Вы тут

Сёлета «Штадлер Мінск» атрымае яшчэ каля 5 млн еўра інвестыцый


А па чыгуначнай трасе Мінск—Гомель гэтым летам пачне «лётаць» швейцарскі электрацягнік Іntercіty.

Асобныя аналітыкі могуць заўважыць, што ўкладанне дадатковых інвестыцый у вытворчасць электратранспарту Stadler на тэрыторыі Беларусі выглядае крыху нелагічным крокам, бо завод кампаніі тут мае цяпер пэўныя цяжкасці з заказамі. Сёння магутнасці прадпрыемства на заводзе ў Фаніпалі загружаныя на 30-40% пры максімальнай прадукцыйнасці каля 120 вагонаў у год. Але выйсце заўсёды ёсць, упэўнены старшыня праўлення і ўладальнік швейцарскай кампаніі Stadler Raіl Group Петэр Шпулер, які днямі наведаў нашу краіну.


Буйны заказ — буйныя грошы

Асноўны ўладальнік кампаніі лічыць, што зніжэнне курсу расійскага рубля, падзенне коштаў на нафту і газ, а таксама санкцыі супраць Расіі з боку Захаду сталі прычынай падзення рынку чыгуначнага транспарту ў краінах СНД. А гэта потым негатыўна адбілася і на дзейнасці завода «Штадлер Мінск».

Першапачаткова самым буйным заказчыкам беларускага прадпрыемства лічыўся расійскі чыгуначны перавозчык «Аэраэкспрэс», які меў намер купіць 25 цягнікоў (118 двухузроўневых вагонаў) на 380 млн еўра. Такі буйны заказ забяспечваў заводу ў Фаніпалі сур'ёзныя даходы на працягу мінімум некалькіх гадоў. У самым пачатку крызісу заказ крыху падрэзалі, пакінулі 24 цягнікі. Але крызіс працягваўся, і каціроўкі расійскага рубля зніжаліся, пасля чаго «Аэраэкспрэс» быў вымушаны ўзяць паўзу і згадзіцца з фінансаваннем толькі 11 саставаў.

«Летась былі цяжкія перамовы з расійскім перавозчыкам, банкамі і страхавымі кампаніямі», — каментуе сітуацыю спадар Шпулер. — А ў выніку адна швейцарская кампанія застрахавала рызыкі і падвоіла тэрмін выплаты крэдыту, які стаў больш за 20 гадоў. А ў выніку істотна скарацілася фінансавая нагрузка на «Аэраэкспрэс», цяпер яна прымальная. У выніку 11 цягнікоў ўсё ж такі будуць перададзеныя ў Маскву». Атрымліваецца, што цяжкасці з першым буйным заказам практычна ўдалося вырашыць.

Больш за тое, першыя буйныя плацяжы з боку расійскіх кліентаў кампанія ўжо атрымала. Астатнюю частку гэтага заказу «Штадлер Мінск» плануе прадаць у Азербайджан, а таксама ў іншыя краіны СНД. Тры цягнікі з двухпавярховымі вагонамі ўжо ў Азербайджане, яшчэ два гатовыя да адпраўкі. Таксама існуе магчымасць, што яшчэ пяць цягнікоў гэтага класа будуць прададзеныя ў Баку. Застаецца яшчэ толькі тры цягнікі. Петэр Шпулер упэўнены, што і яны будуць рэалізаваны з цягам часу іншым заказчыкам у СНД.

Мясцовы рынак

Існуюць у швейцарскай кампаніі пэўныя планы і па нашым рынку. У першую чаргу гэта тычыцца супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай (БЧ), якое Шпулер ахарактарызаваў як найлепшае. Нагадаю, што сёння ўжо 16 цягнікоў Flіrt працуюць у Беларусі. Стартавы заказ для БЧ на 10 так званых швейцарскіх прыгарадных электрычак стаў для кампаніі Stadler «першай ластаўкай» на рынку СНД. А цяпер на «Штадлер Мінск» праходзяць абкатку два сямівагонныя цягнікі класа Іntercіty.

Новы дырэктар замежнага прадпрыемства ў Фаніпалі Філіп Брунер паведаміў карэспандэнту «Звязды», што ў цягніках класа Іntercіty прадугледжаны вагоны-рэстараны тыпу «бістро» з барам і афіцыянтамі. Ужо вясной гэтыя Іntercіty будуць перададзены Беларускай чыгунцы для канчатковай прамысловай абкаткі. Пасля гэтага ўжо праз некалькі месяцаў новы электрацягнік пачне камерцыйнае выкарыстанне па лініі Мінск—Гомель.

Мне здаецца, што агучаная падзея стане сапраўды прыемным падарункам для жыхароў гэтага паўднёвага рэгіёна, бо дабірацца адтуль да сталіцы будзе значна камфортней і хутчэй. Філіп Брунер паведаміў, што па тэхнічных параметрах гэты цягнік можа трымаць крэйсерскую скорасць каля 200 кіламетраў у гадзіну.

У сваім вытворчым партфелі швейцарская кампанія мае і сучасныя электрацягнікі гарадскіх падземных ліній. Таму фірма зацікаўлена ў пастаўках цягнікоў і для Мінскага метрапалітэна.

— Для нас было б выключна важна атрымаць заказы для метро, але пакуль ніякіх дамоўленасцяў на гэты конт няма, — адзначыў дырэктар «Штадлер Мінск».

