка гэта прымаць. Яны вырабляюць, прадаюць і ўсё роўна атрымліваюць страты. Але страты, якія паказваюцца ў справаздачах, узнікаюць па прычыне абслугоўвання раней узятых крэдытаў. Калі б не было крэдытаў, то прадпрыемствы былі б прыбытковымі», — патлумачыў міністр.

Анатоль Чорны адзначыў, што кіраўніцтва Мінбудархітэктуры актывізавала працу па выхаду на новыя рынкі. Сёлета па экспарце будаўнічых паслуг галіна рэальна разлічвае атрымаць даход 100,3% у грашовым вымярэнні да ўзроўню 2015 года, нягледзячы на ваганні курсу расійскай валюты. У 2015 годзе заданне па экспарце было выканана толькі на 85% да ўзроўню 2014 года. «Калі б курс так моцна летась не вагаўся, то паказчык быў бы на ўзроўні 104%», — упэўнены кіраўнік галіны.

Сёння прадпрыемствы адразу трох рэгіёнаў Беларусі ўдзельнічаюць у будаўніцтве жылля ў Калужскай вобласці Расіі. У перспектыве гэта будзе цэлы жыллёвы комплекс з колькасцю не менш як 6 шматпавярховых дамоў. І галоўнае тут у арганізацыі ўсяго працэсу будаўніцтва з далейшай рэалізацыяй ужо гатовых аб'ектаў. А такую задачу нашы прадпрыемствы могуць выканаць толькі ў складзе адзінага магутнага холдынгу.

 kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.