Вы тут

Даіць кароў — прафесія не толькі жаночая


У гэтым пераконвае сваёй працай аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Вігушкі» сельгаскааператыва «Умястоўскі» Іўеўскага раёна 29-гадовы Аляксей КАРНІЛАЎ. А прыклад яму паказала мама Валянціна Васілеўна, якая, дарэчы, доўгі час пражыла ў горадзе.


Апе­ра­та­ры ма­шын­на­га да­ен­ня  Ва­лян­ці­на Ва­сі­леў­на і Аляк­сей Кар­ні­ла­вы.

З самымі блізкімі адзін для аднаго людзьмі, а таксама калегамі мы сустрэліся на ферме падчас іх перапынку. У той дзень яны, як звычайна, прыйшлі на работу а 5-й гадзіне раніцы, а дахаты вернуцца ўвечары, пасля трэцяй дойкі. Наступны дзень — выхадны, паслязаўтра ім зноў — на ферму.

Тут, на ферме «Вігушкі», яны працуюць трэці год, а ўвогуле Валянціна Васілеўна прафесійна доіць кароў ужо 20 гадоў, у Аляксея стаж таксама салідны — практычна пасля заканчэння школы. Цяпер гэта здаецца ім натуральным, быццам інакш не магло і скласціся. Хоць у Расіі, у Краснаярскім краі, дзе нарадзіўся Аляксей, яны былі гарадскімі жыхарамі і наўрад ці бачылі сябе ў гэтай прафесіі. Такі нечаканы паварот адбыўся, калі сям'я вярнулася на малую радзіму мамы ў Беларусь. Спачатку жылі ў Воранаўскім раёне, дзе Аляксей закончыў школу, потым пераехалі на Іўеўшчыну.

— Калі я ўпершыню прыйшла на ферму, то кароў баялася. Памятаю, ад адной, не надта «ветлівай», нават драпака давала. Але чалавек да ўсяго прызвычайваецца — абы жаданне, — кажа Валянціна Васілеўна.

Пасля школы Аляксей вывучыўся ў ліцэі на слесара, а затым паступаў у аграрны каледж на спецыяльнасць ветэрынарнага фельчара, аднак не хапіла літаральна аднаго бала. Тады і вырашыў заняцца справай, з якой быў знаёмы яшчэ з дзяцінства, дапамагаючы маме даглядаць свойскую жывёлу. Ды і на ферме ёй Лёша дапамагаў яшчэ школьнікам. Калі ж прыйшоў на пастаянную працу, то Валянціна Васілеўна аддала яму сваю групу кароў, а сама стала падменнай даяркай. Аляксей так добрасумленна ставіўся да работы, што выдатна асвоіў, пэўна, самы складаны ў малочнай жывёлагадоўлі працэс — раздойвання першацёлак.

— Нават мясцовыя жыхары пасля яго жывёлу забіралі, — ганарыцца сынам Валянціна Васілеўна.

Ферма, дзе яны цяпер працуюць, — не самая перадавая, аднак за апошнія гады ўмовы працы тут значна палепшыліся. Гэта тычыцца і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, і камп'ютарнага ўліку надояў ад кожнай каровы. Зрэшты, нават на суперсучасных, рабатызаваных комплексах асноўным заўсёды, напэўна, будзе ўсё ж менавіта чалавечы фактар.

— Самае галоўнае — адносіны да жывёлы. І даенне, і догляд. Жывёла не гаворыць, але ўсё адчувае, разумее, як чалавек да яе ставіцца. І ты павінен яе разумець, — лічыць Аляксей.

— А можна заўважыць, што карова дрэнна сябе адчувае?

— Канешне. Здараецца, нават не па колькасці малака, а па поглядзе каровы, нейкай млявасці можна вызначыць, што з ёй нешта кепскае. І тады трэба адразу ж паведаміць урачам. Ад такога ўзаемаразумення залежыць добрае самаадчуванне жывёлы і, адпаведна, удой, — лічыць Аляксей.

Невыпадкова ж бывае, што не ў кожнай даяркі атрымліваецца нармальна падаіць чужую групу кароў.

Аляксей, як падалося, чалавек сціплы, немнагаслоўны, аднак калі размова тычыцца жывёлы, то голас быццам цяпляе. І гэта зусім не паказушна, не «для прэсы».

— Бачылі б вы, як Лёша сам-насам размаўляе са сваімі жывёламі. «Любачка мая, прыгажуня». Некаторым любіміцам нават мянушкі прыдумаў, — расказвае Валянціна Васілеўна.

Дробязі? Не! Бо калі нейкую тэхнічную непаладку можна выправіць, то прымусіць чалавека з душой ставіцца да жывёлы немагчыма. Ні Валянціну Васілеўну, ні Аляксея прымушаць не трэба.

Да тэмы

Падумалася: можа, Аляксей Карнілаў, працуючы аператарам машыннага даення, сярод прадстаўнікоў моцнага полу ледзь не «адзіны з магікан» на Гродзеншчыне? Адпаведная гендэрная статыстыка не вядзецца, аднак у аддзеле кадраў Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама ўсё ж паведамілі такую лічбу: па стане на красавік мінулага года ў гаспадарках вобласці сярод аператараў машыннага даення 31 — мужчыны. Мо зараз і больш?

prakopchіk@zvіazda.by

Іўеўскі раён

Фо­та Ста­ні­сла­ва ЗЯН­КЕ­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Прыклад паказала мама

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.