Вы тут

Чаго баіцца малады настаўнік


Летась 3 «В» Глыбоцкай сярэдняй школы №1 імя П.В. Сухога знаёміўся з новай «класнай мамай». Ёй стала Наталля Вышатка, выпускніца педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, а цяпер — самы аўтарытэтны чалавек у сваім класе.


— Чым вас найперш здзіўляюць вучні?

— У пачатковай школе яны яшчэ не ўмеюць падманваць. Калі спрабуюць гаварыць няпраўду, гэта настолькі добра бачна, што нават хочацца ўсміхнуцца. Яшчэ заўважыла, што маленькія школьнікі часта з-за дробязяў скардзяцца адзін на аднаго. Трэба разбірацца, бо пакуль што слова настаўніка — апошні аргумент у любой спрэчцы.

— Ці моцна адрозніваецца педагагічная праца ад студэнцкіх уяўленняў пра яе?

— Калі я толькі прыйшла з універсітэта ў школу, то марыла, што ў мяне ўсё лёгка атрымаецца. Думала, дзеці будуць больш паслухмяныя, будуць разумець усё з першага тлумачэння (бо я ж пастараюся добра тлумачыць). І ўсё будзе супер. Але мары з рэальнасцю некалькі разышліся. З'явіліся паперы, якія трэба запаўняць, прычым як з некаторымі працаваць — ва ўніверсітэце не расказвалі. Напрыклад, далі дзённік класнага кіраўніка — і ўсё, трэба ісці да іншых настаўнікаў, прасіць, каб дапамаглі. Але адносіны калег па настаўніцкай былі добрымі! Падалося, што больш сталыя настаўніцы ўспрынялі мяне як дачку. Да іх можна было падысці, параіцца наконт кантрольных ці самастойных работ. Памятаю, напярэдадні адкрытага ўрока па матэматыцы вельмі хвалявалася, дык завуч мяне супакоіла: «Не хвалюйся, Наташа». Дастала свае папкі, прапанавала паглядзець, як праводзілі такія ўрокі мінулыя разы, падтрымала мяне.

— Якія вашы асноўныя правілы пры стасунках з вучнямі?

— Выпрацоўваю ў сабе цярплівасць. Гэта важна: гаварыць, не павышаючы голасу, некалькі разоў растлумачваць адзін і той жа момант у тэме і не раздражняцца. Такога правіла прытрымліваюся сама і гэтаму ж хачу навучыць дзяцей: каб яны не сварыліся з-за дробязяў, не перабівалі адзін аднаго. Хачу навучыць узаемапавазе.

— Як спраўляецеся з гарэзнікамі?

— Іх звычайна супакойваюць аднакласнікі. Дзеці многае бачаць і многае адчуваюць. Напрыклад, калі настаўніца стамілася ці ў яе разбалелася галава, клас гэта разумее і спакайнее.

— Вучні баяцца дрэнных адзнак, строгіх настаўнікаў... А чаго баіцца настаўнік?

— Бацькоў. Ведаеце, дзеці розныя, з рознымі здольнасцямі і характарамі. Некаторыя бацькі гэта разумеюць, а некаторыя патрабуюць ад настаўніка добрых адзнак...

— Выбраць прафесію параілі родныя?

— Сярод сваякоў настаўнікам быў толькі дзядзька, ды і тое ён мала працаваў па спецыяльнасці. Я, наогул, хацела спачатку паступіць на юрыдычны факультэт, як мая сястра, рыхтавалася, чытала кодэксы. А потым неяк у школе быў дзень самакіравання, сяброўкі прапанавалі правесці ўрокі ў пачатковай школе. А там маленькія дзеткі, яны ж цікаўныя, у іх вочкі блішчаць! Настолькі спадабалася быць настаўніцай, што прыйшла дадому і сказала маці, што ўсё вырашана — пайду ў педагагічны. Вось так, у адзінаццатым класе змяніла свой выбар.

— У вас ёсць якія-небудзь захапленні? Як бавіце свабодны час?

— Падабаецца рабіць паштоўкі ўручную з паперы. І запрашэнні на вяселле. Раптам захачу выйсці замуж, а тут ужо гатовыя запрашэнні ёсць (смяецца). Раней любіла яшчэ рабіць кветкі з паперы, але пасля таго, як давялося рыхтаваць да школьных святаў больш за сотню такіх кветачак, я да гэтага занятку згубіла цікавасць.

— Ці параілі б выпускнікам паступаць на педагагічныя спецыяльнасці?

— Я прапанавала б ім найперш падумаць, ці сапраўды яны хочуць ісці ў гэту прафесію. Калі адзіная мэта — занесці дакументы ў педагагічны ўніверсітэт і праз некалькі гадоў атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, то лепш не трэба гэтага рабіць. Без цікаўнасці да таго, што робіш, праца не прынясе задавальнення ні настаўніку, ні яго падапечным.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Першы аўтарытэт у класе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.