Вы тут

Як моладзь бавіць вольны час


Кар'ера стаіць на адным з першых месцаў сярод жыццёвых прыярытэтаў у сучаснай моладзі. Хлопцы і дзяўчаты ўзростам крыху за дваццаць гатовыя шмат працаваць дзеля самарэалізацыі і грошай (без іх жа нікуды). Але для таго, каб намаганні былі паспяховымі, неабходна добра адпачываць. Мы папрасілі траіх маладых спецыялістаў расказаць, як яны звычайна бавяць свой вольны час і што дапамагае ім аднавіць сілы перад чарговым працоўным тыднем.


Фор­ма ка­ман­ды, у якой гу­ляе Па­вел Сто­ляр (у ся­рэ­дзі­не), зроб­ле­на ў ко­ле­рах лю­бі­ма­га фут­боль­на­га клу­ба.

Сталічны інжынер-праграміст Павел Столяр на выхадных рэдка застаецца дома:

— Як і многія хлопцы, яшчэ са школьных часоў люблю футбол. З задавальненнем гуляў у яго ва ўніверсітэце. Час ад часу мы і цяпер з сябрамі збіраемся паганяць мяч, толькі ўжо не на студэнцкім стадыёне, а ў межах спаборніцтваў за Кубак Мінска. Акрамя гэтага, я гуляю ў аматарскай камандзе футбалістаў, якая склалася на інтэрнэт-форуме некалькі гадоў таму з фанатаў футбольнага клуба «Ювентус».

Значную частку свайго вольнага часу Павел прысвячае папулярнай прыгодніцка-інтэлектуальнай гульні «Схватка», яна звычайна адбываецца ў ноч з суботы на нядзелю:

«Тут і набегаешся, і мазгі свае напружыш, а цемра толькі дадае экстрыму. Карацей, цудоўны адпачынак для тых, хто сядзіць у офісе з панядзелка да пятніцы».

Ёсць у Пашы і яшчэ адзін спосаб для рэлаксацыі: па магчымасці ён наведвае ўсе гульні ліг КВЗ, якія ладзяцца ў Мінску. «Класічны гарадскі адпачынак — паходы ў кіно і тэатр — таксама здараецца ў маім жыцці. Праўда, не так ужо і часта», — дадае малады праграміст.

Вераніка Трынкіна жыве ў Мастах Гродзенскай вобласці ўжо паўгода. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дзяўчына прыехала сюды працаваць па размеркаванні ў рэдакцыю мясцовай газеты. У першыя месяцы яна кожныя выхадныя ездзіла да бацькоў у Слонім, бо проста не ведала, што рабіць адной у чужым горадзе.

— Але паколькі я аптыміст, то хутка перагледзела сваё стаўленне да сітуацыі. Каб не марнаваць вольны час, запісалася ў аўташколу. Вучылася кіраваць аўтамабілем, а заадно з мясцовасцю і людзьмі знаёмілася, — расказвае Вераніка. — Такім чынам, скараціла гадзіны для суму. Яшчэ вечарамі выходзіла на прагулкі ўздоўж Нёмана.

Атрымаўшы пасведчанне кіроўцы, Вераніка знайшла сабе новае хобі — заняткі ў школе прыгажосці, дзе навучылася некаторым дзявочым сакрэтам. Цяпер яна плануе запісацца на курсы па вязанні, бо лічыць, што «вяжуць не толькі бабулькі», і гэты навык спатрэбіцца ёй у жыцці.

Адзначае Вераніка і яшчэ адзін вялікі плюс маленькага горада — тут у параўнанні з Мінскам усё каштуе ў разы танней. Маладыя спецыялісты атрымліваюць не так ужо і шмат, але ёй хапае гэтых грошай і на тое, каб здымаць асобную кватэру, і на ўласныя інтарэсы. Неверагодным адкрыццём для дзяўчыны сталі мясцовыя кавярні: «Хоць кожны дзень хадзі туды снедаць і вячэраць, на твой бюджэт гэта зусім не паўплывае! Па кошце выходзіць нават танней, чым дадому прадуктаў купіць. Але я люблю сама гатаваць».

У аграгарадок Суботнікі, што ў Іўеўскім раёне, Юлія Драбовіч патрапіла на працу па размеркаванні пасля каледжа. Яна — эканаміст у СВК «Умястоўскі» і завочна вучыцца ў Палескім дзяржаўным універсітэце.

— Мой вольны час — гэта выхадныя, у будні пасля працы звычайна хапае заняткаў па доме: прыгатаваць паесці, прыбрацца, нешта памыць. Таксама рыхтуюся да сесіі. А вось у суботу і нядзелю збіраемся з дзяўчатамі-калегамі, гарбату п'ём, размаўляем. Карацей, нічога асаблівага, — распавядае Юля. — Дыскатэка, здаецца, праводзіцца ў мясцовым ДК, але туды не цягне. У каго ёсць аўтамабіль, той едзе ў горад. У мяне такой магчымасці няма...

Здараецца, выхадныя дзяўчына праводзіць каля камп'ютара. Таму можна сказаць, што інтэрнэт — выратаванне для вясковай моладзі. У некаторай ступені ён замяняе бібліятэку, кінатэатр і рэальныя размовы з равеснікамі, бо як ні круці, а ў вёсцы маладых катастрафічна не хапае.

— З іншага боку не ўсё так дрэнна. Кіраўніцтва нашага СВК і Іўеўскі райвыканкам бачаць праблему і робяць пэўныя крокі, каб прыцягнуць моладзь і зрабіць цікавым яе вольны час. Я кажу так таму, што за паўтара года, што тут працую, адчула гэта на сабе. Напрыклад, летам мы з калегамі ездзілі на раённы турзлёт. А на Дзень горада менавіта маладыя супрацоўнікі з розных вёсак прадстаўлялі свае СВК, — дзеліцца Юля. — Напэўна, самай запамінальнай стала экскурсія па Гродзеншчыне, падчас якой я яшчэ больш зблізілася са сваімі калегамі. Мы ехалі ў аўтобусе і спявалі песні, жартавалі. Дарэчы, карпаратывы ў нас заўжды праходзяць весела і доўжацца да самага ранку.

Ганна КУРАК, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Праца, пачакай, дай адпачыць!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.