Вы тут

Па сваім маршруце...


Ёсць у нашых людзей такая звычка: казаць, папаўняючы гардэроб новым касцюмам, або, як у выпадку з жанчынамі, сукенкай ці модным жакецікам (пералічваць рэчы можна доўга): «Гэта на выхад». Маецца на ўвазе — на выхад у госці, у тэатр ці проста ў горад. На людзі, адным словам. А калі такі выхад не надарыцца — што тады? Касцюм той так і правісіць, ніводнага разу не апрануты, акрамя, вядома, таго, што быў падчас прымеркі?


«На выхад» — пагадзіцеся, нешта ёсць у гэтых простых на першы погляд словах, што падкрэслівае нашу ашчаднасць, беражлівасць і... значнасць. Бачыце, у мяне новы касцюм, так што, спадарства, дазвольце на вас паглядзець і сябе паказаць. Урачыстасць моманту прысутнічае, і ад гэтага нікуды не дзенешся.

Гадоў колькі назад мая вясковая суседка цётка Ганна адзначыла сямідзесяцігоддзе. Сабраліся дзеці, павіншавалі маці, шчодра адарылі зусім не таннымі падарункамі. Старая потым хвалілася суседкам, якія збегліся на другі дзень, каб паглядзець, на што варты яе дзеці — ці не скупыя? Паказваючы падарункі, імянінніца каменціравала:

— Гэтую квятастую хустку Надзя прывезла. Прыгожая ж, праўда? Туфелькі — ад Мішы. Мякенькія, лёгенькія. Хоць у танец пускайся. У-ух! Спадніцу Маруська прывезла. Новенькая, яшчэ нават з этыкеткай была, я сама адарвала. Можа, думала дзеўка, малая будзе, то прадам каму. Дзякуй дзецям, не забыліся. Цяпер у мяне ёсць усё на выхад...

Ніхто не прыгадае, ці апранула хоць раз тыя падарункі сваіх дзяцей суседка. Мабыць, не. Мабыць, не было куды ёй выйсці ў такім вось убранні. Ды і куды прыгожа апранешся ў вёсцы? У хлеў да каровы? У краму хіба, калі хлеб прывозяць? Але ж засмяюць: ты куды гэта, скажуць, Ганна, прыбралася? Але добра запомнілі жанчыны-суседкі: калі хавалі Ганну, усё, чым яна хвалілася, было на ёй. І хустка, і туфелькі, і спаднічка...

Тое быў яе выхад. Апошні. Дачакалася...

* * *

Лідзія Восіпаўна жыве з дачкой Таццянай, муж пакінуў іх даўно, упадабаў іншую жанчыну, і таму ўвесь галоўны клопат па выхаванні дзяўчынкі лёг на плечы маці. Тая і старалася, як магла: заўсёды апранала Танюшу так, каб выглядала не горш, чым у поўных сем'ях, а можа, яшчэ лепш. Пакуль жылі старыя, не забываліся пра ўнучку і яны. Асабліва спатрэбілася іх дапамога, калі Таццяна вырасла і паступіла на факультэт замежных моў мясцовага ўніверсітэта. Трэба адзначыць, што замежныя мовы Таццяне даваліся лёгка, і ўжо на пятым курсе яна свабодна валодала англійскай і французскай. Папрацавала пасля заканчэння вучобы некалькі месяцаў у школе, а потым уладкавалася — без асаблівых праблем — у турыстычную фірму гідам.

Здавалася б, толькі і радавацца маці, а яна бядуе, скажа іншы раз то адной сяброўцы, то другой:

— Засядзелася ў дзеўках мая Танька. Не ведаю нават, ёсць у яе хто ці не. Толькі спытаю пра гэта, а яна адразу: «Ай, адстань, мама!» Калі ж размаўляе па тым скайпе са сваімі жаніхамі не па-нашаму, я нічога не разумею. Вывучыла на сваю галаву!..

* * *

Пра сваіх суседзяў — галубоў — вядучы майстра сцэны Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Лаўрыновіч можа расказваць доўга.

