Вы тут

Казуістычная матэматыка ліфта


На гэтым тыдні жыхары сталіцы атрымліваюць студзеньскія квіткі за камунальныя паслугі, у якіх з'явіліся новаўвядзенні. У спіс павялічаных расцэнкаў патрапіла і плата за карыстанне ліфтам. Змянілася яна кардынальна. Так, калі рахунак за яго доўгі час быў выстаўлены адным радком у штомесячнай квітанцыі, то цяпер іх атрымліваецца адразу два.


Першы з іх - тэхнічнае абслугоўванне пад'ёмніка ў пад'ездзе, другі - кампенсацыя жыхарамі выдаткаў на сілавую энергію, затрачаную машынай. Тарыф на тэхабслугоўванне ліфта будзе разлічвацца, зыходзячы з метражу кватэры. Стаўка яго складае 617 рублёў за адзін квадратны метр агульнай плошчы. А вось сума выдаткаў у кожным пад'ездзе розная і залежыць ад таго, наколькі часта жыхары тамтэйшых кватэр і іх госці карыстаюцца паслугамі ліфта.

Але па такіх тарыфах выходзіць, што ліфт становіцца хіба не самым дарагім відам транспарту. Зоймемся матэматычнымі падлікамі.

У сям'і аўтара гэтых радкоў жывуць разам з ім тры чалавекі. Месцімся мы ў старэнькай панельцы брэжнеўскіх часоў на 8 паверсе. Плошча хаткі таксама невялікая - 39,5 квадратных метраў.

Такім чынам, выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне ліфта складуць 617х39,5=24.371,52 рублёў.

Плата за электраэнергію пацягнула 3647,16х3 =10.941 рубель.

Выходзіць, што штомесячныя выдаткі на ліфт пацягнуць з нашага агульнага бюджэту суму ў 35.313 рублёў.

Для далейшых разлікаў трэба адказаць на пытанне: як часта вы карыстаецеся ліфтам? Кожны член маёй сям'і падымаецца і спускаецца на вуліцу ў сярэднім па два разы штодзень. Дзённая норма паездак на сям'ю атрымліваецца прыкладна 12. За месяц, у якім 31 дзень, набягуць 372 паездкі. Падзелім 35.313 рублёў на 372. Атрымаецца, што адна паездка каштуе 94,92 рублі.

Акруглім вышыню столяў у кватэрах і таўшчыню перакрыццяў агулам да трох метраў да зручнасці падлікаў. Пакуль я заеду на свой восьмы паверх з першага, ліфт пройдзе 21 метр. Для большай чысціні разлікаў будзем лічыць, што кожны раз, перш чым сесці ў ліфт, даводзіцца ганяць яго паражняком з 1 і 8 паверхаў адпаведна. Таму максімальная адлегласць павялічваецца да 42 метраў.

Фінальны акорд - атрымліваецца, што прыкладны тарыф на паездку ў ліфце для мяне складзе 2,26 рублі за метр. Або 2.260 рублёў за кіламетр.

Многа гэта ці мала? Напрыклад, у гарадскім наземным транспарце сталіцы праезд каштуе 5.000 рублёў. Але ж, напрыклад, за гэтую суму можна праехаць з кальца ў кальцо, напрыклад, на тралейбусе 53-га маршрута, даўжыня трасы якога дасягае амаль дваццаці кіламетраў у адзін канец - ад кальцавой да кальцавой амаль па дыяметры!

Аднак у Мінску пакіламетровая тарыфікацыя праезду ў гарадскім грамадскім транспарце пакуль не дзейнічае. Таму звернемся да міжгародніх перавозак. Так, на звычайнай рыжскай электрычцы эканам-класу праезд каштуе 160 рублёў за кіламетр. На аўтобусе кошты значна вышэйшыя і варыятыўныя. Бяром самы дарагі варыянт - экспрэсны аўтобус з мяккімі адкіднымі сядзеннямі. Тарыфікацыя ў ім да ліфтавой зноў недацягвае - 916 рублёў за кіламетр.

Можа, замежныя паездкі абыдуцца даражэй? Возьмем цягнік Мінск-Новасібірск. Праезд у купейным вагоне на такую адлегласць абыдзецца ў суму 7.310.800 рублёў. Але ж і адлегласць таксама вельмі вялікая - 4.046 кіламетраў. Такім чынам, тарыф на праезд у ім складзе 1.806 рублёў за кіламетр. Пры гэтым, як вядома, на чыгунцы праезд за мяжу перыядычна змяняецца з-за пастаяннага росту курсу швейцарскага франка, да якога і прывязаны тарыфы.

Ну і ў рэшце рэшт давайце пралічым кошт прамога пералёту з Мінска, напрыклад, у Стамбул. Кошт палёту ў ім абыдзецца ў 7.038.100 рублёў. Маршрутная адлегласць - 1.437 кіламетраў. Таму кошт складае ў нашым выпадку 4.897 рублёў за кіламетр.

Атрымліваецца, што тарыф на праезд на ліфце знаходзіцца дзесьці пасярод пасажырскіх цягнікоў міжнародных ліній і авіяпералётамі ў краіны далёкага замежжа. І гэта пры выдатках на тэхнічнае абслугоўванне, якое налічваецца, зыходзячы з зусім маленькай па цяперашніх мерках кватэры-"палутаркі". А калі палічыць выдаткі са значна большай па плошчы трохпакаёўкі?

Пры такім кошце і сэрвіс павінен быць адпаведны. Толькі вось аўтару гэтых радкоў даводзіцца плаціць па такой тарыфікацыі, ездзячы ў ліфце, які пачаў вазіць людзей... яшчэ ў чэрвені 1977 года. І не аднойчы ў месяц даводзіцца тэпаць уверх па 8 паверхаў, бо другога грузавога ці пасажырскага ліфта ў доме архітэктары не прадугледзелі, а старэнькі ліфт сваё ад'ездзіў яшчэ ў далёкім 2002 годзе. Пры гэтым у навакольных дамах, якія засяляліся ў адзін дзень - 26 сакавіка 1977 года -, ліфты замянілі яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Не так даўно зношаны пад'ёмнік у маім пад'ездзе амаль суткі ездзіў без якога-небудзь асвятлення ў кабіне: доўгі час з трох лямпаў працавала толькі адна, ды і тая перагарэла. Належыць аўтару і сумнае дасягненне - неяк ён злаўчыўся захраснуць у ліфце двойчы за адну гадзіну. Ад хет-трыку ўратавала толькі тое, што сустрэў на ўваходзе ў пад'езд сябра і разгаварыліся...

Праўда, на падтрыманне састарэлага ліфта ў працоўным стане таксама патрэбны грошы. Запчасткі прадпрыемства бясплатна не адгрузіць. Іншае пытанне, колькі грошай патрабуе абслугоўванне такога пад'ёмніка ў параўнанні з новым.


А як у іх?

У некаторых краінах экс-СССР платны ліфт з'явіўся яшчэ даўно. Напрыклад, ва Украіне гэтая сістэма прыжылася ў Кіраваградзе, Івана-Франкоўску, Херсоне, Жытоміры, Белай Царквы, Бярдзічаве, Паўночнаданецку. Тарыф на паездку вагаецца ад 10 да 30 капеек у залежанасці ад горада. На нашы грошы - ад 83 да 270 рублёў...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.