Вы тут

Сустрэліся Папа Рымскі Францыск і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл


Днямі адбылася эпахальная падзея. Упершыню ў гісторыі дзвюх хрысціянскіх Цэркваў сустрэліся Папа Рымскі Францыск і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Як гэта сустрэча паўздзейнічае на нашу рэлігійную супольнасць, грамадства і ўвогуле свет?


— Неабходнасць сустрэчы наспела ўжо даўно і абмяркоўваецца не першы год, — гаворыць старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускага Экзархата протаіерэй Сергій ЛЕПІН. — Магчымай яна стала менавіта цяпер, а раней яе правесці не ўдавалася. Напрыклад, нябожчык Патрыярх Алексій ІІ яшчэ ў 1997 годзе планаваў сваю сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ у аўстрыйскім Грацы, але сустрэча так і не адбылася, бо не атрымалася ўзгадніць праект рэзалюцыйнага дакумента ў пунктах, якія тычацца ўніяцкага пытання.

Па словах Сергія Лепіна, зараз зрабіць крокі насустрач адзін аднаму двух іерархаў зматывавала сучасная міжнародная абстаноўка. Гэта, у першую чаргу, сітуацыя на Блізкім Усходзе, дзе хрысціяне ўсіх канфесій тысячамі становяцца ахвярамі рэлігійных пераследаў і нават фізічнага знішчэння. У той жа час протаіерэй прызнаецца, што «для нас вельмі важны тэкст Сумеснай заявы Папы Рымскага Францыска і Найсвяцейшага Патрыярха Кірыла». «Ён нагадвае нам пра тое, што мы, нягледзячы на розніцу ў дактрынах, усё роўна застаёмся братамі, аб'яднанымі агульнай Традыцыяй першага тысячагоддзя існавання хрысціянства», — лічыць айцец Сергій.

У тэксце таксама падкрэсліваецца неабходнасць сумеснай працы католікаў і праваслаўных у справе абвяшчэння Евангелля ва ўсім свеце. «Мы не сапернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны зыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у адносінах адзін да аднаго і да навакольнага свету», — гаворыцца ў дакуменце. Па словах Сергія Лепіна, прынцыповым для Царквы з'яўляецца і тое, што ў заяве асуджаецца унія як метад аб'яднання праваслаўных і католікаў.

На пытанне «Звязды», ці паўплывае сустрэча на адносіны паміж беларускімі праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ адказвае так: «Гэта адно з тых пытанняў, на якое варта адказваць фразай «час пакажа». У сапраўдны момант праваслаўна-каталіцкія адносіны ў Беларусі і так дастаткова цёплыя, хоць, зразумела, няма мяжы дасканаласці. Спадзяюся, што праведзеная сустрэча паспрыяе справе міру — як палітычнага, так і канфесійнага».

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай Царквы, выказаў сугучную думку, каментуючы сустрэчу прадстаяцеляў: «У католікаў і праваслаўных на Беларусі заўсёды былі добрыя адносіны, але яны будуць развівацца яшчэ больш дынамічна пасля гэтай сустрэчы. Я ўпэўнены ў гэтым, таму што і католікі, і праваслаўныя павінны браць прыклад з двух пантыфікаў».

Па яго словах, падчас сустрэчы іерархі ахапілі вельмі шырокі спектр пытанняў — ад стану хрысціян на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы да падтрымкі сямейных каштоўнасцяў. Асаблівую ўвагу прадстаяцелі звярнулі на праблему вырашэння сучасных канфліктаў. «Папа і Патрыярх сумесна ўзнеслі свой голас у справе ўсталявання трывалага міру ў гэтым рэгіёне шляхам перамоў, а не эскалацыі канфлікту. Пры гэтым яны падкрэслілі, што ў нашу трывожную эпоху неабходна развіваць міжрэлігійны дыялог і ніколі не апраўдваць злачынства рэлігійнымі лозунгамі», — падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.

На думку мітрапаліта, асабістая сустрэча іерархаў «будзе спрыяць зняццю бар'ераў для больш эфектыўнага супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі». Вынікі гістарычнай сустрэчы Папы і Патрыярха ўжо вядомыя і «цяпер неабходна маліцца, каб свет, які стаіць на краі бездані, услухаўся ў іх голас».

— Гэта сустрэча сапраўды гістарычная для абодвух бакоў, — лічыць Абу-Бекір ШАБАНОВІЧ, муфцій Беларусі, кіраўнік Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь. — Я ацэньваю яе станоўча. Мы бачым, што хрысціянскі свет сёння абудзіўся дзеля не толькі ўмацавання рэлігіі, але і падтрымкі сваіх вернікаў. Зараз гэта неабходнасць. Бо мы перажываем часы выпрабаванняў, невядомых дагэтуль свету выклікаў. Яны дайшлі на такой кропкі, што неўзабаве можа распачацца вайна. І, на жаль, у яе могуць быць уцягнуты і вернікі. Бо ўсе мы адказныя за тое, што адбываецца вакол: і іудзеі, і мусульмане, і хрысціяне. Усе канфесіі. Усявышні не адрознівае нас па веравызнанні. Толькі па сіле нашае веры і стаўленні да іншых.

Па словах муфція Беларусі, таксама вельмі важна, што сустрэча прадстаяцеляў прайшла на роўных. «Будзем прасіць Бога, каб такія крокі рабілі ўсе, у тым ліку і мусульмане. Мы таксама часта праводзім канферэнцыі, форумы, семінары, але гэта мала агучваецца і ўсе заклікі застаюцца паміж намі. Варта на ўвесь свет заяўляць, даваць ацэнкі пэўным падзеям. Напрыклад, тым, што адбываюцца зараз на Блізкім Усходзе. Яны ганьбуюць сапраўдны іслам», — упэўнены Абу-Бекір Шабановіч. На яго думку, варта было б праводзіць сумесныя сустрэчы ўсім вядучым сусветным рэлігіям і супольна даваць адказы на пытанні, якія ставіць перад грамадствам сучаснасць.

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сустрэча тысячагоддзя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.