Вы тут

Формула здаровага прадукту


На дзяржаўным узроўні сёння робіцца шэраг важных захадаў для таго, каб спажывец меў магчымасць набываць і ўжываць якасныя і бяспечныя прадукты харчавання. Аднак большая частка інфармацыі, якая трапляецца на вочы па гэтай тэме, прымушае думаць аб адваротным — патэнцыяльнага спажыўца палохаюць, напрыклад, разнастайнымі дабаўкамі (кансервантамі, фарбавальнікамі і г.д.), без якіх немагчыма ўявіць масавую вытворчасць. Маўляў, не толькі цукар — белая смерць, але і каўбаса не з мяса, і малако не з малака! Словам, знайсці нармальныя прадукты сёння немагчыма. У наяўнасці толькі атрута... Пазіцыя ж спецыялістаў у галіне харчавання, у тым ліку айчынных вытворцаў і вучоных, у гэтым сэнсе адназначная: можаце есці ўсё, што бачыце ў сучасным магазіне, і гэта вас не заб'е! Галоўнае — пачуццё меры.

Падрабязней аб тым, што трэба ведаць аб прамысловых прадуктах харчавання, якім з іх аддаваць перавагу, расказваюць дырэктар Цэнтра аздараўленчага харчавання і садзейнічання здароўю, доктар медыцынскіх навук Элеанора КАПІТОНАВА, начальнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, кандыдат біялагічных навук Валерый ШЫЛАЎ, загадчыца лабараторыі прыкладных біятэхналогій і дзіцячага харчавання Інстытута мяса-малочнай прамысловасці, кандыдат тэхнічных навук Наталля ЖАБАНОС, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій мясных прадуктаў гэтага інстытута, кандыдат тэхнічных навук Ірына КАЛТОВІЧ і галоўны тэхнолаг кандытарскай вытворчасці «ШАКАЛАДАВАТМ» Аляксандр ОЎЧУК.


Усё карысна і ўсё шкодна

— Як вы самі робіце пакупкі ў краме?

Валерый ШЫЛАЎ: — Я адразу выбіраю толькі здаровыя прадукты, і прычым так раблю даўно, а не пад уплывам моды... Праходжу міма газіроўкі — абсалютна, на мой погляд, шкодны прадукт, міма сокаў (іх раблю сам са свежых фруктаў), міма ўсяго салодкага, уключаючы шакалад. Не ўжываю каўбас, асцярожна стаўлюся нават да сыроў, бо і ў іх, як і ў каўбасныя вырабы, дадаюць нітрыт натрыю. Некалі мне давялося даследаваць праблему гемічнай гіпаксіі, абумоўленую ўжываннем нітрыту натрыю. Іспыты праводзіліся на пацуках. Вядома, у прадукты гэта рэчыва дадаецца ў мізэрных дазіроўках, але пэўная насцярожанасць засталася. Я набываю прадукты, з якіх пасля можна што-небудзь прыгатаваць. Выкарыстоўваю для гэтага аэрагрыль.

Наталля ЖАБАНОС: — У прадуктовым кошыку маёй сям'і абавязкова будуць малочныя прадукты. Трэба сказаць, апошнія гадоў пятнаццаць да малочнай галіны на дзяржаўным узроўні была прыкавана вялікая ўвага. І сёння я поўнасцю давяраю айчыннай малочна-перапрацоўчай прамысловасці, незалежна ад брэнда. Таму што на нашых прадпрыемствах усе неабходныя патрабаванні бяспекі вытрымліваюцца як належыць. Я сама наведваю заводы і бачу, як гэта працуе. Скажам, на некаторых прадпрыемствах на прахадной ва ўсіх наведвальнікаў і работнікаў забіраюць (о, жах!) мабільны тэлефон, але калі падумаць, то гэта ахова працы, бяспека прадукцыі, што ўрэшце выклікае павагу. Заўсёды адсочваю дату вырабу той жа малочнай прадукцыі, дый любой іншай. Выбіраю як мага больш свежае. Імкнуся купляць рыбу, мяса, курыцу, крупы, макароны, каб можна было прыгатаваць дома. Калі-нікалі купляю пельмені, сасіскі, каўбасы, а да святочнага стала — крыху вяндліны, абавязкова вышэйшага гатунку і з улікам складу. Ёсць месца ў маім харчовым кошыку і гародніне, і фруктам, і зеляніне. Асаблівае месца займаюць ласункі, хоць і кажуць, што цукар здароўю не спрыяе, але «што-небудзь смачненькае» ў маёй сям'і павінна быць — звычайна мармелад, шакаладка ці зефір, халва або цукеркі, але не кілаграмамі і не замест ежы!

