Вы тут

Ігнатавы пуцявіны


Юры Станкевіч. Паўночны вецер для спелых пладоў. — Мінск: Галіяфы, 2015. — 248 с.

Прозу Юрыя Станкевіча заўсёды чытаць няпроста. Ён згушчае фарбы, аддаючы перавагу цёмным адценням, малюе брутальныя і наўмысна грубыя вобразы, нібыта высякае іх з граніту, піша вялікімі і крыху неахайнымі мазкамі. Але ідэі, думкі, якія, як травінкі, прабіваюцца праз глыбы і слаі аўтарскага ўяўлення, паказваюць нам іншы бок твораў. Падкрэсліваюць крохкасць і неверагодную істотнасць шчасця і гармоніі, суладззя з усім светам і з самім сабой.


Вось і ў новай кнізе твораў Ю. Станкевіча, загалоўным для якой стаў раман «Паўночны вецер для спелых пладоў», на першы план зноў выходзіць чалавек, здольны супрацьстаяць цяжкасцям існавання, які ўмее па цаглінках будаваць свой характар, сваю «самасць». Папярэдне мяркуючы па аб'ёме рамана — усяго 116 старонак, — чытач можа здзівіцца аўтарскаму вызначэнню жанру. У беларускай літаратурнай традыцыі такі твор сціпла назвалі б аповесцю. Але ж у дачыненні да гэтага тэксту варта кіравацца не колькасцю старонак, а значнасцю падзей у жыцці герояў. Тут мы назіраем, як за кароткі тэрмін — усяго два гады навучання ва ўніверсітэце — галоўны герой рамана Ігнат з інфантыльнага студэнта ператвараецца ў смелага мужчыну, здольнага будаваць сваё шчасце і змагацца за свае перакананні.

Так, з галоўным героем рамана Ігнатам Мазурам чытач сустракаецца ў адзін з пераломных перыядаў яго жыцця. Гэта час, калі навучэнец філфака вырашыў усё ж выбраць прафесію журналіста і, скарыстаўшыся магчымасцю, перавёўся на адпаведны факультэт. А тут усё па-іншаму. Многа студэнтаў з замежжа, шмат тых, хто мае грошы і знаходзіцца ў сваяцкіх стасунках з кіраўніцтвам... Сціпламу Ігнату, ураджэнцу беларускай глыбінкі, якога цяжкахворая маці выхоўвала адна, даводзіцца не проста прыстасоўвацца да наваколля, заводзіць новыя знаёмствы, але і шукаць сябе.

Здаецца, празаік наўмысна выпрабоўвае свайго героя на трываласць, нібыта назірае за тым, ці здолее ён справіцца са складанымі калізіямі, захаваць твар і зберагчы ўласную годнасць. Бясконцыя экзамены па прадметах, якіх Ігнат не разумее і нават не імкнецца зразумець, канфлікты з аднагрупнікамі, нават арышт на трое сутак... Халодны паўночны вецер, які служыць сімвалам жыццёвых выпрабаванняў і пакут, з кожнай наступнай старонкай становіцца ўсё больш і больш марозным, ператвараючыся ў сапраўдны сівер. Здаецца, што Ігнат не знойдзе ў сабе сілы, каб жыць далей, адшукаць каханую ў далёкім горадзе і разам з ёй наладзіць дабрабыт.

Бо ці магчыма студэнцкія гады ўявіць без кахання, стасункаў, якія могуць скончыцца адразу па атрыманні дыплома, а могуць доўжыцца і ўсё жыццё? Вось перад Ігнатам, якому надзвычай лёгка закахацца ў прывабную дзяўчыну, напрыканцы навучання ва ўніверсітэце паўстае выбар: Юля ці Света? Бесклапотнае жыццё з забяспечанай сям'ёй будучай жонкі ці фінансавая нявызначанасць, але прысутнасць самага блізкага чалавека?

Разам з Ігнатам чытач не толькі намацвае жыццёвы шлях, але і разважае, вучыцца. Ён спасцігае модныя філасофскія і біялагічныя тэорыі. Напрыклад, пра тое, што галоўнае ў існаванні чалавека — энергія зорак, якая запаўняе ўсё на свеце. Што вучэнні Маркса і яго «Капітал» не маюць нічога агульнага з жыццём і яго вартасцю... Часам галоўны герой настолькі глыбока заблытваецца ў павуцінні ўласных страхаў, разважанняў і сумненняў, што знайсці выйсце яму дапамагае толькі... дзённік. І сапраўды, запісы, якія студэнт Ігнат міжволі робіць у сваім нататніку, дзе сам сабе распавядае пра падзеі з мінулага, спрабуе адшукаць рашэнне актуальных пытанняў, нават пераказвае падзеі жыцця, становяцца тым неабходным ключом да разумення рэчаіснасці.

Халодны вецер з поўначы можа прынесці хваробы і клопаты, а можа стаць неверагодным натхненнем, чыстым глытком свежага паветра. Вось і Ігнату Юрый Станкевіч не проста падрыхтаваў комплекс пакутлівых момантаў, але прывёў яго да разумення: часам у жыцці важна зрабіць наступны крок і працягваць жыць, бо ёсць толькі адна сапраўды істотная жыццёвая сцежка. Трэба яе намацаць — і смела крочыць далей.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».