Вы тут

Калі дзіця картавіць, у яго можа быць кароткая вуздэчка языка


Калі дзіця картавіць, шапялявіць, не прамаўляе «р», «д», «л» і іншыя паднябенныя гукі, калі яму цяжка высунуць язык, а пры адкрытым роце немагчыма дацягнуцца кончыкам языка да верхніх разцоў, у яго можа быць кароткая вуздэчка языка. Праблемы маўлення могуць быць звязаны і з іншымі прычынамі, але і такая анамалія не рэдкасць.


Вуздэчкі ротавай поласці (гэта такія тонкія складкі слізістай абалонкі, якія дадаткова прымацоўваюць язык і губы да ротавай поласці) часам могуць перашкаджаць правільнаму развіццю органаў ротавай поласці. Анамалія іх будовы патрабуе назірання і своечасовага лячэння. Звычайна праблему выяўляюць неанатолагі, педыятры, лагапеды, атарыналарынголагі, стаматолагі і артадонты.

Звязана гэта можа быць як са спадчыннасцю, так і з неспрыяльным вонкавым уздзеяннем на плод (таксікоз, вірусная хвароба, уздзеянне лекаў, нейкіх шкодных рэчываў, нават маміны эмацыянальныя перагрузкі).

Існуе шэраг прыкмет, па якіх можна здагадацца, што з вуздэчкамі нешта не тое. А саміх матуль павінны насцярожыць праблемы падчас груднога кармлення — дзіця проста не можа смактаць. Гэта прыводзіць спачатку да адставання ў росце і вазе, а пазней і да праблем з маўленнем, «выпадзеннем» і скажэннем гукаў. Тут і няправільны прыкус, і запаленне і кроватачывасць дзяснаў, і павышаная адчувальнасць эмалі зубоў, а яшчэ можа быць храпенне і апноэ (кароткачасовае спыненне дыхання ў сне). Больш за тое, нерэалізаваны інстынкт смактання прыводзіць да розных відаў неўрозаў, назойлівых станаў, якія могуць захоўвацца ў чалавека ўсё жыццё.

«Існуюць два спосабы лячэння паталогіі — расцягванне звязкі з дапамогай спецыяльнай гімнастыкі і аператыўнае ўмяшанне, — расказвае ўрач-стаматолаг-артадонт 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Віктар САСНОЎСКІ. — Калі вуздэчка не дазваляе праводзіць грудное кармленне, яна можа быць падрэзаная яшчэ ў радзільні. Працэдура вельмі простая, ажыццяўляецца без болю і мясцовай анестэзіі, бо вуздэчка не мае нервовых канчаткаў. Пасля 9 месяцаў вуздэчка патаўшчаецца і падчас аперацыі патрабуецца ўжо мясцовы наркоз і накладанне швоў. Калі і гэты момант упушчаны, наступным спрыяльным часам будзе ўзрост 2-2,5 гады, а затым — 5».

Калі вуздэчка надта кароткая, праводзіцца не проста яе падразанне, а паўнацэнная аперацыя — пластыка. Выконваецца такое ўмяшанне ў дашкольным або раннім школьным узросце. Пасля пластыкі неабходна займацца з лагапедам для фарміравання правільных маўленчых навыкаў.

Святлана ПРОТАС

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ні «р», ні «л»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».