Вы тут

Да мовы — праз каханне


Учора ў Міністэрства замежных спраў завіталі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій у нашай краіне, каб... пачытаць вершы беларускіх паэтаў. Незалежна ад краіны, з якой яны прыбылі, і ўзроўню валодання мовай, творы агучваліся выключна па-беларуску. Такім чынам дыпламаты ўганаравалі свята Дня роднай мовы, абвешчанага ЮНЕСКА. Мерапрыемства прымеркавалі да 100-годдзя з дня вянчання беларускага песняра — Янкі Купалы — з Уладзіславай Станкевіч.


— Мова, культура, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці — гэта падмурак, без якога немагчыма існаванне і народа, і дзяржавы, — упэўнены Уладзімір МАКЕЙ, міністр замежных спраў Беларусі. — Гэта наш скарб, якім мы павінны ганарыцца. Сам час патрабуе ад нас не толькі звярнуцца да нашых вытокаў, але і паглыбляць знаёмства з нашым краем, традыцыямі і фальклорам. Для нас гэты дзень мае асаблівае значэнне. Бо кожны дыпламат павінен ведаць і шанаваць не толькі родную мову, але і мову той краіны, дзе ён працуе.

Па словах кіраўніка МЗС, для беларусаў Янка Купала — гэта сімвал любові да сваёй радзімы, краю, народа. Таму было асабліва прыемна пачуць ад прадстаўнікоў дыпмісій у Беларусі вершы айчынных паэтаў на мове арыгінала. Уладзімір Макей лічыць, што такога кшталту мерапрыемствы садзейнічаюць узаемаразуменню і збліжэнню паміж народамі і дзяржавамі. Ён прызнаўся, што вельмі любіць беларускую паэзію, і прачытаў санет Янкі Купалы «Я люблю».

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч упэўнена, што творца, якому прысвечана сустрэча, — самы вядомы беларускі паэт. «Творы Янкі Купалы перакладзены амаль на сто моў свету. Ён самы ўганараваны беларус у свеце. Помнікі яму стаяць у адным з паркаў у Нью-Ёрку, на Кутузаўскім праспекце ў Маскве, у ізраільскім горадзе Ашдод на плошчы, якая носіць імя Янкі Купалы. Гэтым мерапрыемствам мы працягваем справу шанавання памяці беларускага песняра», — такую думку выказала Алена Раманаўна.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін прызнаўся карэспандэнту «Звязды», што яму даспадобы такое свята. «Кітайскі народ высока паважае беларускую культуру, асабліва мову і літаратуру. Шмат хто з вашых пісьменнікаў і мастакоў добра вядомы ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Напрыклад, Янка Купала і Марк Шагал. Апошнім часам урад КНР удзяляе гэтай сферы асаблівую ўвагу»,— падкрэсліў дыпламат.

Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «У дыялогу культур», арганізаванага МЗС сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. У ім бралі ўдзел кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў, прадстаўнікі шэрагу дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, а таксама творчая інтэлігенцыя. Падчас імпрэзы прагучалі творы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ды іншых, а таксама была адкрыта выстава графічных работ «Яна і я».

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».