Вы тут

Таццяна Кананчук: «Будучыня — за ініцыятыўнымі людзьмі»


Нядаўна на Магілёўшчыне стартаваў агульны праект для трох раёнаў — Слаўгарадскага, Краснапольскага і Быхаўскага.

— Сутнасць яго ў тым, што ў раёнах будуць створаны ўмовы для таго, каб кожны ініцыятыўны чалавек змог рэалізаваць свае ідэі, — кажа Таццяна Кананчук, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. — Тое, што гэта будзе працаваць, пацвярджаюць праекты, якія ўжо ўвасобіліся ў жыццё на тэрыторыях Слаўгарадскага і Краснапольскага раёнаў. Людзі зразумелі, што яны могуць незалежна ад патэнцыйных наймальнікаў зарабляць грошы і прыносіць карысць грамадству.


— Чарнобыль вельмі моцна адбіўся на стане «вашых» раёнаў — Слаўгарадскага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Быхаўскага. Жыццё на гэтых тэрыторыях «да» і «пасля» вельмі адрозніваецца. Людзі не зусім разумеюць, навошта закрываць крамы, паштовыя аддзяленні і гэтак далей... Моладзь у пошуку «пульсу жыцця» з'язджае ў гарады...

— Усе гэтыя змены па аптымізацыі, на першы погляд, балючыя. І пытанні занятасці вельмі важныя. Але хочацца, каб насельніцтва разумела, у якой сітуацыі мы знаходзімся. Калі ёсць зямля, ёсць вольныя нішы ў сферы паслуг, хацелася б, каб у людзей хутчэй мянялася мысленне, падыходы, каб яны перасталі чакаць манны нябеснай. Калі мне кажуць: «Няма дзе працаваць», я пытаюся: «А што вы хочаце? Якое прадпрыемства трэба пабудаваць?» У адказ чую: «Не ведаю». Вось такія невялікія раёны павінны трымацца на дробных вытворчасцях, якія аб'ядноўваюць тры-пяць-дзесяць чалавек. Хочацца, каб бізнес, які на працягу столькіх гадоў займаўся гандлем, таксама зразумеў, што паралельна яшчэ нешта трэба рабіць, каб развівацца. І ўцягваць іншых у гэтую дзейнасць, ствараць працоўныя месцы. Трэба нешта рабіць для той тэрыторыі, дзе ты жывеш, не баяцца рызыкаваць. Можа, не атрымаецца на ўсё жыццё, але год-два ты будзеш нешта зарабляць. А галоўнае, атрымаеш карысны вопыт, бо пад ляжачы камень вада не цячэ. Мясцовая ўлада, калі бачыць, што чалавек нешта гатовы рабіць, павінна яго падтрымаць. Калі яму не хапае адукацыі, вопыту, трэба тлумачыць, якую ён можа субсідыю ўзяць, запрасіць паўдзельнічаць у праектах. Той жа праект «Прыватна-дзяржаўнае партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця сельскіх раёнаў Беларусі», які рэалізуецца ў Магілёўскай вобласці Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Беларусі, — добры шанц атрымаць карысны вопыт. Вышэйназваныя прапановы я разглядаю як невялікі старт, каб чалавек паспрабаваў сябе рэалізаваць і нешта пачаў рабіць далей. Бо праект не можа існаваць бясконца. Будучыня сельскіх тэрыторый залежыць ад актыўнасці жыхароў. Сацыяльныя гарантыі ёсць, але забяспечыць свой дабрабыт ты павінен сам.

— На ваш погляд, тыя раёны, якія закрануў Чарнобыль, здолелі неяк акрыяць пасля гэтай трагедыі?

— Сёння гэта ўжо зусім іншыя населеныя пункты. Дзякуючы дзяржпраграме па мінімізацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, якая прымаецца кожныя 5 гадоў, шмат чаго зроблена для захавання здароўя насельніцтва і развіцця забруджаных тэрыторый.

Падчас перадвыбарнай кампаніі я ўголас марыла пра спецыяльную праграму. І летась была зацверджана абласная праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, якая павінна стаць штуршком для яго развіцця. Ніякі дэпутат адзін не можа вырашыць нічога. Абавязкова патрэбна, каб было ўзаемадзеянне з мясцовай уладай, узгодненасць у справах.