Ва­ле­рый ШЫ­ЛАЎ

Ірына КАЛТОВІЧ: — Кожны з нас мусіць улічваць, што яго харчаванне павінна ўключаць бялкі, тлушчы і вугляводы. Плюс харчовыя валокны, вітаміны, мінеральныя рэчывы. Абавязкова ў рацыёне павінна быць мяса і мясныя прадукты, якія з'яўляюцца крыніцай паўнацэннага бялку і незаменных амінакіслот, шэрагу мінеральных рэчываў (жалеза, фосфару, калію), вітамінаў групы В... Асабіста я абавязкова набываю кісламалочныя прадукты, гародніну і фрукты, зерневыя — бяру ўсяго пакрысе, імкнуся да разнастайнасці...

Аляксандр ОЎЧУК: — У маёй сям'і любяць паесці, і паесці смачна. Я сабе ні ў чым не адмаўляю. Галоўнае, каб не было нейкіх перакосаў. Мне падабаецца беларуская кухня, але яна тлустая, а гэта карысна тады, калі шмат працуеш фізічна. Таму ў астатні час года істотна абмяжоўваю такія стравы. Галоўны прынцып здаровага харчавання для мяне — «усё карысна і ўсё шкодна — у залежнасці ад дазіроўкі».

Як спажывец і бацька чацвярых дзяцей, выбіраю для іх беларускія прадукты менавіта таму, што ў нас захавалася яшчэ культура стаўлення да вытворчасці такога кшталту.

Калі ў мяне раслі старэйшыя дзеці, я аддаваў перавагу сумесям замежнай вытворчасці, але цяпер сваіх малодшых мы кормім выключна беларускімі сумесямі, пюрэ, кашамі і г.д. І няма абсалютна ніякіх праблем.

Элеанора КАПІТОНАВА: — Я выхоўвалася ў сельскай мясцовасці, на звычайнай сялянскай ежы. Люблю гатаваць і гатую добра. Нават прыняла ўдзел у напісанні кулінарнай кнігі... Я прыходжу ў дзяржаўную гандлёвую сетку з дзвюма ўстаноўкамі — па-першае, набываю толькі беларускае (або, калі гэта аліўкі, значыць, выраблены прадукт павінен быць у той краіне, дзе яго вырошчваюць). Я ведаю, што ў нашай краіне гігіенічны кантроль на вельмі дастойным узроўні. Па-другое, аддаю перавагу таму, да чаго прывыкла — чорны хлеб, капуста, морква, буракі, розныя віды мяса, яблыкі, малочныя прадукты. Дарэчы, непераборлівасць у ежы — адна з прыкмет здароўя. Бо калі адно ем, другое не ем, значыць, у чалавека ёсць або хібы ў выхаванні, або захворванне. Адсутнасць у рацыёне нейкага прадукту прыводзіць да дэфіцыту мікранутрыентаў, а гэта правакуе жаданне нечым «захапляцца» — ужываць шмат салёнага, напрыклад. Мне зараз 64 гады, і я, вядома, вымушана абмяжоўваць салодкае, тлушчы, смажанае, хлебабулачныя вырабы, гэта натуральна, але за святочным сталом ужываю абсалютна любыя прадукты — і каўбасу, і сала... Калі гэта не сістэма, то нічога страшнага ў тым няма.

