Вы тут

У пасёлку Мар'іна з'явілася мемарыяльная дошка За­ха­ру Бі­ра­лу


Днямі на адным са шматкватэрных дамоў у пасёлку Мар'іна, што на Пухаўшчыне, з'явілася мемарыяльная дошка. «У гэтым доме з 1984 па 1993 год жыў і працаваў Захар Якаўлевіч Бірала», — паведамляюць цікаўнаму спадарожніку гранітныя літары.


Пад­час ад­крыц­ця ме­ма­ры­яль­най дош­кі За­ха­ру Бі­ра­лу.

Захара Біралу ведаюць не толькі на Міншчыне. Паэт, сатырык у беларускай літаратуры след пакінуў прыкметны. Запомнілі яго і як таленавітага настаўніка — амаль 30 гадоў Захар Бірала выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер Мар'інагорскі аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е. Лабанка). Менавіта там урачыста адзначылі 110-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.

Лёс Захара Біралы нельга назваць зайздросным. Нарадзіўшыся ў 1906 годзе ў вёсцы Раўнаполле (цяпер Пухавіцкі раён), ён зведаў усе цяжкасці свайго часу. Па-першае, з'явіўся на свет у шматдзетнай сям'і — 16 дзяцей! Сям'я была небагатай, таму трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Знайшоўшы вольную гадзінку, Захар пісаў вершы. Яго першыя творы пачалі з'яўляцца ў газеце «Беларуская вёска». Неўзабаве імя Захара Біралы прагучала і на старонках рэспубліканскай прэсы.

— Ён меў адукацыю ў чатыры класы: хацеў вучыцца далей, але школу закрылі, — расказвае дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр ПРАНОВІЧ. — Быўшы адораным, пачаў пісаць вершы, прыпеўкі і вёз іх у Мінск. Там яго заўважыў Кузьма Чорны і дапамог таленавітаму юнаку ўладкавацца на рабфак. Пасля Захар Бірала атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў настаўнікам.

Яго першы зборнік «Смех і радасць вёскі» выйшаў пад псеўданімам Бульбянік яшчэ да вайны — у 1929 годзе. У 1930-я гады маладога паэта не мінулі рэпрэсіі. Кажуць, што Захар Бірала пакрыўдзіў вучня, які і напісаў на свайго настаўніка данос. Ёсць і іншая версія: быццам была настаўніцкая справа, па якой арыштавалі не яго аднаго. Магчыма, паўплывалі на гэта і вершы, у якіх Захар Бірала, што называецца, рэзаў праўду-матку.

— Захар Бірала быў чалавекам моцнага духу, таму, пасля таго як яго арыштавалі, рукі ён не склаў, — гаворыць выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Мар'інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е. Лабанка Алена СВІРЫДАВА. — І калі да яго ў турму прыйшла сястра, ён перадаў той запіску, у якой было напісана: «Я не вінаваты. Шукайце праўду». Тым не менш ён быў асуджаны на 8 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці, дзе працаваў на лесанарыхтоўках. Але неўзабаве праўда высветлілася, паклёпнікі былі пакараны.

Вызвалілі Захара Біралу ў 1940 годзе. Праўда, не рэабілітавалі (гэта адбылося толькі ў 1958-м). Але ўсё роўна да яго вярнуўся давер, і настаўніку дазволілі нават жыць у Мінскім раёне. Тут, у вёсцы Сенніца, ён і настаўнічаў.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, Захар Бірала вярнуўся да бацькоў. Старым патрэбна была дапамога па гаспадарцы. Калі Беларусь была вызвалена, яго прызвалі ў войска. Ваяваў на тэрыторыі Польшчы. Моцна паранены, у 1945-м вярнуўся дадому. Сярод яго ўзнагарод — ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй».

Жыў і настаўнічаў Захар Якаўлевіч у пасёлку Мар'іна. Зноў пачаў пісаць. У свет выйшлі яшчэ чатыры зборнікі яго вершаў. Апошні — «Ружы і крапіва». На 74-м годзе жыцця Захара Біралу прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Дарэчы, так склалася, што аднойчы Захар Бірала замяняў настаўніцу ў школе, дзе вучыўся цяперашні дырэктар Мар'інагорскага каледжа. Васіль Усцінчык і сёння памятае, што ні разу не чуў, каб паэт размаўляў па-руску. Дарэчы, Захар Якаўлевіч даў дарогу ў літаратуру такому беларускаму пісьменніку, як Уладзімір Глушакоў, які некалі быў яго студэнтам.

У сям'і Захара Біралы, дзе выхоўвалася двое дзяцей, празаікі і паэты былі частымі гасцямі. Дзеці і сёння ўспамінаюць тыя цудоўныя вечары, калі да іх прыходзілі Сяргей Грахоўскі, Анатоль Астрэйка, Станіслаў Шушкевіч і іншыя творцы.

— Бацька вельмі хацеў, каб мы былі адукаванымі, сумленнымі людзьмі, якія ўвесь час працавалі на карысць нашай Радзімы, — кажа дачка паэта Марыя ПЯЧУРА. — Ён вельмі любіў Беларусь, сваю зямлю, нягледзячы на тое, што зведаў рэпрэсіі. Тата вельмі любіў складаць букеты, даглядаць сад. Ён казаў так: «Не зламалі мяне ні выпрабаванні, ні пакуты. Я люблю сваю справу і не пакіну яе да апошніх дзён, бо творчасць — аснова майго жыцця».

«Яго мяккасць, інтэлігентнасць, павага да людзей была прывіта і нам», — сцвярджае сын Аляксандр.

Захара Біралы не стала ў 1993 годзе. Але памяць аб ім жыве і сёння. Жывуць і яго вершы. Некалькі з іх падчас сустрэчы прачыталі і студэнты аграрна-тэхнічнага каледжа.

kanyuta@zvіazda.by

Пухавіцкі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Ружы і крапіва Захара Біралы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».