— Ледзь толькі адчыню акно, яны тут як тут, — гаворыць ён. — І што цікава, быццам і не відаць іх перад гэтым... Значыць, сочаць за маім акном, так атрымліваецца... А бывае, апісваюць кругі над скрыжаваннем вуліцы Сялянскай і праспектам Леніна, паблізу ад майго дома, я бачу гэта, але не паказваюся. Потым мне робіцца шкада птушак, і я заяўляю пра сябе. Чым кармлю? Побач жа гарадскі рынак, хаджу колькі разоў на месяц з торбачкай, купляю зерне — у асноўным проса. Проса яны любяць. Нічога, не пабяднеем мы з Люсяй (Людміла Корхава, народная артыстка Беларусі), няхай сілкуюцца. Асабліва стараюся падтрымаць іх узімку, калі карміцца галубам няпроста. Нясу «выдаткі» я толькі ў адным, калі гэта можна так назваць: часцей, чым трэба, мыю падаконнік. А ён жа ў мяне вунь які — з казырком на ўсю кватэру. Затое, калі іду з рэпетыцыі, трохі стомлены, бывае, ды і не ў лепшым настроі, варта паглядзець на птушак, якія, здалёк запрыкмеціўшы мяне, табуняцца каля акна, — настрой адразу робіцца добрым. Жывыя ж істоты мы, што ты хочаш: і яны, як і чалавек, ведаюць, дзе ласка, пяшчота і дабрыня, а дзе — жорсткасць, нахабства, абыякавасць...

У той дзень мы разам убачылі галубоў — якраз Аляксандр падыходзіў да свайго дома, туды ж падляталі і птушкі.

— Чакаюць, — з нейкім непрыхаваным гонарам кіўнуў Аляксандр Сафронавіч і падаў руку на развітанне: яго чакалі галубы.

І ён заспяшаўся да іх.

* * *

У цудоўным апавяданні Міхася Стральцова «На чацвёртым годзе вайны» ёсць наступныя радкі: «Бабуля — высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам — адсцябала матузамі малога ўнука за тое, што паабшчыпваў, не дачакаўшыся вячэры, акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба».

Не помню ўжо добра, чым адсцябала мяне бабуля Пелагея, калі я нейкім чынам сцібрыў перад яе пільным вокам акраец хлеба і вынес яго за вугал хаты, дзе мяне ўжо чакаў Васька Мурашоў, трохі старэйшы за мяне хлапец. Вось такі час быў: кожная крошка бралася ў сям'і на ўлік, іначай, магчыма, і не выжылі б. Скажы сёння пра гэта сваім сынам ці ўнукам — хіба павераць?

Не ведаю, ці помніў пра той выпадак Васька Мурашоў, неяк я пра гэта не пытаўся, а сёння — позна: няма ўжо яго на гэтым свеце.

Не ўсе ваенныя і пасляваенныя хлопцы пражылі доўга, на вялікі жаль: ім, мусіць, у свой час не хапіла тых самых хлебных крошак, за якія адсцябала бабуля свайго ўнука ў апавяданні Міхася Стральцова, за што і я атрымаў ад сваёй трапкача. Не хапіла — каб набрацца моцы, зрабіць трывалы жыццёвы падмурак.

Тады ж, у пасляваенны час, у вёсках нарадзілася і слова «варголы». Падзяліце яго на два: на назоўнік «вар» і прыметнік «голы». Цудоўнае на першы погляд слова, прыгожае, толькі аддае нішчымніцай...

* * *

Сем гадоў, пражытых у Ашхабадзе, не выкрасліш з жыцця. Многае засталося ў памяці і, пэўна, надоўга. На той час існаваў СССР, а першым сакратаром ЦК Туркменістана быў Мухамедназар Гапуравіч Гапураў. Высокі, падцягнуты, заўсёды педантычны, разважлівы. Я яго ведаў па шматлікіх здымках у газетах і дзякуючы тэлебачанню, а таксама бачыў на трыбуне — калі ў Ашхабадзе, як і паўсюдна, шырока і ўрачыста адзначалася гадавіна Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, я чаканіў крок у афіцэрскай калоне і касіў адным вокам на кіраўніка рэспублікі...

Некалькі гадоў таму я пабываў у сталіцы сонечнага Туркменістана, прагуляўся па зацененых вуліцах горада. На адной з іх сустрэў старога туркмена, які нетаропка ішоў насустрач, быў у карычневым касцюме і такога ж колеру капелюшы. І тут я аслупянеў у прамым сэнсе гэтага слова — насустрач мне ішоў... не хто-небудзь, а сам Гапураў. Я не разгубіўся — павітаўся. Ён адказаў, змерыў мяне уважлівым позіркам, і можа б адразу пакрочыў далей, калі б не мая настырнасць: «Прабачце, вы не Гапураў?» — «Так, я. А хто вы?»

