Вы тут

«Няма за што» ад Барыса і сэлфі ад Тэспіяна


Карэспандэнт «Звязды» навучыў гаварыць па-беларуску нават робата.

І гэта зусім не жарт. Робат Эрбот, якога ў народзе празвалі Барысам, сапраўды, перадаў прывітанне чытачам «Звязды» па-беларуску. Адбылося гэта на інтэрактыўнай выставе «Баль робатаў», якая распачалася ў Мінску.

Летась робаты з усяго свету ўжо гасцілі ў нашай краіне. Але, як кажуць арганізатары, асноўная частка экспанатаў «Балю-2016» — новая, а значыць, новыя і ўражанні. Мы вырашылі пераканацца ва ўсім на свае вочы. І завіталі на баль, дзе не толькі пагутарылі з робатамі, але пагулялі з імі ў тэніс і баскетбол...


Баскетбольны выклік ад Кукі і блэндар на колах

Так, упершыню сваім талентам беларусаў будзе здзіўляць Кука. Гэты прамысловы робат ужо зарэкамендаваў сябе на такіх маштабных аўтамабільных вытворчасцях, як «БМВ», «Мерседэс». Але, як таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, так і робат Кука праяўляе свае здольнасці не толькі ў працоўны час. Напрыклад, на выставе з ім можна паспаборнічаць у закідванні мяча ў баскетбольнае кольца. Калі шчыра, я — не аматар баскетбола. Тым больш спаборнічаць з Кукам бессэнсоўна: ён трапляе ў кольца з зайздроснай дакладнасцю. Але затое я з задавальненнем пагуляла з робатам у настольны тэніс. Гэта цудоўны трэнажор для навічкоў, і выратаванне для тых, хто прагне пагуляць, а няма з кім... Праўда, робат можа толькі падаваць мячыкі.

На «Балі робатаў» мы пазнаёміліся таксама з робатам-мастаком, робатамі-танцорамі і нават пакаштавалі смузі, прыгатаваны робатам. Дакладней, каб прыгатаваць смакоцце, давялося крыху паднапружыцца. Справа ў тым, што робат-блэндар прымацаваны да багажніка веласіпеда. Каб прывесці яго ў дзеянне, трэба пакруціць педалі не адну хвіліну. Па шчырасці, ідэя мне прыйшлася даспадобы, бо яна чарговы раз даказвае народную мудрасць: «Хто не працуе — той не есць».

Пра жалезную няньку і тэрапеўтычнага цюленя

Але найбольш мяне здзівіў і парадаваў Барыс. Ён аказаўся не толькі самым ветлівым, але і надзвычай кемлівым робатам. Калі я запыталася ў яго па-беларуску «Як справы?», Барыс адразу ж скеміў і адказаў: «Отлично». «Барыс, скажы «прывітанне», — папрасіла робата перадаць прывітанне чытачам «Звязды» па-беларуску. І што вы думаеце, ён, на маё здзіўленне, адказаў: «Дзень добры». А на сваё радаснае «дзякуй», пачула «няма за што».

— Барыс — робат-нянька, — распавядае экскурсавод Арцём ВАРАНКОЎ. — Вы яго можаце спакойна пакінуць з маленькім дзіцем, а самі ад'ехаць па справах. У яго на лбе ўсталявана камера, такім чынам вы можаце дыстанцыйна кіраваць робатам і назіраць, чым займаецца вашае дзіця.

Яшчэ адзін мілы робат, які абавязкова спадабаецца і дзецям, і дарослым, выглядае, як дзіця грэнландскага цюленя. Цела Паро шчодра ўсеяна разнастайнымі датчыкамі і сэнсарамі (вядома, іх не відаць звонку), таму ён імгненна рэагуе на кожны дотык. Здольны паказаць такія эмоцыі, як здзіўленне, радасць і гнеў. Адгукаецца на імя. Калі яго пагладзіць, пачне ў адказ ад задавальнення зажмурваць вочкі і «муркаць» голасам грэнландскіх цюленяў.

— Паро занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як «самы лячэбны робат». Ён задумваўся для тэрапеўтычнага эфекту, каб выклікаць станоўчыя эмоцыі ў пацыентаў дзіцячых бальніц і дамоў састарэлых, дзе нельга трымаць хатніх жывёл, — удакладняе Арцём. — А галасы цюленяў японскі інжынер запісаў у Канадзе і затым заклаў у Паро.

Яшчэ мне вельмі спадабаўся робат па мянушцы Дзеравяка. Магчыма, таму, што ён выраблены з дрэва і нечым нагадвае дамавёнка Кузю ці Нафаню. Быў прыдуманы да 700-годдзя Сергія Раданежскага, для таго, каб збіраць ахвяраванні з прыхаджан на развіццё храма. Дзе ён толькі ні збіраў міласціну, кажуць, нават у Дзярждуме Расіі. Са словамі «Помогите, люди добрые» выпрошвае грошы, і толькі пасля таго, як вы кінеце ў вузенькую адтуліну-кішэньку манетку, пачынае расказваць анекдоты і іграць на катрынцы. «У нас няма манет. Трэба было крыху пазней прыехаць, калі ў нас увядуць металічныя грошы», — пажартавала я. І што вы думаеце, пасля гэтых слоў Дзеравяка злітаваўся і сыграў для нас задушэўную мелодыю.

«Робат таксама чалавек»

Але больш за ўсё прыхільнікаў збірае побач з сабой акцёр Тэспіян. Гэты англійскі эмацыянальны робат здольны не толькі выказваць эмоцыі, але і па-тэатральнаму чытаць Пушкіна, спяваць Лепса, танчыць. Ён вельмі любіць «кантактаваць з дзеткамі і сімпатычнымі дзяўчатамі, калі крыху скача электрычнасць, гэта козытна, і калі раніцай мяне дастаюць з каробкі». Таксама абажае фатаграфавацца, але пасля абавязкова падкрэсліць сваю папулярнасць «Это моё тысячное сэлфи на сегодня». Любіць ён і пахваліцца. Маўляў, «мой родной язык английский, но я могу говорить на любом языке мира». Калі спрабую падлавіць і прашу сказаць што-небудзь па-беларуску, ставячы ў прыклад Барыса, хуценька дае рады і пачынае спяваць «До чего дошёл прогресс... Вкалывают роботы, а не человек». Затым уздыхае, кажа, што стаміўся: «Давай прервёмся. Роботы ведь тоже люди».

Паводле слоў спецыяліста па сувязях з грамадскасцю «Балю робатаў — 2016» у Мінску Веранікі ЮРАНКОВАЙ, робаты Сацыабот, Бакстэр, Кука з'едуць крыху раней — таму спяшайцеся наведаць мерапрыемства, каб атрымаць максімум уражанняў! Выстава праходзіць у сталічным гандлёвым цэнтры «Тытан» да 27 сакавіка.

dryla@zviazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.