Стаць лепшым заводам кампаніі

Новы кіраўнік «Штадлер Мінск» амаль упэўнены, што завод у Фаніпалі ў хуткім часе можа стаць па паказчыках якасці і фінансавай стабільнасці лепшым з усіх структурных падраздзяленняў Stadler Raіl Group. Усе перадумовы дзеля гэтага існуюць, лічыць Філіп Брунер. Сёння кіраўніцтва завода цалкам задаволена высокай кваліфікацыяй беларускіх работнікаў, іх тэхналагічнай і працоўнай дысцыплінай.

Начальнік зборачнага цэха — намеснік дырэктара па вытворчасці завода «Штадлер Мінск» Уладзімір Русак паведаміў, што пад яго кіраўніцтвам сёння працуюць 104 спецыялісты, сярэдні ўзрост якіх складае каля 30 гадоў. Першыя дакументы на тэхніку і абсталяванне былі выключна на нямецкай мове, таму мясцовыя высокакваліфікаваныя работнікі дасканала яе ведаюць.

Усяго на заводзе ў Фаніпалі працуюць толькі тры замежнікі. Астатнія — беларусы. Пераважная колькасць з іх — былыя супрацоўнікі УП «Белкамунмаш» і Мінскага вагонарамонтнага завода. Агульны штат работнікаў на прадпрыемстве пад Мінскам невялікі. Першапачаткова тут планавалася стварыць тысячу новых працоўных месцаў. Зараз, па словах дырэктара, працуюць 600 чалавек. Пры такой частковай загрузцы гэта нават зашмат. А калі пойдзе поўная загрузка магутнасцяў, то завод будзе вымушаны наймаць дадатковых работнікаў.

Працы хопіць усім

Дырэктар «Штадлер Мінск» Філіп Брунер катэгарычна абверг чуткі аб мінулых масавых скарачэннях на заводе. Усе работнікі завода маюць кантракт, дзе прапісаны стандартныя сацыяльныя параметры, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства. Акрамя таго, тут для спецыялістаў кампаніі распрацаваны спецыяльны сацыяльны пакет, дзе прадугледжваецца накіраванне работнікаў у доўгатэрміновую камандзіроўку на працу на іншы завод фірмы ў краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Такія камандзіроўкі прадугледжаны для захавання працоўных месцаў работнікаў, калі загрузка ў Фаніпалі недастатковая. Усяго для завода «Штадлер Мінск» было зарэзервавана 65 месцаў на прадпрыемстве кампаніі ў Польшчы, а таксама пэўная колькасць вакансій у Венгрыі і Швейцарыі. Больш за тое, асноўны ўласнік кампаніі Stadler Raіl Group Петэр Шпулер вырашыў частку заказаў з іншых заводаў Еўропы перакінуць для дагрузкі на прадпрыемства ў Фаніпаль.

«Мы перакананыя, што сёлета зможам запоўніць магутнасці завода ў Беларусі. Цяпер прыкладаем сур'ёзныя намаганні, каб інтэнсіфікаваць нашы продажы на рынках. Сёння ідуць інтэнсіўныя перамовы аб тым, каб асобныя заказы перанесці з іншых заводаў на завод у Фаніпалі», — адзначае Петэр Шпулер.

Плюс новае абсталяванне

Кіраўніцтва швейцарскай кампаніі перакананае ў мэтазгоднасці далейшага развіцця завода «Штадлер Мінск». Не апошнюю ролю тут мае яго стратэгічнае размяшчэнне на тэрыторыі Мытнага саюза, а таксама высокі ўзровень кваліфікацыі супрацоўнікаў. Таму кампанія працягне інвестыцыі ў завод. Толькі сёлета плануецца накіраваць 4-5 млн еўра на закупку абсталявання для механічнай апрацоўкі алюмініевых профіляў.

«Мы заўсёды атрымлівалі ўсёабдымную падтрымку як з боку ўрада, так і мясцовых улад. Мы таксама перакананыя, што палітычныя і эканамічныя крызісы калісьці павінны скончыцца, і рынкі на ўсходзе зноў павінны заквітнець», — кажа ўладальнік Stadler Raіl Group.

Акрамя таго, паводле яго слоў, кампанія спадзяецца на цеснае супрацоўніцтва з холдынгам «Белкамунмаш». Адразу ўсё пачыналася з сумеснага прадпрыемства паміж «Белкамунмашам» і «Штадлерам», але эканамічная сітуацыя ў рэгіёне склалася так, што гэта СП было ліквідавана. «Мы будзем аказваць узаемную падтрымку ў плане асваення рынкаў, і «Белкамунмаш» выступіць субпастаўшчыком для вытворчасці ў Фаніпалі», — упэўнены Петэр Шпулер.

Даведка. Праект па стварэнні вытворчасці электрацягнікоў у Фаніпалі стартаваў у снежні 2011 года. Тады ў Беларусі было створана ААТ «Электрычны транспарт», дзе 60% акцый кампаніі належала Stadler Raіl Group, астатняя частка ў выглядзе актываў холдынгу «Белкамунмаш» — Мінаблвыканкаму.

У 2014 годзе кампанія Stadler выкупіла астатнія 40% і стала адзіным уладальнікам акцый прадпрыемства. Усяго ў яго стварэнне Stadler інвеставаў 50 млн еўра.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Мінск—Фаніпаль—Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».