Эле­а­но­ра КА­ПІ­ТО­НА­ВА

Як лепшае, то дзіцячае

— А што вы можаце сказаць пра якасныя характарыстыкі айчынных прадуктаў?

Валерый ШЫЛАЎ: — Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што на нашым рынку недастаткова малочных прадуктаў з прабіётыкамі. Частка ёгуртаў тэрмізаваная, там няма карысных мікраарганізмаў і багата розных дабавак. У Балгарыі, напрыклад, ёсць такі нацыянальны прадукт — «кісело мляко», якое сквашваецца балгарскай палачкай і тэрмафільным стрэптакокам і не змяшчае ніякіх загушчальнікаў, араматызатараў. Захоўваецца тыдзень, бо гэта жывы прадукт. Ён дапамагае змагацца з вялікай колькасцю захворванняў і спрыяе даўгалеццю. Гэты факт выявіў і актыўна прапагандаваў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Ілья Ільіч Мечнікаў...

Элеанора КАПІТОНАВА: — У нас прымяняюць і балгарскую палачку, і тэрмафільны стрэптакок... Тут важна, ці прыжывуцца гэтыя прабіётыкі ў арганізме менавіта нашых людзей. Праблема такіх прадуктаў у тым, што ўведзеныя з прадуктамі бактэрыі вельмі слаба прыжываюцца... Гэта велізарная праблема прабіётыкаў. Наш арганізм мудра ўладкаваны і абараняецца ад чужакоў...

Наталля ЖАБАНОС: — Тое, з чаго я пачынала сваю навуковую дзейнасць, — гэта выдзяленне прабіятычных штамаў біфідабактэрый і стварэнне тэхналогій кісламалочных лячэбна-прафілактычных прадуктаў. Прадукты на аснове выдзеленых штамаў прайшлі клінічную апрабацыю і сёння прадстаўлены на рынку. Першы такі прадукт «Біфідабакт» для дзіцячага харчавання з'явіўся на рынку ў 1996-м, так што на ім ужо вырасла некалькі пакаленняў. Ёсць «Біфідабакт», «Біфітат» і шэраг іншых кісламалочных прадуктаў з біфідабактэрыямі для дарослага насельніцтва. Сёння шэраг вучоных перакананыя ў тым, што штамы прабіётыкаў павінны вылучацца ў традыцыйным асяроддзі харчавання, там, дзе будуць выкарыстоўвацца. Мы свае штамы вылучалі менавіта на тэрыторыі Беларусі.

Што да лактабактэрый, да ліку якіх адносіцца балгарская палачка, то яна не з'яўляецца нармальным прадстаўніком страўнікава-кішачнага тракта. А прадукт, падобны на балгарскае «кіслае малако» — гэта звычайны ёгурт, кісламалочны прадукт, сквашаны штамамі балгарскай палачкі і тэрмафільнага стрэптакока, а не прадукт з прабіётыкам. Калі выкарыстоўваюцца нейкія іншыя мікраарганізмы, гэта ўжо не можа называцца ў нас ёгуртам. Наогул што да гэтага прадукту, то ён ніколі не быў «нашым». Беларускі аналаг — ражанка, мечнікаўская сыракваша з амаль такім жа наборам мікраарганізмаў. Асобна хочацца парэкамендаваць малочныя прадукты, у склад якіх уваходзіць інулін. Навуковымі даследаваннямі ўстаноўлена, что прысутнасць гэтага харчовага валакна дазваляе засвоіцца кальцыю, дае імпульс развіццю прабіятычнай мікрафлоры.

На­тал­ля ЖА­БА­НОС

— А «ёгуртны прадукт» — гэта ўжо штосьці далёкае ад ёгурту?

Наталля ЖАБАНОС: — Зусім неабавязкова, гэта можа быць тэрмізаваны ёгурт са звычайным для ёгурту складам, але ў ім не засталося жывых бактэрый. Або гэта прадукт, у якім вытворца замяніў жывёльны тлушч ці бялок на раслінны, дадаў яшчэ нейкія дабаўкі, не ўласцівыя ёгурту. Таму трэба абавязкова чытаць склад.

