Вы тут

Больш за ўсіх хварэюць студэнты-эколагі і тэхнолагі


Ці часта моладзь «сядзіць на даведцы»? Колькі каштуе аздаравіцца ў прафілакторыі? І каму могуць дазволіць не хадзіць у басейн? На гэтыя пытанні нам адказалі ў 33-й гарадской студэнцкай паліклініцы.


Лячэбны эфект адпрацовак

Летась даведку па часовай непрацаздольнасці браў кожны трэці сталічны студэнт, замацаваны за паліклінікай. У параўнанні з папярэднім годам моладзь хварэла часцей.

Сярэдняя працягласць непрацаздольнасці — 6,5 дня. «Гэта не так шмат, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Людміла КАЗЛОВА. — Калі параўноўваць з дарослым насельніцтвам ці з дзецьмі, там паказчык значна вышэйшы».

Часцей хварэлі студэнты Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава, тэхналагічнага ўніверсітэта і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Радзей за астатніх у паліклініку звярталіся з аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, акадэмій музыкі і мастацтваў. У гэтых ВНУ на чалавека прыпадае менш за 1,5 прапушчанага дня. Чаму звесткі так адрозніваюцца? Людміла Мікалаеўна лічыць, што рэдка хварэюць там, дзе цяжкія адпрацоўкі. А калі выкладчыкі ставяцца да пропускаў лаяльна, маладыя людзі могуць дазволіць сабе лішні дзень «пабыць на даведцы».

Сярод прычын агульнай захваральнасці лідзіруюць хваробы органаў дыхання: ВРВІ, ВРЗ, пнеўманія, ангіна, атыт. Доля такіх выпадкаў — 76 працэнтаў. На другім месцы траўмы, на трэцім — хваробы органаў стрававання. Амаль на палову, у параўнанні з 2014 годам, вырасла частата захворванняў вуха, на траціну — нервовай сістэмы.

Замежныя студэнты па даведкі звяртаюцца радзей. Але не таму, што ў іх імунітэт мацнейшы.

— Медыцынскае абслугоўванне для іх платнае, — тлумачаць у паліклініцы. — Напрыклад, цалкам увесь медыцынскі агляд, які замежнікі абавязаны прайсці на першым курсе, каштуе каля мільёна. Таму не ўсе хочуць абследавацца. Запускаюць захворванні.

Без «фізры» немагчыма

Увогуле, ці шмат у нас здаровых студэнтаў? Па выніках штогадовых медыцынскіх аглядаў, абсалютна здаровымі лічацца 28 працэнтаў. Яшчэ палова не мае ніякіх хранічных захворванняў, але ёсць фактары рызыкі. Інвалідаў сярод навучэнцаў універсітэтаў — паўпрацэнта. З года ў год гэтыя суадносіны амаль не мяняюцца.

30 працэнтаў з усіх агульных захворванняў складаюць міяпіі (пагаршэнне зроку).

Часта ў моладзі сустракаюцца скаліёзы, парушэнні постаці, артрозы. Нярэдка выяўляюцца і хваробы сістэмы кровазвароту (пралапс мітральнага клапана, артэрыяльная гіпертэнзія, парушэнне рытму).

Трапіўшы ў кабінет да намесніка галоўнага ўрача, не маглі не спытаць пра мару многіх студэнтаў: як атрымаць вызваленне ад фізкультуры?

— Гэта амаль немагчыма, — адказвае Людміла Мікалаеўна. — Фізкультура ва ўніверсітэце — такая ж самая дысцыпліна, як фізіка ці хімія. Ад практычных заняткаў па фізічным выхаванні мы вызваляем толькі інвалідаў і студэнтаў з вострымі працяглымі захворваннямі і траўмамі (на перыяд хваробы і рэабілітацыі). Такіх адзінкі.

