Вы тут

Афіцэры заўжды афіцэры


Ваенная дынастыя Андрыеўскіх налічвае пяць пакаленняў і амаль стагоддзе бесперапыннай воінскай службы.

Увайшоўшы на кафедру аператыўнага мастацтва факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл, трапляеш быццам у музей. Кабінетныя сцены ўпрыгожваюць шматлікія ўзнагароды, воінскія значкі, халодная зброя — гэтыя «экспанаты» прафесар кафедры Канстанцін Андрыеўскі збіраў не адзін год. Частка калекцыі для яго асабліва каштоўная: па фотаздымках родных, змешчаных побач, нескладана здагадацца, што гэтымі ордэнамі і медалямі ўзнагароджвалі дзеда і некалі яго самога. Бацька Канстанціна Уладзіслававіча калекцыю сына, які беражліва захоўвае гісторыю сваёй сям'і, папаўняць пакуль не збіраецца, але ахвотна дзеліцца з ім рарытэтнымі дакументамі.


Кан­стан­цін, Пётр (увер­се зле­ва на­пра­ва),  Ула­дзі­слаў і Франц Анд­ры­еў­скія.

Ваенная дынастыя Андрыеўскіх налічвае пяць пакаленняў. Распачаўшы службу яшчэ ў Чырвонай Арміі, Франц Андрыеўскі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сышоў у адстаўку ў званні генерал-маёра. Яго сын — Уладзіслаў Францавіч — у афіцэрскай кар'еры дасягнуў бацькавага поспеху. Унук Канстанцін, да якога мы завіталі ў госці, сышоў на пенсію ў званні палкоўніка, а яго родны брат Пётр — падпалкоўніка. Сёння па афіцэрскім шляху крочыць праўнук родапачынальніка дынастыі. Пакуль Канстанцін носіць лейтэнанцкія пагоны, але, хто яго ведае, магчыма, менавіта ён перасягне ў званні свайго легендарнага продка.

Спецкамандзіроўка... на фронт

Ваенная кар'ера Франца Андрыеўскага пачалася ў 1925 годзе, калі ён паступіў у Кіеўскую артылерыйскую школу. Адслужыўшы там пасля заканчэння камандзірам узвода, камандзірам батарэі, начальнікам штаба, памочнікам начальніка штаба палка, Франц вучыўся ў Ваеннай артылерыйскай акадэміі, што ў Ленінградзе. У адну з начэй 1937 года практычна ўвесь прафесарска-выкладчыцкі састаў і частку слухачоў арыштавалі. Астатніх размеркавалі па воінскіх часцях і ваенных навучальных установах.

Паколькі Франц Андрыеўскі вывучаў французскую і іспанскую мовы, яго накіравалі давучвацца ў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ. Меркавалася, што ён паедзе ваенным саветнікам у Іспанію, дзе якраз ішла вайна. Дабіраліся туды на параходзе. Іх, колішніх выпускнікоў, пераапранулі ў грамадзянскую вопратку, далі замежныя пашпарты, дзе былі ўказаны іншыя імёны. Але да Іспаніі не даехалі — вайна скончылася.

Затым была служба на Далёкім Усходзе, дзе ў складзе 1-й асобнай Чырванасцяжнай арміі Франц і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Афіцэраў адтуль на фронт не адпраўлялі — у любы момант чакалі нападзення японцаў.

— Я памятаю, як дзядуля расказваў, што маральна гэта было не лягчэй, чым тым, хто быў на фронце, — гаворыць Канстанцін Андрыеўскі. — Яны пастаянна былі ў напружанні. Дзядуля казаў, што лепш было б, каб усё пачалося, чым чакаць. Побач з ім знаходзіліся жонка і трое дзяцей.

Тым не менш усе хацелі трапіць на фронт! У 1944 годзе Франц паехаў служыць у Войска Польскае начальнікам аператыўнага ўпраўлення галоўнага штаба. У асабістай кніжцы Андрыеўскага гэтая паездка запісана як спецкамандзіроўка.

Сябраваў з Марэсьевым і паляваў з Ракасоўскім

У 1945 годзе сям'я пераехала ў Прыбалтыку. Нягледзячы на тое, што вайна скончылася, час быў няпросты. Кіруючы склад рэгулярна атакавалі нацыяналісты. «Бацька расказваў, як аднойчы ён хаваўся ад невядомых людзей, якія прыйшлі па яго ў гімназію, каб забіць як сына чырвонага камандзіра, — успамінае Канстанцін Уладзіслававіч. — На дзядулю напалі, калі ён ехаў у машыне. Забілі кіроўцу і ад'ютанта. Двух бандытаў напаткалі дзедавы кулі».

У 1951 годзе Франца Андрыеўскага накіравалі спачатку намеснікам камандуючага ваеннай акругі, а потым камандаваць акругай у Польшчу. Міністрам нацыянальнай абароны гэтай краіны якраз тады быў Канстанцін Ракасоўскі. У калекцыі ўнука захоўваецца дакумент дзеда з подпісам маршала. Ёсць і фотаздымак, на якім Франц Андрыеўскі, начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага Корчыц, Жукаў, Булганін і іншыя вядомыя военачальнікі слухаюць дакладчыка. Якога — на фатаграфіі не відаць, але вядома, што тады перад імі выступаў Ракасоўскі.

— Дзядуля быў заўзятым паляўнічым, і Ракасоўскі таксама, — расказвае ўнук. — Яны палявалі разам, ездзілі на рыбалку. Сябраваў ён і з легендарным Марэсьевым. Калі дзядуля выйшаў на пенсію, шмат займаўся ветэранскай дзейнасцю. Як толькі Марэсьеў па ветэранскіх справах прыязджаў у Рыгу, ён заўсёды браў мяне на гэтыя сустрэчы.

