Вы тут

Словы пра мастака і настаўніка Сяргея Каткова



Святло

У студыі Сяргея Пятровіча Каткова было шмат святла. Вокны першага доўгага памяшкання выходзілі на поўдзень. У паўднёвым святле працавала малодшая група. Старэйшыя студыйцы займаліся ў квадратным памяшканні з вокнамі на поўнач. Паміж памяшканнямі меўся высокі, да самай столі, шырокі прагал, так што ў студыі Каткова паўночнае прахалоднае святло змешвалася з цёплым паўднёвым. Ад гэтага там было шмат рэфлексаў, шмат паўтаноў, што надавалі студыі і студыйцам святочны настрой.


Першая карціна

Маляваў я з самага ранняга дзяцінства. Маляваў для таты, каб маці ўкладала мае малюнкі ў лісты, што адсылала ў Маскву, дзе наш бацька вучыўся ў інстытуце на вышэйшых літаратурных курсах. Маляваў я шмат, але першую карціну паспрабаваў зрабіць толькі ў трэцім класе, калі прыйшоў у студыю да Сяргея Пятровіча Каткова. Там дзеці малявалі на вялікіх аркушах; такі бязмежны, як тады падавалася, аркуш узяў і я. У левым ніжнім кутку я намаляваў славянскага асілка з кап'ём, а ў правым — пачвару — чорта-татарына з крывой шабляй. Воіны стаялі ў чаканні двубою. Вялікае поле густа-зялёнай травы я паспрабаваў намаляваць маленечкім пэндзлікам. За першы свой дзень у студыі я зафарбаваў толькі трэць аркуша і моцна заперажываў, што не паспеў скончыць карціну за адзін сеанс. У памяці мая першая карціна з Асілкам ды Пачварнікам так і засталася няскончанай.


Бэзавы колер алейнай фарбы

Першы набор з цюбікамі алейнай фарбы я набыў у краме «Школьнік», што была на вуліцы Маркса. У каробцы ляжала дванаццаць тонкіх, крыху таўсцейшых за звычайны аловак свінцовых цюбікаў. Асаблівае захапленне ў мяне выклікала бэзавая фарба. Я разоў сто адкручваў накрыўку і зазіраў у цюбік, каб палюбавацца алейнай бэзавасцю, каб атрымаць асалоду ад смачнага водару фарбы. Гэтым наборам я расфарбаваў ліяны, што напаўнялі трапічны лес Флорыды. Тады я захапляўся гераічнымі індзейцамі. Маляваў іх у непралазным лесе, сярод рознакаляровых ліян. З таго першага набору запомнілася чамусьці толькі бэзавая фарба.


Першаснег

Мастак заўжды чакае першаснегу. Ад яго змрочнае гарадское наваколле робіцца больш светлым, у майстэрні становіцца менш цемры, а з'яўляецца больш прасторы і радасці. Зазвычай першы снег доўга не ляжыць: і паўдня не мінае, як ён растае. Сёлета снег затрымаўся. Лёгкі марозік не дае яму растаць ужо трэці дзень. У парку першаснег перамяшаўся з залатой лістотай каштанаў. Дзівоснае злучэнне залатога і белага нагадала пра маё далёкае мастакоўскае дзяцінства...

У майстэрню да жывапісца Каткова я прыйшоў у тую марозную нядзелю самы першы. Сяргей Каткоў даў мне грошы і папрасіў схадзіць у хлебную краму па абаранкі і батон-пляцёнку. Ён збіраўся паставіць для вучняў новы нацюрморт. У краме моцна пахла свежым хлебам, абаранкі мне дасталіся яшчэ цёплымі. Я вяртаўся ў Палац школьнікаў па засыпанай снегам дарозе з апетытнымі абаранкамі ў руках. Мне было важна, што стары настаўнік мне, малому школьніку, даверыў грошы і даў дарослае даручэнне. Белы кубак з белым фарфоравым чайнікам, абаранкі і батон-пляцёнку на сіняй драпіроўцы я тады напісаў акварэллю незапамінальна.


Уласаў і свежасць

Калі я пасля доўгага перапынку вярнуўся ў мастацкую студыю, дзе раней выкладаў Сяргей Каткоў, на ягоным месцы працаваў Ігар Уласаў. У дзень майго вяртання Уласаў паставіў вялікі нацюрморт з паўпразрыстай блакітна-зеленкаватай драпіроўкаю і невялікім гіпсавым канём. У пастаноўцы была ранішняя свежасць марскога берага. Нацюрморт я пісаў на вільготнай паперы. Тады была мода — маляваць акварэллю па вільготным. Пастаноўка напісалася за адзін сеанс. Можа, я б той нацюрморт і працягваў пісаць, і засушыў бы яго, і зачарніў, каб не ўхваленне Уласава і не ягоная прапанова пачаць працу над іншай пастаноўкай.