Даведку, якая дазваляе не хадзіць у басейн, таксама выдаюць вельмі рэдка. Як правіла, вызваляюць тых, у каго ёсць скурныя захворванні ці алергія на хлор. Або цяжкая форма бранхіяльнай астмы і праблемы з сэрцам. Праўда, дзяўчаты, што баяцца сапсаваць прычоску (потым на пары ў такім выглядзе?), якія толькі прычыны не прыдумляюць!.. Часцей за ўсё спасылаюцца на сутаргавыя сімптомы. Ці кажуць, што, бывае, страчваюць прытомнасць (для басейна гэта насамрэч супрацьпаказанне: чалавек можа захлынуцца).

— Мы потым сталі папярэджваць: добра, паверым вам і правядзём абследаванне ў неўролага. Але як толькі ў картцы з'явіцца запіс пра непрытомны стан, кіроўцам чалавек ужо не будзе. Варыянт «я вады баюся» таксама не пройдзе: у нас псіхатэрапеўт працуе, — распавядае намеснік галоўнага ўрача.

А абед — па распарадку

Каб прывучыць моладзь да правільнага ладу жыцця, з 2013 года студэнцкая паліклініка, гарадскі цэнтр здароўя і БДУІР запусцілі спецыяльны праект. Старастаў груп першых курсаў навучаюць асновам здаровага ладу жыцця, а тыя потым кансультуюць сваіх аднагрупнікаў. Так карыснай інфармацыяй паступова будуць ахоплены ўсе студэнты ўніверсітэта. Матывацыя для старастаў — квіткі на харчаванне. Кажуць, дзейсна. Летась да праекта далучыліся і іншыя ўстановы: БДТУ, БДУКМ, Акадэмія мастацтваў, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, філіял Расійскага сацыяльнага ўніверсітэта.

Для прыкладу, даюцца рэкамендацыі па харчаванні. Маладым людзям са здаровым страўнікам раяць есці мінімум чатыры разы на дзень. Чалавеку, не занятаму фізічнай працай, у дзень трэба спажываць у сярэднім 2100 кілакалорый. У залежнасці ад таго, трэба студэнту пахудзець ці паправіцца, спецыялісты падказваюць, як скарэкціраваць рацыён. Самымі сытнымі мусяць быць сняданак і абед. Лёгкую вячэру лепш запланаваць на 19 гадзін. І ніякіх камп'ютараў і смартфонаў перад сном — каб не ўзбуджаць нервовую сістэму і зранку прачнуцца са здаровай галавой.

Цікавімся, ці актуальна для цяперашніх студэнтаў праблема атлусцення.

— У кагосьці залішняя вага, а ў кагосьці, наадварот, — недахоп, — заўважае Людміла Мікалаеўна. — Дзяўчаты, якія сочаць за фігурай, часам настолькі сябе абмяжоўваюць у ежы, што даводзіцца адпраўляць іх да псіхатэрапеўта і прызначаць зондавае харчаванне.

Падправіць здароўе студэнты могуць у прафілакторыях. Такую магчымасць прапаноўваюць шэсць сталічных універсітэтаў: БДУ, БНТУ, эканамічны, тэхналагічны, медыцынскі і педагагічны. Усяго 7,3 тысячы месцаў, якія штогод на 100 працэнтаў запаўняюцца. У першую чаргу на аздараўленне накіроўваюць моладзь з хранічнымі захворваннямі. Калі застаюцца пуцёўкі, іх прапануюць студэнтам, якія часта «сядзелі на даведцы» (напрыклад, з прычыны прастуды).

У кожным прафілакторыі ёсць фізіятэрапеўтычныя аддзяленні, ванны, працуюць інструктары па лячэбнай фізкультуры і масажысты. Але часцяком студэнты, магчыма, у сілу сваёй занятасці, карыстаюцца толькі квіткамі на харчаванне і не ходзяць ні на якія працэдуры.

Пуцёўкі амаль цалкам фінансуюцца дзяржбюджэтам. Студэнту за змену, якая доўжыцца 18-21 дзень, трэба заплаціць толькі 15 працэнтаў (каля 200 тысяч рублёў) ад рэальнага кошту.

lubneuskaya@zvіazda

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Адсутнічаў з уважлівай прычыны...»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

А наша краіна разлічвае, што праз чатыры гады кожная 20 машына будзе электракарам.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.