Іх перапіска з Марэсьевым, а таксама ўзнагароды дзядулі-генерала — ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, тры ордэны Айчыннай вайны і пяць польскіх узнагарод — займаюць пачэснае месца ў калекцыі прафесара.

Плеяда артылерыстаў

Бацька Канстанціна Андрыеўскага — таксама артылерыст. Скончыў 1-е гвардзейскае Маскоўскае мінамётна-артылерыйскае вучылішча, якое тэрытарыяльна размяшчалася ў Калінінградзе. Вучыліся страляць на «Кацюшах».

Ужо будучы камандзірам батарэі, Уладзіслаў Андрыеўскі паступіў у акадэмію Фрунзэ. Пасля вучобы паехаў у Ерэван, дзе працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі, а потым у Тбілісі служыў у аператыўным упраўленні Закаўказскай ваеннай акругі. Закончыў службу ў Маскве, у Галоўным штабе сухапутных войск намеснікам начальніка арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення.

Сёння генерал-маёру ў адстаўцы 85 гадоў. Ён жыве ў Маскве разам са сваім старэйшым сынам, які, дарэчы, таксама насіў афіцэрскія пагоны. Пётр скончыў Тбіліскае вышэйшае ваенна-каманднае артылерыйскае вучылішча і сышоў у адстаўку ў званні падпалкоўніка.

У дынастыі — пехацінец

Малодшы сын генерал-маёра пасля заканчэння сярэдняй школы ў Тбілісі паступіў у Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Пехацінец! Як успамінае Канстанцін Андрыеўскі, падчас сямейных сустрэч родныя не ўпускалі магчымасці па-добраму пажартаваць з таго, хто абарваў плеяду артылерыстаў.

Пасля заканчэння вучылішча Канстанцін Андрыеўскі ўсяго паўгода праслужыў у Адэскай ваеннай акрузе, як раптам — незапланаваная камандзіроўка... «Аб гэтым услых не казалі, але мы здагадваліся, куды едзем», — успамінае ён. У Афганістан разам з таварышамі прыехалі ў студзені 1980 года. Служыў камандзірам роты ў горна-стралковым батальёне 70-й асобнай мотастралковай брыгады. За баявыя дзеянні ў Афганістане Канстанцін Андрыеўскі быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга. Нагадваюць аб тых нялёгкіх гадах і іншыя ўзнагароды.

«Шчасце жыць у Беларусі!»

У Беларусь Канстанцін Андрыеўскі прыехаў пасля службы ў Закаўказскай ваеннай акрузе і вучобы ў Ваеннай акадэміі Венгерскай народнай арміі. Гэта быў 1989 год. Ён — начальнік штаба 339-га гвардзейскага мотастралковага палка 120-й дывізіі.

— Кожны афіцэр марыў служыць у Беларусі, — успамінае прафесар. — Па тым часе Беларуская ваенная акруга была адной з перадавых у Саюзе. Заўсёды ў афіцэрскім асяродку адзначалася высокая агульная культура і чароўнасць беларускага народа. Сацыяльныя ўмовы ваеннаслужачых былі лепшымі, чым у многіх іншых рэспубліках. Пачуццё захаплення краінай засталося і дагэтуль: трэба пабываць у многіх месцах, каб ацаніць, якое шчасце жыць у Беларусі!

У 1994 годзе Канстанцін Андрыеўскі перайшоў служыць у аператыўнае ўпраўленне Галоўнага штаба, а праз сем гадоў паступіў у Акадэмію Генеральнага штаба ў Маскве. Затым ён — намеснік камандуючага Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання, начальнік штаба Заходняга аператыўнага камандавання. За выдатную службу з рук Прэзідэнта краіны атрымаў ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені. Акрамя таго, Канстанцін Уладзіслававіч стаяў ля вытокаў стварэння факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі.

Дынастыя працягваецца

Сыну Канстанціна Андрыеўскага лейтэнанцкія пагоны даліся няпроста. Але нягледзячы на пэўныя перашкоды, яго мара спраўдзілася і ён працягнуў афіцэрскую дынастыю сваёй сям'і. Цяпер Канстанцін працуе ў Ваеннай акадэміі. Самы юны прадстаўнік дынастыі — на фотаздымках — таксама прысутнічае ў міні-экспазіцыі свайго бацькі.

Дарэчы, у калекцыі Канстанціна Уладзіслававіча ёсць і георгіеўскія крыжы. Каму яны належалі, прафесар не ведае. Затое, як яны да яго трапілі, памятае добра.

— У той час я служыў на Каўказе, — расказвае ён. — А ўсходнія жанчыны, як вядома, вельмі любяць насіць упрыгажэнні, якія часта робяць сваімі рукамі. І вось я неяк убачыў у іх георгіеўскія крыжы. Яны ўжо збіраліся адразаць стужкі. Я падышоў і папрасіў не чапаць крыжы. Узамен прыйшлося падзяліцца некалькімі сярэбранымі манетамі.

* * *

Напрыканцы нашай сустрэчы спытала ў Канстанціна Уладзіслававіча, якое свята асабліва шануецца ў іх сям'і. Хоць і здагадвалася, якім будзе адказ, такога павароту не чакала. Аказваецца Дзень абаронцаў Айчыны для іх асаблівае свята яшчэ і таму, што 23 лютага адзначала свой Дзень нараджэння мама Канстанціна Андрыеўскага, а зараз святкуе яго сын — аб такім падарунку марыць кожны афіцэр!

kanyuta@zvіazda.by

Фота з асабістага архіва Канстанціна Андрыеўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?