Вы тут

Рабіць стаўку на іпатэку


А новыя нормы Указа №460 дазволяць сіротам атрымліваць ільготныя крэдыты на жыллё ўжо і без чаргі

Яшчэ ў першай дэкадзе лютага ўрад краіны запатрабаваў ад усіх структур падрыхтаваць прапановы па «аптымізацыі крэдытавання дзяржаўных праграм». Асобна Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручылі да 1 сакавіка распрацаваць альтэрнатыву льготным крэдытам. Таксама з першых дзён вясны ў сілу ўступаюць змены ў механізм ільготнага крэдытавання будаўніцтва жылля, якія зацверджаны Указам №460. Растлумачыць механізм новаўвядзенняў паспрабавалі начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Аляксандр Горваль, начальнік аддзела юрыдычнай работы міністэрства ЖКГ Наталля Кухарчык і кансультант упраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Іна Пінкоўская.


Заданне паменшылі да 4 млн «квадратаў»

Адразу Аляксандр Горваль нагадаў, што летась у краіне было пабудавана 5 млн 54,6 тысячы квадратных метраў жылля, што складае 126,4% да гадавога задання. Не выканана заданне толькі Гродзенскай вобласцю (96,8%). Пры гэтым аб'ём ільготных крэдытаў на будаўніцтва жылля ў параўнанні з 2014 годам скараціўся на 40% — з 10,9 трлн да 7,3 трлн рублёў. Увод у эксплуатацыю жылля для грамадзян з дзяржпадтрымкай склаў 1млн 610,2 тысячы квадратных метраў.

Палітыка міністэрства па ўтрыманні кошту будаўніцтва ў 2015 годзе дазволіла атрымаць індэкс будаўніча-мантажных работ на ўзроўні 102,9% (прагнозны індэкс Мінэканомікі — 108,7%) пры індэксе спажывецкіх цэн 113,5%. Гэта сур'ёзны паказчык, аднак...

Аб'ёмы дзяржаўнай падтрымкі на гэты год яшчэ скарацілі (да 4,8 трл рублёў), таму было зменшана і заданне на 2016-ты да 4 млн квадратных метраў жылля. Вынікі першых двух месяцаў года паказваюць нядрэнныя тэмпы — было пабудавана 643 тысячы квадратных метраў, што складае 16,5% ад гадавога задання.

Больш за ўсё жылля прагназуецца ўзвесці ў Мінскай вобласці — 1,1 млн «квадратаў». Жылыя дамы (кватэры), агульная плошча якіх складзе 191,2 тысячы квадратных метраў, плануецца пабудаваць для 2194 шматдзетных сем'яў.

Па лініі арэнднага жылля сёлета плануецца пабудаваць 127,2 тысячы квадратных метраў. Дарэчы, большую долю арэнднага жылля пабудуюць у Гродзенскай вобласці — 53 тысячы «квадратаў», а ў Мінску ўзвядзенне жылых дамоў (кватэр) для прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання не прадугледжана ўвогуле.

Будаўніцтва жылых дамоў у гарадах-падарожніках будзе весціся ў Жабінцы (Брэсцкая вобласць) і Скідзелі (Гродзенская вобласць) — усяго для 241 грамадзяніна.

Аб'ём дзяржпраграмы на пяцігодку залежыць ад рэсурсаў

Аляксандр Горваль адзначыў, што спецыялістамі цяпер дапрацоўваецца дзяржаўная праграма жыллёвага будаўніцтва на 2016—2020 гады. Чакаецца, што гэты дакумент будзе складацца з дзвюх падпраграм, якія тычацца непасрэдна ўласна жыллёвага будаўніцтва і будаўніцтва інфраструктуры для жылля.

Паводле слоў Аляксандра Горваля, праграма прадугледжвае, што да 2020 года ў краіне будзе будавацца не менш як 3,5-4 млн квадратных метраў жылля штогод. Пры наяўнасці большага аб'ёму льготных крэдытных рэсурсаў і пашырэнні іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі аб'ём будаўніцтва жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай, можа павялічвацца. А яшчэ ў дзяржпраграме будуць улічвацца бягучая эканамічная сітуацыя і прагнозы адносна яе далейшага развіцця. «Дакументы прапрацоўваюцца досыць падрабязна, хоць ва ўмовах ваганняў фінансавага рынку гэта зрабіць цяжка», — заўважыў Аляксандр Горваль.

Асаблівую ўвагу ў дзяржпраграме нададуць будаўніцтву энергаэфектыўнага жылля. Цяпер ставіцца задача па пераход на 100-працэнтнае будаўніцтва шматкватэрнага жылля ў энергаэфектыўным фармаце ўжо да канца гэтай пяцігодкі. «Што тычыцца індывідуальнага будаўніцтва, то для іх гэта не будзе абавязковым патрабаваннем — толькі па жаданні», — растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі.