— Наколькі цяжка бывае вырашыць праблемы насельніцтва? Куды даводзіцца звяртацца, хто дапамагае?

— Людзі ідуць на прыёмы з рознымі пытаннямі — і мясцовага значэння, і з такімі, якія не ўрэгуляваны на заканадаўчым узроўні. Працую з райвыканкамамі і раённымі Саветамі дэпутатаў; усё, што датычыцца мясцовага значэння, вырашаецца. Выязджаем на месцы, каб паглядзець, у чым справа. У першы год майго дэпутацтва ў Краснапольскім раёне людзі паскардзіліся на стан двухпавярховіка ў вёсцы Сідараўка. Ён не адпавядаў нормам для пражывання. Па дзяржпраграме, якая датычыцца спарахнелага жылля, дом прызналі аварыйным і людзі атрымалі новыя кватэры. У Слаўгарадзе жыхары паднялі складанае пытанне наконт прыватызацыі кватэр у дамах, пабудаваных па чарнобыльскай праграме. Тут быў пэўны прабел у заканадаўстве. Цяпер ён вырашаны на найвышэйшым узроўні. Гэта дало магчымасць 34 слаўгарадскім сем'ям прыватызаваць жыллё. Як высветлілася, па вобласці такіх сем'яў было 64.

— А ці ўсім атрымліваецца дапамагчы?

— Мяне засмучаюць звароты людзей, якія жывуць дзесяцігоддзямі па суседстве і не могуць дамовіцца аб межах зямельных участкаў. Ёсць, на жаль, такія незавершаныя справы. І невядома, што з імі рабіць. Цэлы год ішлі звароты па прыватызацыі жылля, па ацэнцы кошту. Наогул сустрэчы з людзьмі ў працоўных калектывах і на такіх вось асабістых прыёмах вельмі важныя для мяне, бо пры рабоце над законапраектамі лепш разумееш, што трэба рабіць, каб законы працавалі на месцах.

— Наколькі было складана пасля працы на пасадзе старшыні раённага Савета дэпутатаў прыйсці працаваць у парламент?

— Першы час было складана, не хапала эканамічнай, юрыдычнай адукацыі. А задаволенай можна быць толькі тады, калі ты прафесіянал. Трэба працаваць над сабой, пераймаць досвед у калег, займацца самаадукацыяй. А яшчэ мне вельмі дапамагае навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Я паступіла туды, каб падцягнуць узровень і атрымаць новыя веды.

Асноўная дзейнасць у парламенце — гэта праца над законапраектамі. Мне цікавыя не толькі тыя праекты, што ідуць праз камісію, дзе працую, але і тыя, якія датычацца ўсяго грамадства. Тыдзень на месяц мы працуем у сваіх акругах. Гэта ўдзел у раённых мерапрыемствах, прыёмы, сустрэчы ў працоўных калектывах. Складана за 4 гады пабываць ва ўсіх калектывах, але некаторыя прыходзілася наведваць неаднойчы. Для мяне гэтыя сустрэчы ўяўляюць асаблівую цікавасць: бачыш настрой людзей, іх вочы; задаволены яны тым, што адбываецца, або не.

— Слаўгарадскі раён для вас родны. Паспяваеце зайсці да сваякоў на гарбату?

— Імкнуся як мага часцей бываць дома. І нават стараемся ўсёй сям'ёй вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю на сваім прысядзібным участку, як і раней. Калі чалавек скардзіцца на недахоп часу, то гэта толькі таму, што ён няправільна ім распараджаецца. Калі правільна спланаваць усё, шмат чаго паспееш.

— Справы, вядома, перш за ўсё, а ці хапае часу для хобі?

— Раней спрабавала вышываць і вязаць, вельмі люблю чытаць. З задавальненнем гатую, асабліва калі мы ўсёй сям'ёй збіраемся ў Слаўгарадзе. Галоўны памочнік — унук, якому сёлета будзе 3 гады. Летам хоць разок стараюся ў грыбы схадзіць. На жаль, вёска Ходараў Слаўгарадскага раёна, дзе я нарадзілася, моцна пацярпела ад радыяцыі. Там у лесе заўсёды было поўна і ягад, і грыбоў. Мы жылі сціпла, але якім шчаслівым запомнілася мне маё дзяцінства! Трэба вучыцца радавацца простым каштоўнасцям.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.