Надыходзіць каляндарная вясна — самы лепшы перыяд, каб аднавіць вітамінны баланс арганізма пасля зімы. Вядома, найлепшы спосаб — увесці ў рацыён больш садавіны і гародніны. Карэспандэнт «Звязды» накіраваўся на сталічны Камароўскі рынак, дзе хапае як айчыннай, так і прывезенай прадукцыі.
Пачынаем, вядома, з гародніны. Самы запатрабаваны прадукт — беларуская бульба, цана на яе пачынаецца ад 5 тысяч за кіло. Трохі даражэй каштуе морква — ад 7 да 10 тысяч. Уражвае розніца ў цэнах на памідоры: ад 10 да 15 тысяч за беларускія, 45—55 тысяч за прывезеныя. Рэкардсмен — таматы дробнага гатунку, за іх просяць 60 тысяч. Высокія цэны на гуркі, айчынныя абыдуцца ў 45 тысяч за кілаграм.
Для аматараў страў з капусты раздолле: 8 тысяч за кіло белакачаннай, 25 — за пекінскую, а найдаражэйшая іх каляровая «сястра» — аддаюць за 70 тысяч. Пэўна, на веснавым стале будуць дарэчы і салаты. Самая распаўсюджаная — латук, бюджэтны варыянт у выглядзе гатунку «Рамэн» каштуе 10 тысяч за пучок, ёсць і даражэйшыя, за 15 тысяч. Дадаём да салаты каляровыя перцы — вось і гатовы вітамінны кактэйль. Праўда, бюджэт такая страва абцяжарыць, каштуюць салодкія прыгажуны ад 80 да 100 тысяч за кілаграм. Калі салата без цыбулі для вас непрымальная, можна набыць і яе па 12—15 тысяч за кіло.
Грыбы на рынку прадаюцца ў асноўным сушаныя, нізка баравікоў на вяровачцы абыдзецца ад 100 да 220 тысяч. А вось свежыя шампіньёны каштуюць ад 35 да 45 тысяч.
Пераходзім да садавіны. Просты, але багаты вітамінамі варыянт — яблыкі. Цэны моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад гатунку і паходжання, але ў асноўным вагаюцца паміж 20 і 25 тысячамі. Аналагічна каштуюць і грушы. Прыгажуны-бананы абыдуцца ў 20 тысяч за кіло, але можна знайсці іх і па 10 тысяч — з чорнымі плямамі на скурках. Сярэдні кошт апельсінаў — усё тыя ж 25 тысяч, мандарыны абыдуцца трохі даражэй — каля 30.
Шмат на прылаўках вінаграду, у асноўным ён каштуе 30—40 тысяч за кіло, але за самыя буйныя і салодкія ягады прыйдзецца выкласці ўжо 55. Спелая хурма таксама добра каціруецца — шмат гатункаў па розным кошце, але ў сярэднім кілаграм ласунку аддаюць за 30 тысяч. Ківі можна ўзяць за 30 тысяч, незвычайны гатунак пад назвай «сунічны» каштуе трохі даражэй — 35. Канцэнтраваны вітамін С у выглядзе лімона аблегчыць кашалёк на 50 тысяч рублёў. І зноў лічба 25 — гэта кошт кілаграма гранатаў.
Попытам карыстаюцца і сухафрукты, іх тут — на любы густ. Фінікі каштуюць 45 тысяч за кіло, курага — ад 80 да 100. Ёсць і гатовыя сумесі з розных сушаных фруктаў і ягад, цэны на іх вагаюцца ад 60 да 150 тысяч. Магчыма, некаму прыйдуцца даспадобы арэхі: 260 тысяч за кіло кеш'ю, 340 — за міндаль.
Лічыльнік «Звязды»
(Сярэдняя цана за кілаграм, калі не пазначана іншае)
Сала дамашняе, салёнае — 100 тыс.
Свіная грудзінка вэнджаная —
95 тыс.Свіны філей — 160 тыс.
Ялавічына — 120 тыс.
Сальцісон «Хатні» — 95 тыс.
Цялячая грудзінка — 100 тыс.
Ялавічная пячонка — 55 тыс.
Бараніна на рэбрах — 75 тыс.
Паляндвіца — 90 тыс.
Фарш са свініны і ялавічыны —
60 тыс.Тушка труса — 125 тыс.
Бужаніна — 120 тыс.
Курыная грудка — 40 тыс.
Курыца — 35 тыс.
Скумбрыя вэнджаная — 160 тыс.
Селядзец слабасалёны — 60 тыс.
Яйка курынае (дзясятак) —
17,5 тыс.Сыр «Галандскі» — 85 тыс.
Алей (бутэлька) — 25 тыс.
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.