— Высокі кошт можа быць гарантам таго, што мы набылі самы лепшы ёгурт?

Наталля ЖАБАНОС: — Таннае не азначае дрэннае.

Прадукты прэміум-класа ў сучасных умовах — гэта, хутчэй, маркетынгавы ход, каб вылучыць якасную прадукцыю на паліцах гіпермаркета. Некаторыя заводы пазіцыянуюць свае брэнды ў тым ліку больш высокім коштам. Пакупнік разважае наконт суадносін «цана-якасць», прыгожая даражэйшая этыкетка, зручная ўпакоўка... і робіць свой выбар.

Як спецыяліст, да прадуктаў прэміум-класа я аднесла б прадукты дзіцячага харчавання. Для іх вытворчасці — асобныя цэхі, асобная прыёмка малака, малако толькі вышэйшага гатунку і экстра, невялікая фасоўка, каляровая ўпакоўка... Так, яны трошкі даражэйшыя, але іх якасць і бяспека для спажыўца гарантуюцца не толькі прадпрыемствам, але і дзяржавай.

Элеанора КАПІТОНАВА: — Дарэчы, сваім пацыентам, спартсменам я заўсёды нагадваю аб ужыванні менавіта дзіцячых прадуктаў — малочных, мясных...

Іры­на КАЛ­ТО­ВІЧ

Падарунак для дарослых

— Можа быць, наспеў час і дарослым прапанаваць штосьці прэміум-класа?

Валерый ШЫЛАЎ: — У бліжэйшы час наш цэнтр павінен запусціць праект па вывучэнні харчовага рынку Беларусі з тым, каб разабрацца, што адносіцца да здаровага харчавання, што ёсць на харчовым рынку — устанавіць суадносіны айчыннай і замежнай прадукцыі, высветліць, чаму некаторыя аддаюць перавагу замежным вырабам і што трэба зрабіць для таго, каб падняць узровень нашай прадукцыі, а тут і ўпакоўка, і маркетынг...

— А тым часам мы будзем есці каўбасы без мяса?

Ірына КАЛТОВІЧ: — Склад прадукту ёсць на этыкетцы. Існуюць розныя катэгорыі мясных прадуктаў — тыя, што змяшчаюць мяса, тыя, што называюцца мяса-расліннымі, і іншыя. У мясных сасісках, сардэльках, каўбасах — больш за 60 працэнтаў мясных інгрэдыентаў. На рынку прадстаўлены вельмі шырокі асартымент. Безумоўна, уся прадукцыя высакаякасная, паколькі адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза — «Аб бяспецы мяса і мясной прадукцыі», «Аб бяспецы харчовай прадукцыі», «Патрабаванням бяспекі харчовых дабавак, араматызатараў і тэхналагічных дапаможных рэчываў», а таксама патрабаванням санітарных нормаў і правілаў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя. Гэта павінен ведаць кожны, хто арыентуецца на здаровае харчаванне. Ёсць, як і ў малочнай прадукцыі, мясныя прадукты для дзяцей, якія з поспехам могуць ужываць і дарослыя. Патрабаванні да іх якасці яшчэ больш жорсткія — там зніжана колькасць солі і нітрыту натрыю, адсутнічаюць фасфаты і пякучыя спецыі.

Нітрыт натрыю — дабаўка шматфункцыянальная, альтэрнатывы ёй пакуль няма. Нітрыт натрыю ў тым ліку падаўляе рост бактэрый, здольных выклікаць такое сур'ёзнае захворванне, як батулізм.

Устаноўленыя дазіроўкі не наносяць шкоды здароўю. Аднак калі вы абсалютна супраць гэтай дабаўкі, то можна набываць мясныя кансервы і іншыя прадукты, зробленыя вытворцамі для дзяцей.

— Усё ж такі ці сапраўды айчынныя прадукты на галаву вышэй за многія замежныя?

