Вы тут

Не ў лабутэнах шчасце


Кліп групы «Ленінград» на песню «Экспанат» за кароткі прамежак часу стаў хітом праглядаў у сеціве: яго паспелі «зацаніць» каля 30 мільёнаў карыстальнікаў (а, можа, ужо і больш). Ён без перабольшвання стаў сапраўды народным, даўшы неабсяжную прастору для абмеркаванняў, жартаў, «падколак». Вы ж яго таксама бачылі? І, мабыць, не адзін раз? І да вас прычапілася гэтае «На лабутэнах і ў... штанах...» (назавём іх «вельмі моднымі»)? У чым той самы ашаламляльны поспех кліпа? Думаю, што нават не столькі ў самой скандальнай манеры выканання песень «Ленінградам» (хоць ёсць прыхільнікі і такога жанру), а найперш у пазнавальнасці сітуацыі, паказанай у кліпе. Знятае гэткім своеасаблівым бальзамам лягло на душы гледачоў, таму што кожны ў ім пазнаў-прыгадаў сябе. І не мае вялікага значэння, хлопчык ты ці дзяўчынка. Усе мы аднолькава збіраліся на спатканні, імкнучыся ўразіць адно аднаго.


Словам, група закранула (а актрыса ў кліпе па-майстэрску разыграла) спрадвечны сюжэт. Памятаеце закадравы тэкст з фільма «Сцеражыся аўтамабіля»? «Гэтыя чароўныя моманты пагоні...» І далейшы дыялог паміж героямі Жжонава і Смактуноўскага: «А ты чаму ўцякаў? — Звычка. Ты даганяеш — я ўцякаю. А ты чаму даганяў? — Дык і ў мяне звычка». Так заўсёды бывае паміж хлопцам і дзяўчынай. Такая даўняя гульня паміж паламі са сваімі «тайнымі» для кожнага з ігракоў правіламі. Гераіня кліпа збіраецца на выставу, хоць насамрэч мэтай гэтага культпаходу з'яўляецца зусім не знаёмства з шэдэўрамі галандскага жывапісца: «Вадзіў мяне Сярога на выстаўку Ван Гога...» («Пойдзеш са мной у музей? — Ты неяк дзіўна вымаўляеш слова «рэстаран»!) Галоўная задача дзяўчыны — гэта ўразіць хлопца, стаць для яго галоўным «экспанатам» на выставе. Вядома, калі абраннік, гаворачы словамі галоўнай гераіні «Сексу ў вялікім горадзе», мужчына яе мары. «Алілуя!» — гучыць у гэты момант у кліпе, гераіня ўжо ўяўляе ўласнае вяселле... Некаторыя рамантычныя асобы ў такой сітуацыі нешта там пра матылькоў у жываце кажуць... Калі гэта так, усе сродкі падыходзяць!

Можна нават крыху схлусіць. Ну, так, зусім-зусім крышачку наплесці пра занятак жывапісам у «пасцельных» тонах...

Дамовіліся пра спатканне? Выдатна! Але гэта толькі палова справы, не мне вам гаварыць. Трэба ж і выглядаць адпаведна, як на вокладцы глянцавага часопіса! Божухна, а «пятая ж кропка» ні ў якія штаны (тыя самыя, «вельмі модныя») не ўмяшчаецца! («Большасць жанчын пачынае худзець за дзве гадзіны да ад'езду на курорт».) А ўлезці трэба! («І нічога з жанчынамі не складана. Абняў, сказаў, што прыгожая, разумная. Калі нічога ў галаву не прыходзіць, спытаў: «Я не зразумеў, ты пахудзела, ці што?» Гатова. Вы — ідэальны мужчына».) І ніякія ахвяры і разбурэнні нас не спыняць! Дзеля прыгажосці слабы пол (хаця які ж ён слабы?) яшчэ і не на тое здольны. («Гавораць, што калі жанчына адначасова здымае туфлі на высокіх абцасах і бюстгальтар, то можа памерці ад задавальнення».) Пра нафарбавацца і павялічыць вусны спецыяльным прыборам і гаварыць не буду — гэта ж як мае быць. («Паненка, я бачу, вы любіце маляваць! — А як вы здагадаліся? — Па бровах».)

Ну і, вядома ж, у вобразе павінна быць асаблівая «фішка»! (Памятаеце дыялог з фільма «12 крэслаў»: «Вельмі прыгожае футра! — Жартуеце! Гэта мексіканскі тушкан».) А ў кожнай дзяўчыны, як вядома, дзве галоўныя бяды: няма месца ў шафе і няма чаго апрануць. Але можна патрэбнае пазычыць! Зноў жа абсалютная праўда жыцця, стапрацэнтнае супадзенне кліпа з рэчаіснасцю. Вам любая прадстаўніца прыгожага полу пацвердзіць, што хоць аднойчы брала напракат у сястры або сяброўкі якую-небудзь рэч ці аксесуар. Што гаварыць, сам калісьці ў старэйшага стрыечнага брата прасіў панасіць фірменную «лакостаўскую» тэніску. Гераіня кліпа вырашае, што разынкай яе вобраза будуць лабутэны — туфлі на высокіх абцасах. Гавораць, фірменныя каштуюць ад адной да сямі тысяч долараў! (Фільм «Самая абаяльная і прывабная», эпізод з «фарцоўшчыкам»: «У джынсы ўжо апранаюцца нават самыя адсталыя слаі насельніцтва».) Адрозненнем лабутэнаў з'яўляецца чырвоная падэшва, якую іншыя вытворцы выкарыстоўваць не могуць, бо яна абароненая аўтарскімі правамі. Таму многія прыгажуні робяць проста: у не фірменных туфлях замалёўваюць падэшву чырвонай фарбай або лакам, што ўласна і робіць гераіня кліпа. (Чулі анекдот, які нарадзіўся пасля яго выхаду? «Лабутэны — гэта вывернутыя галёшы. Не будзь дурніцай, насі айчыннае!») А гэта ўжо не жарт, а з падслуханага ў жыцці. Добрая знаёмая падзялілася. Выпадкова пачула размову дзвюх жанчын, якія абмяркоўвалі і кліп, і абутак: «А лабутэны, між іншым, на «Імпульсе» (гандлёвы цэнтр у сталіцы. — Аўт.) прадаюцца. Там яшчэ Крысціян Дзіор ёсць і Іў Сэн-Ларан. — А вось гэты прыбор для вуснаў каштуе амаль 150 долараў, жах проста! — Але вусны і без яго можна «зрабіць» — слоічкам...» Знаёмая прызналася, што цяпер гэты «слоічак» не дае ёй спакою. Ну, і лабутэны на «Імпульсе» таксама. (Заслона, авацыі...)

А ведаеце, чаму яшчэ, на мой погляд, кліп стаў народным хітом? У канцы ў гераіні на пікантным месцы рвуцца штаны і яна падае на падлогу. Макіяж сапсаваны, нос разбіты... І ў гэты самы момант раздаецца званок у дзверы: па дзяўчыну заехаў яе прынц. Перамагаючы боль, яна паўзе да ўваходу, з цяжкасцю падымаецца і адчыняе... Прыклаўшы столькі намаганняў, ты не маеш права здавацца! Нават без лабутэнаў...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.