Вы тут

Малады харэограф пра сваю прафесію і працу з дзецьмі


Апантанага сваёй справай чалавека заўжды выдаюць агонь у вачах і нейкі незвычайны азарт. Асабліва калі гаворка ідзе пра такі пачуццёва, эмацыянальна адкрыты від творчасці, як танец: трэба быць шчырым да апошняга руху, каб глядач табе паверыў, злавіў твой пасыл.

Менавіта так выкладае малады харэограф Уздзенскай дзіцячай школы мастацтваў Раман Трушко. Хлопец скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут культуры і шукаў месца працы, а дырэктар Дзмітрый Кантаровіч — харэографа. І, на шчасце, іх шляхі перакрыжаваліся. Маладога педагога пад сваё крыло ўзяла Наталля Бацішчава, якая дапамагае спецыялісту ўліцца ў прафесію, зрабіць першыя самастойныя крокі.


Ра­ман Труш­ко з вы­ха­ван­ца­мі.

— Раман, чаму выбралі гэтую прафесію?

— Мне проста падабаецца танцаваць, падабаецца адкрываць у сабе новыя эмоцыі, пачуцці праз танец. Калі я вучыўся ў школе, то нават не планаваў стаць харэографам. Пасля заканчэння пайшоў... у кулінарны каледж у Гомелі. Так што па першай адукацыі я кухар. Па спецыяльнасці, праўда, працаваў зусім мала. Адчуў, што гэта не маё, і паступіў на спецыяльнасць «харэограф эстрады» ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

— Як вам працуецца з дзецьмі?

— Работа з імі не можа быць нецікавай. Прыемна назіраць, як яны стараюцца, працуюць не толькі для адзнакі, але і для задавальнення. Да мяне на заняткі прыходзяць розныя дзеці, і прыемна, што ёсць такія, з якімі хочацца працаваць сур'ёзна.Часцей за ўсё звяртаюцца з просьбай навучыць сучасным танцам — гэты кірунак ім бліжэй. Я адразу папярэджваю, што ўсё не так проста.

Раман прапаноўвае нейкую аснову, а дзеці часта робяць уласную транскрыпцыю рухаў. І гэта таксама добра, бо ў такім выпадку яны хутчэй авалодваюць танцам у цэлым. А нейкія няроўнасці і памылкі потым ужо лёгка шліфуюцца. Для дзяцей Раман Эдуардавіч імкнецца быць сябрам, знаходзіцца з імі на адной хвалі.

— Мне самому цікава спасцігаць розныя стылі, змешваць іх, — гаворыць суразмоўца.

Прафесійная падрыхтоўка дала магчымасць даведацца пра азы класічнага, народнага і эстраднага танца, таму хлопец актыўна цікавіцца дзейнасцю знакамітых харэографаў. Сярод іх Браін Фрыдман, Яніс Маршал, Мігель Заратэ. Гэтыя людзі рыхтавалі творчыя нумары вядучых зорак сусветнай эстрады, якія вядомыя ў многіх краінах.

— Я больш стаў разумець нейкія дробныя дэталі, нюансы харэаграфіі, — расказвае хлопец. — Усё, пра што даведваюся, адразу ж перадаю дзецям: ёсць нейкія віды размінак, цікавыя практыкаванні, якія проста карысныя для развіцця цела.

Пэўны час Раман Трушко быў удзельнікам танцавальнага праекта Беларусі «Trend Deluxe», пераможцы нацыянальнага адборачнага тура Беларусі «Еўрабачанне-2013», увайшоў у топ-100 лепшых танцораў СНД тэлепраекта «Танцуюць усе».

Маладому харэографу падабаецца працаваць ва Уздзе. Тут выдатная зала для рэпетыцый, шчырыя дзеці, а галоўнае — дружалюбны калектыў.

Дар'я ЗЯНЬКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».