Аляк­сандр ОЎ­ЧУК

Аляксандр ОЎЧУК: — Скажу пра кандытарскую прадукцыю, якая вельмі багата прадстаўлена на рынку. Тут я бачу важную праблему — магчымасць фальсіфікацыі. Нягледзячы на адзіную эканамічную прастору, тэхнічныя рэгламентацыі, у дакументах існуюць пэўныя адрозненні. Ва ўсякім выпадку, я магу сказаць гэта на прыкладзе шакаладу і шакаладных прадуктаў. Зараз у інтэрнэце на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі адкрыта абмеркаванне змяненняў да тэхнічнага рэгламенту па бяспецы. Ініцыятарам унясення гэтага змянення выступае наша краіна. Наш бок прапануе ўвесці такія паняцці, як «шакалад», «шакаладная глазура», «шакаладная маса», «шакаладны выраб» і акрэсліць пэўныя і адназначныя патрабаванні да гэтых прадуктаў.

Размова аб тым, што ў Беларусі шакаладам мае права называцца толькі прадукт перапрацоўкі какава-бабоў з цукрам. Ніякіх раслінных алеяў, замяняльнікаў і г.д. тут быць не можа.

Шакаладная глазура ў нас яшчэ больш дарагі і якасны прадукт. У той жа час расійскі стандарт дазваляе выраб глазуры цалкам з эквівалентаў какава-масла. Я не магу сказаць, што гэта вельмі страшна для здароўя, але гэта зусім іншы прадукт! Ён не можа ляжаць побач з шакаладам. Пакуль у нас тут няма ўзаемаразумення, спажывец застаецца падманутым. А нашы прадпрыемствы рызыкуюць аказацца закладнікамі сваёй сумленнасці. Так што здаровае харчаванне цесна пераплятаецца з бізнес-інтарэсам.

Наталля ЖАБАНОС: — Дарэчы, на нашых паліцах з'явіліся, напрыклад, расійскія глазураваныя сыркі, вельмі падобныя на нашы глазураваныя тварожныя сыркі. Але тварагу ў тых сырках, умоўна кажучы, працэнты два. Ёсць, напрыклад, вельмі прыгожа і калярова аформленыя прадукты, быццам бы для дзяцей, але на маркіроўцы надпіс «для дзіцячага харчавання» адсутнічае, а бацькі не так часта на гэта звяртаюць увагу. Вось такая падмена паняццяў.

Элеанора КАПІТОНАВА: — Гэта інфармацыйны фальсіфікат. Існуюць дзясяткі відаў фальсіфікатаў, і той жа расійскі бок не аднойчы прызнаваў гэтыя факты. Што і казаць, калі на дзяржаўным узроўні ў суседняй краіне кажуць пра амаль 80 працэнтаў фальсіфікатаў прадуктаў харчавання.

Аляксандр ОЎЧУК: — Калі ўжо гаварыць пра тую ж шакаладную прадукцыю, то ў Расіі проста не лімітуецца колькасць эквівалентаў какава-масла, у адзіным саюзным рэгламенце такога патрабавання таксама няма, таму ўваход «нешакаладнаму» шакаладу на наш рынак не забаронены. На нашым рынку сёння вы можаце знайсці прадукт пад назвай, напрыклад, «Клубніцы ў шакаладзе», але ў яго складзе адсутнічаюць клубніцы, выкарыстоўваюцца араматызатары, а ў складзе глазуры цалкам можа адсутнічаць какава-масла. На самай справе гэта павінна называцца «Цукерка з кандытарскага тлушчу з водарам клубніц, глазураваная тлушчавай глазурай». І такі прадукт не можа ляжаць на адной паліцы з беларускімі шакаладнымі вырабамі, бо гэта ніякага дачынення да шакаладу не мае...

...Гэты каварны пальмавы алей

— Якіх прадуктаў вы параіце ўжываць як мага менш?