Усяго некалькі хвілін мы пагаварылі, але я паспеў расказаць яму пра Беларусь і крышачку пра сябе, пацікавіўся, чым займаецца цяпер вядомы ў рэспубліцы (і, перакананы, далёка за яе межамі) пенсіянер, і развіталіся. Найбольш запомнілася мне тое, што ён вельмі цёпла адазваўся пра Беларусь і беларусаў. Быў шчыры і я, бо туды, дзе табе было некалі кепска і няўтульна, не вяртаюцца...

* * *

Самыя розныя выпадкі здараюцца ў дарозе. Самыя розныя...

Калі быў вучнем Ісканскай васьмігодкі, то ў Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» прачытаў вельмі кароткую нататку, але запомніў яе на ўсё жыццё. Называлася яна «Чалавек — чалавеку». І была вось аб чым. Аўтобус падыходзіў да прыпынку «Вараніно», а якраз у гэты час ад «Вараніно» адышоў рэйсавы на Магілёў.

— Ай-я-яй! Якую б адну хвіліну — і я б паспела! — захвалявалася адна з пасажырак. — А ў мяне ж другая змена на фабрыцы — магу спазніцца. Што ж рабіць, а? У маці была, бульбу ёй выкапала. Усё роўна дзве баразны засталіся, магла б раней выбрацца. Ці не дурніца, а? — Жанчына кідала кароткія позіркі на людзей,нібыта шукала ў іх не толькі дапамогі, але і спагады: — Ай-я-яй!...

Вадзіцель раптам павярнуўся тварам да пасажыраў:

— Ну што, выручым жанчыну?

— Канешне! — амаль адзінагалосна адказалі тыя.

І вадзіцель дабавіў «газу», хоць яму і трэба было рабіць паварот налева, і неўзабаве заехаў наперад магілёўскаму аўтобусу — тая жанчына спакойна перасела на яго...

Гэтай жа гісторыі быў сведкам я сам. І няхай яна крышачку з «перчыкам», аднак выхадка вадзіцеля амаль усім спадабалася, той-сёй нават запляскаў у далоні. На заднім сядзенні двое мужчын рашылі выпіць па сто грамаў. За сустрэчу, відаць. Адкаркавалі бутэльку, а ў шклянку наліць не атрымліваецца — дарогі тады былі яшчэ не так добра-гладка выштукаваны: расплёскваюцца кроплі, як ты ні старайся.

Раптам аўтобус сцішыў ход, а потым і зусім спыніўся. Вадзіцель, паглядаючы ў сваё люстэрка, у якім бачыў выпівох, сказаў даволі карэктна, хоць і гучна:

— Выпіце, мужыкі, а то паразліваеце!..

Я таксама, здаецца, паапладзіраваў шаферу — за клопат пра сваіх пасажыраў... Ды і народ ён крышачку павесяліў. А лішніх усмешак на тварах у людзей не бывае...

* * *

Сцяпан Сцяпанавіч гадоў колькі назад адпачываў у адным з санаторыяў Беларусі. За адным сталом з ім сядзелі тры жанчыны. Адну з іх запомніў ці не на ўсё жыццё: гарадская, з выгляду так нічога і заўсёды знойдзе што сказаць, параіць. Паколькі ў тым санаторыі адпачывалі ў асноўным людзі паважанага веку,то і суседцы па стале Сцяпана Сцяпанавіча было гадоў пад семдзесят — не меней. Яна мала расказвала пра сябе, больш пра дзяцей і ўнукаў: якія яны ў яе малайцы — вы толькі б ведалі! Ну, а хто ў нас пра сваіх дзяцей на людзях будзе абы што казаць? Справа вядомая.

Кожны раз, падсілкаваўшыся ў сталоўцы, яна несла з сабой у нумар што-небудзь з ежы: гэта — коціку, гэта — сабачку, гэта — суседцы, бо захварэла. І так з дня ў дзень.

Ад'язджала тая гарадская краля на дзень раней тэрміну, надзвычай паспешліва, а рэчы да аўтобуса папрасіла памагчы аднесці двух іншых суседак па стале. Прыйшоўшы на вячэру, тыя не пераставалі здзіўляцца: а што гэта яна павезла ў сваіх торбах, бо ледзьве дапёрлі ўтрох? Хіба цагліны якія?

Сцяпан Сцяпанавіч часта ўспамінае пра той выпадак з цяжкімі торбамі і шкадуе, што іншы раз «добрая мысля прыходзіць апасля». Хоць, мусіць жа, жанчыны і самі здагадаліся аб усім ды не хацелі яму гаварыць... Бо сапраўды ж — ніводнага разу яны не бачылі, каб тая кабета хоць нешта з узятага посуду прынесла назад у сталоўку...

Васіль Ткачоў

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».