Вы тут

На Дні нараджэння Мінска можна будзе паслухаць Баяна


Так-так, вы не памыліліся: Дзень горада мы адзначалі паўгода таму, у верасні. Але ж у нашай сталіцы ёсць яшчэ адзін, летапісны дзень нараджэння. 949 гадоў таму, 3 сакавіка 1067 года, адбылася знакамітая бітва на Нямізе, у сувязі з якой гістарычны Менск упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах. У той бітве сышліся войскі Яраславічаў — Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага — і войска Усяслава Полацкага, якое было разбіта, а сам князь неўзабаве трапіў у вязніцу. Падзеі тых часоў схаваны глыбока пад зямлёй, авеяны легендамі, ахутаны вэлюмам таямніц. Шмат сплыло вады, не шумяць хвалі Нямігі, не рыпяць вароты мінскай брамы, а спрэчкі аб мінулым дагэтуль не сціхаюць. Дзе знаходзіўся старажытны Менск? Адкуль яго імя? Якія берагі амывала Няміга?


Пашукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні прапануе Музей гісторыі горада Мінска. Трэцяга сакавіка з 18 гадзін у Мінскай ратушы мінчан і гасцей сталіцы чакае сапраўдная містэрыя. Распачне прадстаўленне гусляр — ён будзе ўвасабляць таго самага Баяна, што згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы». Прагучыць і фрагмент «Слова» ў перакладзе Янкі Купалы.

Падрабязней даведацца пра старажытную бітву на Нямізе дапамогуць выступленне знакамітага даследчыка, гісторыка і археолага Сяргея Тарасава і паказ дакументальных здымкаў з раскопак 1984 года. Але няхай вас не палохае перспектыва трапіць на сумную лекцыю: па-першае, сумным выступленне дакладна не будзе, а па-другое, яго зменіць інтэрактыў. Ахвотных праверыць свае веды ў старажытнай гісторыі Мінска чакае музейная гульня з цікавымі падарункамі: гульцы, адпаведна тэматыцы, будуць змагацца ў войску Усяслава Чарадзея і братоў Яраславічаў. Супрацоўнікі музея абяцаюць, што лідары гульні змогуць патрымаць у руках сапраўдныя артэфакты.

Адчуць усё хараство нашай сталіцы дапаможа выступленне мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага — аднаго з найбуйнейшых знаўцаў гарадской архітэктуры. Свае погляды на Мінск прадставяць таксама пісьменнік і журналіст Міхаіл Валодзін (аўтар захапляльнай кнігі «Мінскія гісторыйкі»), краязнавец Вадзім Зелянкоў, экскурсавод Цімафей Акудовіч (арганізатар ужо шмат гадоў любімага мінчанамі і не толькі «Фэсту экскурсаводаў»), журналіст Васіль Сямашка, які нядаўна спусціўся ў калектар і паглядзеў, як цяпер выглядае легендарная рака Няміга.

І яшчэ адзін прыемны момант: уваход на Дзень нараджэння летапіснага Мінска — вольны, адзінае — ахвотным трэба будзе загадзя ўзяць бясплатныя запрашэнні. Атрымаць іх можна ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага па адрасе: пл. Свабоды, 15 з серады па нядзелю з 11.00 да 19.00 (да 3 сакавіка ўключна, але майце на ўвазе: колькасць білетаў абмежаваная).

— Гэта мерапрыемства распачне цыкл «Ад Менска да Мінска: каляндар падзей», — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Марыя КАРАЛЁВА. — Шэраг яго імпрэзаў будзе праходзіць цягам года. Яны будуць прысвечаны гістарычным падзеям Мінска, пра якія мала хто згадвае. Наступнае мерапрыемства адбудзецца 19 сакавіка, яно будзе прысвечана наданню Мінску Магдэбургскага права. У нас будзе інтэрактыўная праграма з чытаннем Права. З гледачоў выберам войта, гараджаніна, бургамістра, рамесніка, сфармуем з іх магістрат. Будзе цікава!

seradzyuk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Горад, што паўстаў з бітвы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».