Вы тут

Гульня ў радасць


Маленькі дэльфін рэдкага віду ла-плацкі выкінуўся на бераг Атлантычнага акіяна ў Аргенціне. І адразу трапіў у рукі турыстаў. Замест таго, каб вярнуць малога назад у ваду, яны пачалі рабіць з ім сэлфі. І жывёла памерла ад абязводжвання і перагрэву проста на руках у аднаго з мужчын. Жорсткасць людзей, што прагнулі зрабіць здымак з дэльфінам, не ўціхла нават пасля таго, як ён загінуў. Турысты працягвалі з ім фатаграфавацца. Здымкі радасных людзей з мёртвым дэльфінам на руках разляцеліся па інтэрнэце... А мне ўжо каторы дзень не дае спакою тая радасць. Радасць праз пакуты іншых...


Мне па душы іншая гульня ў радасць — тая, якую прапанавала Паліяна. Маленькая дачка святара марыла пра прыгожую ляльку. А ў пасылцы з дабрачыннага камітэта, што трапілася ёй, аказаліся дзіцячыя мыліцы. Дзяўчынка спачатку засмуцілася. Але тата сказаў: «Паліяна, трэба радавацца!». Здавалася б, чаму можна радавацца, калі замест лялькі табе даюць мыліцы? «Радуйся, што яны табе не патрэбны!». З таго часу Паліяна з татам пачалі гуляць у радасць. Гульня зводзілася да таго, каб ва ўсім на свеце знаходзіць што-небудзь такое, чаму можна радавацца... «Разумееце, калі шукаеш, чаму радавацца, то адразу забываеш пра ўсё астатняе, ну, напрыклад, пра тое, што табе хацелася ляльку...»

Гадоў восем таму паехалі мы з сяброўкамі ў Балгарыю. Было гэта ў верасні. Практычна ўсе чатырнаццаць дзён нашага адпачынку ішоў дождж. Мы вымушаны былі хадзіць у куртках і амаль не пакупаліся, бо мора было халодным. Больш за тое, я застудзіла нагу. Даводзілася кульгаць, бо было балюча ступаць. Тым не менш, у той час, як адна з сябровак ныла, я (натхнёная казачнай гісторыяй Элінор Портэр пра Паліяну), не стамлялася знаходзіць нагоды для радасці, чым моцна яе раздражняла. «Ой, як цудоўна: раз мы не можам купацца, давайце паедзем у Турцыю! Яна ніколі не была так блізка, калі яшчэ надарыцца такая магчымасць?». У Стамбуле ў мяне падчас экскурсіі па палацы султана зламаліся акуляры... Нягледзячы на тое, што дрэнна бачыла, працягвала радавацца — бо маю магчымасць чуць, адчуваць, што ўпершыню пакаштавала смажаныя каштаны...

Часам, вядома, бывае вельмі складана знайсці нагоду для радасці. Але і ў такія моманты я згадваю Паліяну, якая пайшла праведваць місіс Сноў, прыкаваную да ложка. Жанчына пастаянна была чымсьці не задаволена: прынясуць цялячы cтудзень, дык яна абавязкова скажа: «Лепш бы вы прынеслі курыцу». А варта прынесці курыцу — і яна адразу ж захоча поліўкі. На гэты раз місіс Сноў пачало раздражняць, што Паліяна ўсяму радуецца і заклікае радавацца і яе. І яна выпаліла: «Я шмат дзён прыкавана да ложка! Чаму мне радавацца?». Паліяна разгубілася: «Я пакуль не ведаю адказу на вашае пытанне. Але тата казаў, што заўсёды можна знайсці нагоду для радасці. Я зараз павінна ісці, але абяцаю вам, што буду ўвесь час думаць над гэтым, пакуль не прыдумаю». Праз некалькі дзён вярнулася і радасна паведаміла: «Я падумала... Вы можаце радавацца, што астатнім не так дрэнна, як вам!»

...Аднаго чалавека выкінула на бязлюдны востраў. Кожны дзень ён выглядваў на гарызонце, ці не ідзе які-небудзь карабель яго выратаваць. Але караблёў усё не было і не было. Больш за тое, аднойчы маленькі шалаш, які ён пабудаваў з выкінутых на бераг палак і дошак і ў якім знаходзіўся ўвесь запас ежы, згарэў дашчэнту. Дым слупом падымаўся ў неба, а чалавек рыдаў: «Божа, як ты мог так паступіць са мной?!». Аднак на наступны дзень да вострава прычаліў выратавальны карабель. «Як вы даведаліся, што я тут?» — спытаў чалавек. «Мы ўбачылі твой дымавы сігнал», — адказалі мараходы. Бывае так, што дом, які гарыць, становіцца сігналам для ратавання. Хто ведае...

Дарэчы, на сцэне Тэатра юнага гледача ў Мінску аднавілі спектакль «Паліяна» на беларускай мове. Схадзіце ўсёй сям'ёй, не пашкадуеце! Магчыма, і вас, як і мяне калісьці, маленькая дзяўчынка зменіць сваім «Я так рада...».

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.