Вы тут

Навошта мастаку пластылін


Калі чалавек называе сябе скульптарам, гэта часцей за ўсё выклікае асацыяцыі з творцамі, якія ўпрыгожваюць гарады сваімі манументальнымі работамі. Але ёсць і іншыя прадстаўнікі прафесіі, чые творы, няхай і не такія вядомыя, знаходзяць сваё месца ў тысячах кватэр. Малады мастак-скульптар Добрушскага фарфоравага завода Ігар НІКАЛАЕЎ з іх шэрагу. Пра сваю працу і жыццёвыя прынцыпы хлопец распавёў нашаму карэспандэнту.


Ігар Ні­ка­ла­еў: «Вось гэ­та — збор­ны воб­раз са­мых роз­ных дзяў­чат».

Ігара мы заспяваем на працоўным месцы — у невялікім кабінеце, схіліўшы над сталом галаву, хлопец шчыруе над новай скульптурай — невялікім пеўнікам, які трымае ў «руках» гармонік. Гэта ствараецца сімвал ужо будучага года. Здымаць на камеру нарыхтоўку не дазваляюць — да пачатку вытворчасці любая ідэя застаецца камерцыйнай тайнай прадпрыемства.

— Насамрэч, у Добрушы я не так даўно, — расказвае ён. — Сам родам з Расіі, з Варкуты. Маці — карэнная дабрушанка, яшчэ ў савецкія часы пераехала на поўнач працаваць настаўніцай у пачатковай школе. А бацька быў заняты на тамтэйшых вугальных шахтах. Я з дзяцінства маляваў, хадзіў у мастацкую школу, таму заўсёды ведаў, што буду займацца мастацтвам. Але на далёкай поўначы Расіі адукацыйныя ўстановы з творчымі спецыяльнасцямі — не самая распаўсюджаная з'ява. Таму вырашыў вярнуцца на радзіму маці, балазе, тут заставалася бабуля.

Пасля пераезду ў Добруш Ігар паступіў у Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж на спецыяльнасць «станковы жывапіс». Чатыры гады навучання скончыліся размеркаваннем у Калінкавіцкую дзіцячую мастацкую школу, дзе хлопец вучыў выхаванцаў маляванню.

Іга­р дэманструе першую работу, рас­пі­са­ную ўруч­ную.

— Педагагічны досвед мне не вельмі спадабаўся, — згадвае суразмоўца. — Два гады адпрацаваў, але заўжды разумеў, што гэта не маё. Знайсці працу па спецыяльнасці не так проста, але варыянты заўсёды ёсць. Спачатку схадзіў на папяровую фабрыку — не было месцаў. Потым прыйшоў сюды. Вядома, пра фарфор у мяне ніякага ўяўлення не было, бо спецыяльнасць — выключна мастацкая. Але кіраўніцтва вырашыла паспрабаваць навучыць мяне ўсяму, што трэба. Вельмі моцна дапамагла наш начальнік мастацкай лабараторыі Ганна Гагалушка, увесь час падтрымлівала.

На новым месцы Ігару спачатку даверылі працу з дэколямі — спецыяльнымі «налепкамі» для фарфору. Калі звычайна малюнак на вырабы наносіцца ўручную, то гэты метад дазваляе перанесці на посуд тысячы аднолькавых узораў. Малады спецыяліст займаўся стварэннем новых дэколяў на камп'ютары. Іх дасылалі на іншы завод, дзе малюнкі друкавалі, а пасля ляпілі на посуд. Пасля абпальвання фарфоравых вырабаў такі малюнак «прасочваецца» пад глазуру і робіцца трывалым. Гэтая работа атрымлівалася ў хлопца няблага, і таму вельмі хутка яго перавялі працаваць з «формай», у прыватнасці, са скульптурай. Галоўнай задачай цяпер было стварэнне аб'ёмных вырабаў з фарфору і іх роспіс.

— Спачатку я распрацоўваю праект, — распавядае Ігар. — Малюю эскіз таго, што хачу бачыць у выніку. Пасля выконваю скульптуру ў аб'ёме з пластыліну. Праца не такая простая, бо ў фарфору шмат уласцівасцяў, і не кожная фігура з яго атрымаецца. Займае працэс прыкладна месяц. Гатовы макет адношу ў мадэльны цэх, дзе для яго робяць гіпсавую форму. Ліцейшчык залівае ў форму вадкі фарфор — шлікер, пасля чаго фігуру абпальваюць у печы. Атрымліваецца неглазураваны фарфор — бісквіт. Потым фігура звычайна зноў трапляе да мяне — на роспіс. Але калі малюнак нескладаны, яго могуць наносіць і звычайныя рабочыя, якія добра валодаюць тэхнікай мазка.

Хлопец дэманструе некаторыя са сваіх твораў: дэбютных малпачак (статуэткі ствараліся ў якасці сімвалаў года), дзяўчыну-кветачніцу, іншыя работы... Акрамя гэтага, ён распісаў незлічоную колькасць чайных сервізаў.

Пытаемся, што натхняе маладога скульптара, адкуль бяруцца задумы яго твораў. «Вось гэта, — паказвае Ігар на сваю кветачніцу, — зборны вобраз самых розных дзяўчат». Яшчэ адзін шлях для натхнення — творы іншых мастакоў. Хлопец кажа, што яму імпануюць рускія класікі: Васняцоў, Крамской... З заходнееўрапейскіх мастакоў — Іеранім Босх.

Усяго на заводзе працуюць чатыры мастакі-скульптары, але сябры ў Ігара ёсць і ў іншых цэхах. Моладзі на заводзе хапае... А вось месцаў для адпачынку ў горадзе не так шмат. Праўда, зусім недалёка Гомель, да якога прыкладна паўгадзіны язды. Але большасць вольнага часу мастак займаецца ўсё той жа творчасцю — піша карціны алеем, у асноўным на гістарычную тэматыку: Кулікоўская бітва, старажытная Русь...

На пытанне аб заробку Ігар усміхаецца: «Мяне ўсё задавальняе». З жыллём праблем няма — у бабулінай кватэры ён жыве разам з бацькамі.

— Творчая праца падабаецца, — канстатуе Ігар. — Гэта тое, чаго я хацеў. Мне цікава, як тое, што ў мяне ў галаве, пераўтвараецца ў гатовую прыгожую рэч. Ёсць, вядома, і складанасці: як прыдумаць, як рэалізаваць задуму... Хоць гэта дробязь у параўнанні з задавальненнем, якое мне прыносіць работа. Хацеў бы застацца тут надоўга, пакуль ні пра якія перамены ў жыцці не думаю.

lyskavets@zvіazda.by

Мінск—Добруш—Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Глазура для «бісквіту»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».