Вы тут

Подзвігу Акрэсціна прысвячаецца...


Штогод у мінскай гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С. Акрэсціна святкуюць дзень нараджэння славутага лётчыка.

Каб успомніць подзвіг і ўшанаваць памяць авіятара, сюды прыходзяць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.


Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — Анатоль Сульянаў, Сяргей Новікаў і Анатоль Атруба — галоўныя госці сустрэчы.

Барыс Сямёнавіч Акрэсцін загінуў 6 ліпеня 1944 года пры вызваленні Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кажуць, што экіпаж камандзіра штурмавіка Барыса Акрэсціна і паветранага стралка Віктара Саладухіна ўпаў у раёне Соснаў, што недалёка ад Мінска.

— Да 1961 года мала хто ведаў пра подзвіг гэтага экіпажа, — расказвае кіраўнік музея баявой славы гімназіі Тамара ЛОСКУТАВА. — Усё пачалося з таго, калі аднойчы вучні нашай школы напярэдадні 23 лютага вырашылі ўскласці кветкі на Вайсковых могілках Мінска. І калі натрапілі на помнік, прысвечаны Акрэсціну, задумаліся — а хто гэта? Сур'ёзная даследчая работа пачалася пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара школы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Сівакова. Знаходзяць матэрыялы: аказваецца, Барыс Акрэсцін — масквіч, лётчык, які здзейсніў подзвіг у Беларусі.

Школьнікі настолькі захапіліся пошукавай работай, што знайшлі прозвішчы і некаторых іншых невядомых герояў. Сёння ў экспазіцыі музея баявой славы, створанага на базе гімназіі, захоўваецца памяць аб 5 лётных экіпажах і 13 лётчыках. Тут — часткі самалётаў, знойдзеныя пошукавымі атрадамі, дакументы і асабістыя рэчы лётчыкаў, фотаздымкі.

— Подзвіг Барыса Акрэсціна яшчэ вялікі тым, што на ім выхоўваюцца тысячы лётчыкаў, — лічыць пісьменнік, генерал-маёр авіяцыі Анатоль СУЛЬЯНАЎ. — І адзін з іх служыў на беларускай зямлі. Генадзь Елісееў загінуў пры выкананні баявой задачы, чым паўтарыў подзвіг Акрэсціна — праўда, ужо ў мірны час. Загінуць у імя Айчыны — вечны подзвіг.

Сёння аб тым месцы, дзе падчас вызвалення нашай краіны загінуў баявы экіпаж, не нагадвае нават сціплы помнічак. А варта, каб пра подзвіг лётчыкаў-герояў ведалі не толькі гімназісты.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена КОКТЫША

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.