Замест ільготных крэдытаў — ліквідныя ўчасткі і танныя будматэрыялы

Аляксандр Горваль нагадаў, што ў нашай краіне ўжо ёсць закон аб іпатэцы (класічная сістэма, якая дзейнічае ва ўсім свеце), функцыянуе праграма па жыллёвых зберажэннях, якую прапануе адзін з буйных банкаў краіны, у зачаткавых умовах ёсць лізінг. «Усё гэта існуе ў Беларусі, але ёсць праблема высокіх працэнтных ставак па крэдытах, высокай стаўкі рэфінансавання, а гэта не дазваляе выкарыстоўваць падобныя механізмы ў шырокім маштабе», — лічыць спецыяліст.

Ёсць і дадатковыя прапановы, якія цяпер разглядаюцца на стадыі абмеркавання. Напрыклад, гаворка ідзе аб выдзяленні дастатковай колькасці зямельных участкаў у запатрабаваных месцах. Менавіта цікавых участкаў, а не тых, што нярэдка прапануюцца людзям сёння. Пры наяўнасці ўчасткаў узнікае пытанне аб даступных будматэрыялах. Начальнік упраўлення нагадаў, што ў свой час былі льготныя ўмовы па прадастаўленні драўніны на будаўніцтва жылля. Цяпер Мінбудархітэктуры прапануе вярнуцца да разгляду такога пытання. Гэта ж тычыцца і іншых айчынных матэрыялаў: гравію, пяску і гліны. Рэальна прадаваць іх на ўнутраным рынку амаль па сабекошце, лічыць эксперт.

Сярод мер, якія разглядаліся, таксама зніжэнне нагрузкі на забудоўшчыкаў у буйных гарадах, што дапамагло б зрабіць таннейшым будаўніцтва жылля для чаргавікоў.

А для індывідуальных забудоўшчыкаў існуе варыянт па прапанове растэрміноўцы пры куплі будматэрыялаў. Умацаваць кантроль дзяржавы за коштам асноўных айчынных будматэрыялаў на ўзроўні нарматыўных актаў і іншыя.

Сацыяльнае жыллё на 5 гадоў плюс права на льготны крэдыт

Указам №460 у сакавіку пашырана права дзяцей сірот на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё жылля, тлумачыць кансультант упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская.

Раней дзеці-сіроты таксама маглі атрымаць ільготны крэдыт (на 20 гадоў пад 5% гадавых), але дзяржпадтрымка прадастаўлялася ў парадку агульнай чаргі. З 1 сакавіка яны будуць мець права атрымліваць ільготныя крэдыты і субсідыі ў пазачарговым парадку.

А яшчэ цяпер ільготны крэдыт сіротам будзе прадастаўляцца на 40 гадоў пад 1%. Праўда, сацыяльнае жыллё яны будуць атрымліваць толькі на 5 гадоў, а пасля заканчэння гэтага тэрміну можна застацца жыць у кватэры, але яна будзе пераведзена ў катэгорыю арэнднага жылля. Паводле інфармацыі спадарыні Пінкоўскай, пад норму гэтага ўказа падпадаюць каля 12 тысяч сірот у краіне.

Акрамя таго, з уступленнем у сілу ўказа права на першачарговае крэдытаванне пазбаўляюцца грамадзяне, якія пражылі ў інтэрнатах больш за 10 гадоў. З інтэрнатамі пытанне ўвогуле асобнае.

Камерцыйнае жыллё — толькі тым, у каго нічога няма

Начальнік аддзела юрыдычнай працы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Кухарчык патлумачыла, што ўказам №460 таксама прадугледжана магчымасць перавесці інтэрнаты ў арэнднае жыллё кватэрнага тыпу, якое можна будзе прыватызаваць. Пры гэтым права на прыватызацыю будуць мець не ўсе катэгорыі грамадзян.

У сістэме камерцыйнага жылля для першачаргавікоў (грамадзян, якія атрымалі жыллё на перыяд працаўладкавання — маладых спецыялістаў, ваеннаслужачых, суддзяў і іншых) «падрэзалі» льготы. Для іх паніжальны каэфіцыент на арэнднае жыллё з 1 сакавіка будзе прымяняцца толькі на плошчу да 20 квадратных метраў жылля ў разліку на члена сям'і. А калі ва ўласнасці ў першачаргавікоў з'явіцца іншае жыллё, то яны будуць выселены з арэнднай кватэры.

Яшчэ адно змяненне звязана з парадкам акумулявання сродкаў, якія паступаюць у якасці платы за арэнднае жыллё. Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам будуць збіраць гэтыя сродкі на сваіх рахунках і самастойна імі распараджацца.

Некалькі слоў спадарыня Кухарчык сказала і пра завяршэнне прыватызацыі дзяржаўнага жыллёвага фонду. Так, сёння ў Беларусі існуе прыкладна 35,6 тысячы кватэр арэнднага жылля. А па стане на пачатак вясны ў краіне застаецца каля 200 тысяч непрыватызаваных кватэр. Пасля першых дзён ліпеня такое жыллё будзе пераведзена ў разрад камерцыйнага. Аднак нават і пасля гэтай даты жыхары падобных кватэр змогуць прыватызаваць гэтае жыллё яшчэ на працягу года, лічыць Наталля Кухарчык. Справа ў тым, што жылец такога жылля можа падаць адпаведную заяву на прыватызацыю ў жыллёвы аддзел у апошнія дні чэрвеня. Далей працэс прыватызацыі можа зацягнуцца нават на цэлы год.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.