Аляксандр ОЎЧУК: — Cёння ўсе вытворцы пішуць склад прадукту на этыкетцы. Калі вы бачыце там гідрагенізаваныя тлушчы, то павінны пільна ставіцца да гэтага прадукту. Гідрагенізаваны — значыць, апрацаваны вадародам, адпаведна, размова ідзе пра трансізамеры, або транстлушчы. Іх колькасць у тлушчавых прадуктах абазначана ў патрабаваннях тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Але на большасць прадуктаў дзейнічае пераходны перыяд да 2018 года, таму да гэтага тэрміну дазваляецца выкарыстоўваць тлушчы з утрыманнем трансізамераў да 20%, а ва ўсім свеце гэта норма не можа перавышаць 2%. Таксама на некаторыя віды тлушчаў утрыманне трансізамераў наогул не акрэслена. Абысціся ж без іх немагчыма — гэта танна і зручна для прамысловасці.

Элеанора КАПІТОНАВА: — Транстлушчы атрымліваюцца, калі з алеяў робяць больш цвёрдыя тлушчы. Праблема ў тым, што арганізму не па сілах разгадаць невядомую яму хімічную формулу.

Валерый ШЫЛАЎ: — Арганізм перапрацоўвае і такія тлушчы, але якімі намаганнямі, якую шкоду ён атрымлівае пры гэтым...

Элеанора КАПІТОНАВА: — Існуюць навуковыя эксперыментальныя даследаванні, на падставе якіх былі атрыманы дапушчальныя дозы трансізамераў у харчаванні. Устаноўлена, што працяглае пастаяннае ўжыванне прадуктаў, якія іх змяшчаюць (а гэта прыгатаваныя прамысловым спосабам торты, пірожныя, цукеркі, вафлі, пячэнне, марожанае і г.д.), павышае рызыку развіцця розных захворванняў — сардэчна-сасудзістых, анкалагічных...

Усе алеі — прадукты біялагічна актыўныя, чым і карысныя для арганізма, аднак чым вышэй гэтая актыўнасць, тым хутчэй алей псуецца. Яскравы прыклад — ільняны алей... А для вытворчасці неабходна тое, што даўжэй захоўваецца. Для павелічэння тэрміну захоўвання спатрэбіўся тлушч, які атрымалі абсалютна штучным шляхам, насыцілі вадародам.

Як толькі пасля рэвалюцыі дзяржава ўзяла ў свае рукі масавую вытворчасць, пачалася эра вялікай фальсіфікацыі.

Так, у вышэйшыя гатункі чаю пачалі дадаваць ніжэйшыя гатункі. А транстлушч аказаўся вельмі зручным для масавай вытворчасці, хоць вынайшлі яго (добра вядомы ўсім маргарын) выключна для таго, каб накарміць галоднае насельніцтва. Цяпер ніхто не галадае, але ніхто ў свеце не можа адмовіцца ад зручнага маргарыну.

Наталля ЖАБАНОС: — Калі цалкам забараніць транстлушчы, вытворцы таго ж пячэння, кандытарскіх вырабаў будуць выкарыстоўваць пальмавы алей. Я не ўпэўнена, што гэта лепш.

Аляксандр ОЎЧУК: — У любым выпадку, дзяржава павінна клапаціцца аб абмежаваннях падобных рэчываў у прадуктах. Згодна з еўрапейскімі патрабаваннямі, на этыкетцы абавязкова трэба пазначаць колькасць транстлушчу. Акрамя складу, распісваюцца агульны тлушч, насычаны, транстлушч, поліненасычаны, монаненасычаны. Больш за тое, у працэнтах указана і сутачная рэкамендаваная доза. Калі мы экспартуем сваю прадукцыю ў ЗША, то робім такі разлік і пазначаем на этыкетцы неабходную інфармацыю.

Наталля ЖАБАНОС: — Я рэкамендую яшчэ звяртаць увагу на тое, каб у складзе мясных прадуктаў, якія вы набываеце для сваёй сям'і, не было соі ці соевай мукі.

У дадзеным выпадку размова ідзе не аб паляпшэнні якасці прадукту, а выключна аб зніжэнні яго кошту. Фактычна ўся соя сёння — генетычна мадыфікаваная.

