Вы тут

Страшныя дні ў Афгане


Жорсткая вайна ў Афганістане стрэмкай засела ў душах беларусаў. Гэта сапраўды незагойная рана. І многія нават у 27-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афгана згадваюць тыя падзеі асцярожна, каб штосьці крохкае не закрануць у душы, не нашкодзіць. Нашага сённяшняга суразмоўцу Уладзіміра Буцько, падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы, які абляцеў ледзь не ўвесь Афганістан, на вайну забралі ў 30-гадовым узросце. Ён папоўніў шэрагі спецыяльнага падраздзялення «Кобальт», аднаго з самых засакрэчаных у Міністэрстве ўнутраных спраў СССР. Атрад мусіў не толькі дапамагаць царандою, афганскай міліцыі, але і вызначаць месцазнаходжанне бандфарміраванняў, дапамагаць іх знішчэнню.


— У кастрычніку 1980 года я запоўніў дакументы на адпраўку ў Афганістан, — успамінае суразмоўца, якога двойчы камандзіравалі ў гэтую паўднёвую краіну. — На той момант узначальваў аддзяленне службы па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай маёмасці Упраўлення ўнутраных спраў Мінскай вобласці. У пісьме, якое прыйшло да нас з Масквы, было напісана: патрабуюцца аператыўнікі з вопытам працы, не старэйшыя за 40 гадоў, члены партыі, жанатыя. Такім сярод сваіх калег аказаўся я. Але гэтага было недастаткова. На магчымасць працаваць у гарачым клімаце нас правяралі на спецыяльнай медкамісіі, якая была нават больш строгая, чым тая, якую мы праходзілі пры паступленні ў органы ўнутраных спраў. Яна цягнулася тыдзень. Дагэтуль я ўжо паспеў папрацаваць у МУС Якуціі, сутыкнуўся з анамальнымі тэмпературамі. Памятаю, прылятаю ў камандзіроўку ў Аймякон, а за бортам самалёта мінус 70 градусаў. І, што цікава, пераносіцца прасцей, чым нашыя мінус 20. Таму, што тычыцца надвор'я, я гатовы быў да ўсяго. Прайшоў камісію і працягваў працаваць далей, як раптам 6 сакавіка тэлефануюць і кажуць, 8-га павінен быць у Ташкенце ў школе міліцыі. Нас, а было там 680 чалавек, па 13 на кожную афганскую правінцыю, месяц рыхтавалі. Пераважна вучылі барацьбе і стральбе з усіх відаў зброі. У тым ліку з гранатамёта. Асаблівы ўпор рабілі на занятках уначы. Нас на аўтобусах вывозілі ў стэп на стрэльбішча. Глядзіш — наперадзе, за 400 метраў ад цябе, мігціць лямпачка, а ты павінен яе збіць з аўтамата.

* * *

Першае маё ўражанне ад Афганістана — у краіне феадальны лад. У афганцаў на той момант быў 1363 год. Новы год адзначалі ў ноч з 20 на 21 сакавіка. Краіна не даследаваная. Няма карт. Я ніколі не бачыў, каб нехта з мясцовых працаваў. Толькі гандлююць і гарбату п'юць. Калі былі ў Фар'ябе, мы толькі двойчы на дзень атрымлівалі ваду. І яна ў Афганістане пераважна дрэннай якасці. Каб абясшкодзіць яе, кідалі ў фляжку таблетку, увесь час кіпяцілі. Не было святла. Затое ў афганскіх крамах можна было набыць усё, што робяць у свеце. Памятаю, ідзеш па Кабуле, на адной вуліцы прадаюць выключна скураное адзенне, ідзеш па другой — прадаюць фірменную японскую тэхніку. У аўтакрамах можна было набыць нашы «Волгі», «масквічы», «таёты»... Стаўленне мясцовага насельніцтва да нас, як да людзей з Саюза, было цудоўнае. Афганцы часта прыходзілі, нават дапамагалі садзіць агарод. І, як мне падаецца, адэкватнае стаўленне было паўсюль.

* * *

— Добра памятаю першую афганскую ноч у Мазары-Шарыфе. Перад тым, як адправіцца ў правінцыю Фар'яб, мы пэўны час жылі ў былым будынку гасцініцы. Як сцямнела, ад пастаяннай стральбы стаяла суцэльнае гудзенне. Заснуць было немагчыма. Стралялі штодня, і я не памятаю такога дня, калі б стаяла цішыня.