Мама і Сяргей Пятровіч

Зайшоў да мамы. Занёс ёй крыху прадуктаў: хлеб, тварог, смятану, рыс і грэчку. Папілі гарбаты. Я сказаў, што днямі Сяргею Пятровічу Каткову споўнілася сто гадоў. Маці крыху здзівілася. Такія лічбы, як сто чалавечых гадоў, заўжды здзіўляюць. Здаецца, што ўчора... А тут — сто гадоў. «Ты памятаеш, як Сяргей Пятровіч да нас прыходзіў?» Я прызнаўся, што не помню. «Была нядзеля. Мы позна ўсталі. Сядзелі за сталом і снедалі, калі нехта пазваніў у дзверы. Я пайшла адчыняць. У дзвярах стаяў невысокі дзядок. Ён спытаў, ці тут жыве Валодзя Адамчык. Ты пазнаў яго па голасе і прыбег з кухні... «Мама, гэта ж Сяргей Пятровіч, са студыі!» Мы запрасілі Сяргея Пятровіча за стол. Ён паскардзіўся, што ты не ходзіш у студыю і кінуў маляванне, а гэта кепска, бо ты мастак ад прыроды. У цябе своеасаблівае бачанне і шмат ідэй. Табе трэба маляваць. І я, і тата паспрабавалі пераканаць Сяргея Пятровіча ў іншым, што ты лепшы матэматык у класе і табе варта займацца матэматыкай, а не маляваннем. Калі нам здалося, што мы пераканалі Сяргея Пятровіча, ён спытаў, ці прыходзілі да нас дамоў матэматыкі. Не. А мастак прыйшоў... Ты вярнуўся ў студыю».


Чалавек з лесвіцай

У студыю маляваць я хадзіў самастойна. Калі ж Сяргей Пятровіч Каткоў запрасіў нас на адкрыццё выставы ў дзяржаўны музей, я прыйшоў туды з мамаю. Пераступіўшы праз сорам (не ведаю, чаму і чаго я саромеўся), я павітаўся з Катковым. Ён пахваліў мяне, а мама сказала некалькі добрых слоў пра яго нацюрморт з грыбамі. На той выставе мяне ўразіла палатно Вашчанкі «Чалавек з лесвіцай». Чалавек крочыў, несучы на плячы лесвіцу, побач бег сабака, поруч ляцелі два галубы. Чалавек крочыў у залацістай і казачнай прасторы, паміж небам і зямлёю. Гэта быў зусім малады, зусім новы чалавек. Ніколі пазней ніводнае палатно Гаўрылы Вашчанкі мяне так не ўражвала. Але я ніколі і не шкадаваў, што вучыўся менавіта ў яго, менавіта на кафедры манументальнага мастацтва, якую ён узначальваў. Яшчэ на той жа выставе мяне спыніў нацюрморт Альгерда Малішэўскага «Рускія падносы». У Малішэўскага я таксама вучыўся з радасцю.

Я згадаў тую даўнюю выставу, калі сёлета ў краме «Зрабі сам» набыў лесвіцу. З алюмініевай лесвіцаю я крочыў па ранішнім Мінску і згадваў сваіх настаўнікаў: Каткова, Малішэўскага, Вашчанку... Згадваў з прыемнасцю.


Батутныя гімнасты

Трэба было напісаць «батутныя акрабаты», але мы — я і Міша Пракоф'еў — лічылі сябе батутнымі гімнастамі. Мы разам хадзілі ў студыю выяўленчага мастацтва, якой кіраваў Сяргей Каткоў. Студыя тая была ў Палацы піянераў і школьнікаў, на трэцім паверсе. У ёй, вядома ж, меліся і рукамыйнік з прыбіральняю. Гэтыя выгоды былі агульнымі з гімнастычнай залаю. А ў той зале стаяў вялікі белы батут! Часам у нядзелю мы прасілі Сяргея Каткова пакінуць нас у студыі, маўляў, не паспелі падамалёўваць карціны. Каткоў пакідаў ключ і сыходзіў, а мы ляцелі ў гімнастычную залу, каб скакаць на батуце. Мы скакалі на ім у чаравіках. Недаравальны ўчынак! Я скакаў і крычаў на ўсю залу: «Я — батутны гімнаст!» Міша Пракоф'еў таксама скакаў і крычаў. А яшчэ і рэха за намі крычала: «Я — батутны гімнаст!» Пазней я даведаўся, што скачкі на батуце — самы небяспечны від спорту, бо ў ім найбольшая колькасць смяротных выпадкаў, спартсмены часцяком ломяць сабе шыі на такім прыгожым белым батуце. Нам пашанцавала, нас — Мішу Пракоф'ева і мяне — ні разу не злавілі і не пакаралі за тое, што мы скакалі на батуце ў чаравіках.


Гарады

На кавалку шчыльнай паперы намаляваўся казачны горад з рознакаляровымі дамкамі пад чырвонай дахоўкаю. «Гэта ж не Мінск! — здзівіўся мой настаўнік малявання. — Гэта ж Вільня!» Я і сам выдатна бачыў, што намаляваў не наш Мінск, а фантастычны горад з высокімі комінамі і вострымі флюгерамі. «Ты ў Вільні калі-небудзь быў?» — спытаў Сяргей Каткоў. Я ніколі не ездзіў у Вільню. «Ты яшчэ патрапіш у яе. Прыйдзе час — і ты паглядзіш на казачную сталіцу...»

Цяпер, праз трыццаць восем гадоў пасля той размовы з Катковым, я стаю на маленькім балкончыку сваёй віленскай кватэры і гляджу на старажытную сталіцу. Каляровыя дамкі пад цёмнай дахоўкаю, цагляныя коміны, ружовыя вежы, крыжы і флюгеры... Па маёй вуліцы Піліма шыбуюць прахожыя, коцяцца машыны, сунуцца тралейбусы... А я чакаю чорнага каня. На тым даўнім малюнку быў яшчэ конь, чорны конь, запрэжаны ў залатую каралеўскую карэту.


Адам ГЛОБУС

Загаловак у газеце: КАТКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».