У свеце вырошчваюць шмат ГМА-раслін — соя, кукуруза, рыс... Але абсалютна дакладна бяспека такіх прадуктаў для здароўя будучых пакаленняў не ўстаноўлена, і таму, напрыклад, для ўжывання дзецьмі любога ўзросту я такія прадукты не рэкамендавала б, тым больш што ГМА-кампаненты не дапускаецца выкарыстоўваць пры вытворчасці прадукцыі для дзіцячага харчавання. Калі гаварыць пра сумесі на аснове соевага бялку для немаўлят, то ў іх выкарыстоўваюць намнога даражэйшы ізалят соевага бялку, што бяспечна, і такія прадукты ўжываюць толькі пры некаторых захворваннях па прызначэнні ўрача.

Валерый ШЫЛАЎ: — У інтэрнэце шмат напісана пра пальмавы алей, і хоць частка публікацый сведчаць аб яго карысці, нашы даследаванні сведчаць аб адваротным.

Аляксандр ОЎЧУК: — Адна справа, калі гэта чысты прадукт, аднак, як правіла, яго выкарыстоўваюць менавіта для той жа гідрагенізацыі, і гэта ўжо транстлушч, а не алей.

Элеанора КАПІТОНАВА: — Пальмавы алей не вадкі, а паўцвёрды, таму што насычаных тлушчаў там прыкладна столькі, колькі ў свіным сале. Іншыя алеі, як вядома, утрымліваюць ненасычаныя тлушчавыя кіслоты. Таму сістэматычна ўжываць пальмавы алей — гэта тое ж самае, што кожны дзень ужываць сала, а значыць, павышаць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Вывад такі: калі гэты від алею не ўжываць штодня, то нічога страшнага з намі не будзе. Па-другое, трэба разумець, што калі мы бачым «раслінныя вяршкі», то пад імі хаваецца той жа пальмавы алей, які, як мы цяпер ведаем, не мае такога складу, як звычайны раслінны. А што да самога сала, то гэта добры харчовы прадукт, які чалавеку з нармальнай вагой можна ўжываць раз на тыдні ў колькасці 10-20 г, асабліва са скарыначкай чорнага хлеба і зубком часнаку.

Валерый ШЫЛАЎ: — Усё ж такі каб дапамагчы спажыўцу, неабходна ўвесці нейкую «здаровую» маркіроўку, каб чалавек мог лёгка арыентавацца і не ламаць галаву над кожнай этыкеткай...

Элеанора КАПІТОНАВА: — Я павінна сказаць, што гэты нюанс прапісаны ў распрацаванай вялікай групай спецыялістаў і адобранай гэтай восенню Палатай прадстаўнікоў Канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання. У гэтым дакуменце прапісана, хто і што павінен рабіць, каб наша насельніцтва магло харчавацца паводле здаровага прынцыпу. У канцэпцыі агучваюцца задачы для прамыслоўцаў, навукоўцаў... Краіны, што прынялі падобныя дакументы, цягам дзесяці гадоў атрымалі вельмі істотнае зніжэнне сардэчна-сасудзістых захворванняў і іншай паталогіі. Давядзецца звярнуць увагу і на размяшчэнне прадуктаў у магазінах. Так што ў бліжэйшыя гады мы можам тут чакаць рэальных зрухаў...

Як намеснік старшыні спецыяльнай дэпутацкай групы па праблемах харчавання насельніцтва я бачу, наколькі складана вырашаць такія пытанні. Аднак трэба працягваць працаваць у гэтым кірунку. А пакуль дзяржава робіць пэўныя захады, кожны з нас павінен рабіць штосьці са свайго боку. Мы самі павінны сачыць за тэрмінамі прыдатнасці прадуктаў, не ленавацца гатаваць — на дапамогу прыйдуць мультываркі, аэрагрылі і г.д. Варыце супы, кашы, запякайце мяса — гатуйце, а не захапляйцеся гатовымі вырабамі. І смела набывайце беларускія прадукты!

Святлана ПРОТАС

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Пра што «маўчыць» этыкетка...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.