* * *

— Мы знаходзіліся ў Афганістане без дакументаў. Нам нават забаранялася весці запісы ў нататніках, хоць адзін з іх я ўсё ж такі вёў і захаваў. Наша падраздзяленне «Кобальт» займалася разведвальнай дзейнасцю. Мы збіралі інфармацыю аб дыслакацыі бандфарміраванняў. Супрацоўнічалі з мясцовай міліцыяй, інфарматарамі, і калі атрымлівалі звесткі, узгаднялі з дарадцамі і рэалізоўвалі план альбо адпраўлялі зашыфраванае паведамленне ў Кабул. Калі ў нас з часам з'явіліся «вяртушкі» (верталёты. — Аўт.), бамбілі баевікоў самі. Што тычыцца зброі, у кожнага з нас быў аўтамат Калашнікава і пісталет Макарава. На заданні маглі толькі выязджаць на аўтамабілі. Справіцца і вярнуцца назад павінны былі да 13:00. Пешшу перасоўвацца па-за межамі нашай тэрыторыі было забаронена. Мы нават па хлебныя ляпёшкі ездзілі ўчатырох. Ад абстрэлаў нас абараняў дувал, 15-метровую агароджу.

* * *

— За ўдзел у адной аперацыі мяне ўзнагародзілі медалём «За адвагу». У самым цэнтры Мазары-Шарыфа аднойчы скралі 16 савецкіх спецыялістаў. Людзі будавалі млын, хлебазавод. У дзень здарэння яны былі на афіцыйным прыёме, пасля вярталіся дадому і трапілі ў палон да душманаў. Усё гэта адбылося за 500 метраў ад нашага месцапражывання. Адзін з іх пры сабе меў пісталет, і яго адразу забілі. Пачаліся пошукі людзей. Пры дэсантаванні ў адным з кішлакоў мы затрымалі мясцовага старшыню ісламскага камітэта і яго пляменніка. Дні 3-4 мы іх «апрацоўвалі», каб перавесці на свой бок, і ў выніку яны згадзіліся дапамагчы. Старшыня, праўда, не ведаў, хто гэта зрабіў, але абяцаў дапамагчы. Праз пэўны час у нас аказаліся каардынаты кішлака, дзе ўтрымліваюць савецкіх спецыялістаў, і нават звесткі пра душманаў, якія ахоўваюць іх. Шукалі нашых будаўнікоў амаль месяц. Пры штурме ў палоне загінула пяць чалавек. На жаль, калі душманы заўважылі, што ляцяць верталёты, яны пачалі расстрэльваць палонных у яме.

* * *

— Калі пры дэсантаванні бралі кішлак, многіх цікавіла зброя, а мы, разведчыкі, збіралі дакументы, узнагароды, фотаздымкі. Падчас адной аперацыі амаль ва ўсіх забітых душманаў у кішэнях знайшлі невялічкія кніжачкі на мове фарсі. Ва ўводзінах, як сказалі перакладчыкі, было напісана: «Вывучаны вопыт партызанскай вайны 1941—1945 гадоў у Беларусі і ва Украіне». У першай частцы распісвалі дзеянні ў абароне, у другой — у наступленні, пасля — дзеянні ў акружэнні паводле метаду Сідара Каўпака. Гэта значыць, калі вы патрапілі ў акружэнне, трэба разбіцца на дробныя групы і прасачыцца. Вось такія ў іх былі дапаможнікі.

* * *

— У душманаў снайперы стралялі на два кіламетры. Пасля канчатковага вяртання з Афгана я гадоў пяць, па звычцы, пасля таго, як даваў прыкурыць, адразу выкідваў запалку. У Афганістане праз такую неасцярожнасць шмат хлопцаў загінула.

* * *

— Падчас адной аперацыі куля прайшла ўздоўж маёй патыліцы. Шво і дагэтуль засталося. Мне хірург пасля казаў, што добра зашылі. А зашывалі ж на БТРы падчас дарогі...

* * *

— Баевікі здзекаваліся з палонных савецкіх салдатаў. Да нас у Фар'яб неяк прыбыла калона з тэхнікай. І калі рота прайшла без перашкод, тэхніка прабівалася амаль суткі. Дзесьці па дарозе застаўся стаяць зламаны БТР, кран і КРАЗ. На наступны дзень мы накіраваліся па хлопцаў, што засталіся з тэхнікай на дарозе. Іх знайшлі забітымі, закатаванымі... Аднаго смажылі, другому выразалі зорку, трэцяму — распаролі жывот. Камандзір паставіў навабранцаў з гэтага батальёна і сказаў: «Вось, паглядзіце, што значыць сяброў кідаць!» Гэта быў мой самы страшны дзень у Афганістане.

* * *

— 15 лютага па традыцыі стараемся збірацца разам з таварышамі на Востраве слёз. Памінаем тых, каго ўжо няма з намі. На жаль, не ва ўсіх нашых пасля Афгана жыццё склалася. Многія ўжо памерлі. І гэта ўсё адгалоскі той вайны. У маім радаводзе ніколі не было дыябетыкаў, а сам захварэў. Я ж яшчэ на БТРы падарваўся. Два колы адарвала, а мы далей паехалі... Такія рэчы, як Афган, не забываюцца. Гэта проста немагчыма.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».